Нямецкая выведка паведаміла, што Расея рыхтуецца запусьціць у космас «ядзерны» спадарожнік

Касьмічны запуск. Ілюстратыўнае фота
Касьмічны запуск. Ілюстратыўнае фота

У амбасадзе Расеі ў Бэрдіне адпрэчылі «неабгрунтаваныя здагадкі адносна касьмічнай дзейнасьці» Расеі.

Нямецкія СМІ са спасылкай на ацэнкі спэцслужбаў ФРГ і іншых заходніх краін 23 лістапада выступілі са сьцьвярджэньнем, што яшчэ да канца 2026 году Расея плянуе вывесьці ў космас спадарожнік з ядзернай зброяй на борце.

Гэта сьцьвярджаюць у прыватнасьці тэлерадыёкампаніі WDR і NDR, а таксама газэта Süddeutsche Zeitung.

Як піша DW, апарат пад назвай Sputnik-S ужо сабраны, захоўваецца ў Падмаскоўі і гатовы да запуску ў бліжэйшыя тыдні.

Выданні спасылаюцца на ацэнкі бундэсвера і нямецкай выведкі (BND). Сьцьвярджаецца, што ўлады шэрагу краін NATO атрымалі нядаўна адпаведнае папярэджаньне.

У амбасадзе Расеі ў адказ на запыт WDR, NDR і Süddeutsche Zeitung заявілі, што ня маюць інфармацыі аб спадарожніку, а таксама рашуча адпрэчылі ўсе «неабгрунтаваныя здагадкі адносна касьмічнай дзейнасьці» Расеі.

Агенцтва Reuters, якое таксама зьвярнула ўвагу на матэрыял нямецкіх СМІ, адзначае, што расейскае пасольства, BND і штаб-кватэра NATO пакуль не адказалі на запыты аб камэнтарах.

Чаму гэта важна

Дамова аб космасе 1967 году забараняе разьмяшчэньне зброі масавага паражэньня на арбіце. Масква раней катэгарычна адмаўляла існаваньне такіх плянаў.

Тэма разьмяшчэньня Расеяй ядзернай зброі ў космасе ўпершыню на высокім узроўні была ўзьнятая ў пачатку 2024 года, калі кангрэсмэн ЗША Майк Тэрнэр, тагачасны кіраўнік камітэту Палаты прадстаўнікоў па выведцы, заявіў аб «сур’ёзнай пагрозе нацыянальнай бясьпецы» ЗША, зьвязанай з Расеяй.

Размова ішла аб магчымай распрацоўцы Расеяй касьмічнай супрацьспадарожнікавай зброі з выкарыстаньнем ядзерных тэхналёгій.

І ў ацэнках Тэрнэра, і ў выпадку з гіпатэтычным Sputnik-S гаворка ідзе не аб скідзе ядзерных боегаловак з космасу на Зямлю, а аб выкарыстаньні ядзернай зброі для паражэньня спадарожнікаў на арбіце. Выданьне Politico пісала тады, што выведка ЗША папярэджвала аб «патэнцыйным стварэньні Расеяй супрацьспадарожнікавай ядзернай зброі».

Гэнэральны сакратар NATO Марк Рутэ таксама выказваў пабойваньні, што Расея ў будучым зможа весьці войны ў космасе і пры гэтым выкарыстоўваць ядзерную зброю супраць спадарожнікаў. Пры гэтым шэраг экспэртаў выказвалі сумнеў у эфэктыўнасці такіх удараў і ў тым, што Масква рэальна зьбіраецца разьмяшчаць у космасе ядзерныя боегалоўкі. Больш рэалістычнай уяўлялася вэрсія аб тым, што размова можа ісьці не аб разьмяшчэньні ў космасе ядзернай зброі, а аб запуску спадарожніка, які выкарыстоўвае ядзерную ўстаноўку ў якасьці рухавіка.


​
XS
SM
MD
LG