Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША: Расея, падобна, разьмясьціла на арбіце супрацькасьмічную зброю


Прэс-сакратар Пэнтагону Пэт Райдэр
Прэс-сакратар Пэнтагону Пэт Райдэр

Расея 16 траўня запусьціла ў космас спадарожнік — ён, хутчэй за ўсё, зьяўляецца касьмічнай зброяй, здольнай атакаваць спадарожнікі, якія знаходзяцца на нізкай калязямной арбіце, заявіў 21 траўня прэс-сакратар Пэнтагону Пэт Райдэр.

Адказваючы на пытаньне, ці нясе ён пагрозу для амэрыканскіх спадарожнікаў, прадстаўнік Пэнтагону падкрэсьліў, што гэта антыспадарожнікавая зброя, якая знаходзіцца на той жа арбіце, што і амэрыканскія спадарожнікі: «Несумненна, мы будзем весьці назіраньне за гэтым аб’ектам».

Інфармацыйнае агенцтва Reuters тлумачыць, што гаворка ідзе пра расейскі спадарожнік «Космас-2576», падобны на расейскія спадарожнікі, запушчаныя ў 2019 і 2022 годзе. Яны, як ацэньвае Пэнтагон, таксама зьяўляюцца касьмічнай зброяй. Адзін з гэтых спадарожнікаў доўгі час ішоў за амэрыканскім выведвальным спадарожнікам. Паводле амэрыканскіх аналітыкаў, новы расейскі спадарожнік выведзены на ідэнтычную з амэрыканскім выведвальным спадарожнікам USA-314 арбіту і, відаць, апынецца ў будучыні паблізу яго.

Пытаньне разьмяшчэньня зброі ў космасе ў апошнія тыдні стала падставай для супрацьстаяньня Расеі і ЗША ў ААН. У красавіку Расея наклала вэта на праект рэзалюцыі, падтрыманы 13 з 15 чальцамі Рады Бясьпекі ААН, дзе зьмяшчаўся заклік не дапусьціць гонкі ўзбраеньняў у космасе. На мінулым тыдні Рада Бясьпекі ААН адпрэчыла праект рэзалюцыі, прапанаваны Расеяй. Як заявіла прадстаўнік ЗША ў ААН, у ім не былі пацьверджаныя прынцыпы, вызначаныя Дамовай аб космасе, якая забараняе разьмяшчэньне ў космасе ядзернай зброі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG