Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі варыянт рэзалюцыі Рады Бясьпекі ААН аб неразьмяшчэньні зброі ў космасе праваліўся


Амбасадар Роб'рт Вуд, прадстаўнік ЗША ў Радзе Бясьпекі ААН, Нью-Ёрк, травень 2024
Амбасадар Роб'рт Вуд, прадстаўнік ЗША ў Радзе Бясьпекі ААН, Нью-Ёрк, травень 2024

Расея паспрабавала навязаць сьвету сваё бачаньне абароны ад супрацьспадарожнікавай зброі, але не набрала большасьці ў Радзе Бясьпекі ААН

У панядзелак распрацаваная Расеяй рэзалюцыя Рады Бясьпекі ААН, якая заклікае ўсе краіны «назаўжды» перадухіліць разьмяшчэньне, пагрозу прымяненьня або выкарыстаньне любой зброі ў касьмічнай прасторы, правалілася, паколькі ў гэтым органе, які складаецца з 15 чальцоў, адбыўся раскол, піша «Голас Амэрыкі».

Праект ня змог набраць мінімум дзевяць неабходных галасоў: 7 сяброў прагаласавалі за, 7 супраць, а адзін устрымаўся.

Вэта на праекты рэзалюцый Рады Бясьпекі ААН могуць накласьці ЗША, Расея, Кітай, Вялікая Брытанія ці Францыя, але толькі ў тым выпадку, калі які-небудзь праект набірае ня менш як дзевяць галасоў.

Расея вылучыла тэкст свайго праекту пасьля таго, як у мінулым месяцы наклала вэта на праект рэзалюцыі ЗША, якая заклікае краіны перадухіліць гонку ўзбраеньняў у касьмічнай прасторы. Расейскае вэта прымусіла Злучаныя Штаты ўсумніцца ў тым, што Масква зараз дзейнічае бяз задніх думак.

«Мы тут сёньня таму, што Расея імкнецца адцягнуць увагу сусьветнай грамадзкасьці ад распрацоўваньня новага спадарожніка зь ядзернай прыладай», — заявіў перад галасаваньнем у Радзе Бясьпекі намесьнік амбасадара ЗША ў ААН Робэрт Вуд.

Ён таксама абвінаваціў Расею ў запуску ў чацьвер на нізкую калязямную арбіту спадарожніка, які, на думку ЗША, «хутчэй за ўсё, зьяўляецца супрацькасмічнай зброяй, як мяркуецца, здольнай атакаваць іншыя спадарожнікі на нізкай калязямной арбіце».

«Расея разгарнула гэтую новую супрацькасьмічную зброю на той жа арбіце, дзе знаходзіцца ўрадавы спадарожнік ЗША», — растлумачыў Вуд, дадаўшы, што запуск 16 траўня стаў наступным у шэрагу запускаў расейскіх спадарожнікаў у 2019-2022 гадах, якія, «верагодна, зьяўляюцца супрацькасьмічнай зброяй», разьмешчанай на нізкай калязямной арбіце.

Пасол Расеі ў ААН Васілій Нябензя адказаў: «Я нават не да канца зразумеў, пра што ён гаворыць».

Пасол Расеі ў ААН Васілій Нябензя
Пасол Расеі ў ААН Васілій Нябензя

Дамова аб космасе 1967 году забараняе краінам, якія яго падпісалі, уключаючы Расею і ЗША, разьмяшчаць «на арбіце вакол Зямлі любыя абʼекты, якія нясуць ядзерную зброю і любыя іншыя віды зброі масавага зьнішчэньня».

Вашынгтон абвінаваціў Маскву ў распрацоўцы супрацьспадарожнікавай ядзернай зброі і вывадзе яе ў космас. Расея гэтае абвінавачваньне адхіляе. Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў, што Масква супраць размяшчэньня ядзернай зброі ў космасе.

Нябензя заявіў, што расейскі праект рэзалюцыі ахоплівае як зброю масавага зьнішчэньня, так і ўсе віды іншых узбраеньняў, і накіраваны на спыненьне гонкі ўзбраеньняў у касьмічнай прасторы.

Нягледзячы на ціск Нябензі, Вуд не пагадзіўся з фармулёўкамі ў праекце, якія патрабуюць «працяглага мэханізму ўзгадненьняў, якія немагчыма праверыць», заявіўшы: «Я бачыў гэты фільм раней».

Расейскі праект зьмяшчаў фармулёўкі, якія паўтараюць прапанову Масквы і Пэкіна 2008 году аб заключэньні міжнароднай дамовы аб забароне «любой зброі ў касьмічнай прасторы» і пагроз «прымяненьня сілы супраць касьмічных абʼектаў», але дыпляматычныя намаганьні не знайшлі міжнароднай падтрымкі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG