У Кіеве заявілі, што атакавалі 5 караблёў у Азоўскім моры. Загінулі 5 грамадзян Азэрбайджану

Бухта ў акупаваным Расеяй Марыюпалі, 2023
Бухта ў акупаваным Расеяй Марыюпалі, 2023

3 чэрвеня Сілы бесьпілётных сыстэм атакавалі карвэт «Бойкий» ў Кранштаце на Балтыцы. Цяпер атакавалі цэлі на акупаваным Расеяй беразе Азова.

Камандуючы Сіламі бесьпілётных сыстэм Узброеных сіл Украіны Робэрт Броўдзі (Мадзяр) заявіў, што ў ноч на пятае чэрвеня ў Азоўскім моры былі атакаваныя пяць караблёў — сухагрузы і танкер.

Паводле яго слоў, яны знаходзіліся ў тым ліку ў партах акупаваных украіскіх гарадоў Марыюпаля і Бярдзянска.

Выданьне «Известия» раней са спасылкай на крыніцу пісала, што каля 5:00 раніцы па маскоўскім часе бесьпілётнікі атакавалі танкер і два сухагрузы ў Таганрогскім заліве Краснадарскага краю. Загінулі пяць чалавек, яшчэ шэсьць пацярпелі.

З паведамленьня МЗС Азэрбайджану вынікае, што дроны атакавалі ў тым ліку сухагрузы Natra і Circon, на борце якіх у агульнай складанасьці знаходзілася 25 грамадзян Азэрбайджану. У выніку атакі загінулі пяць грамадзян краіны, яшчэ трое атрымалі раненьні. Іх даставілі ў шпіталь Ейска ў Расеі. Некалькі супрацоўнікаў пасольства, як адзначылі ў ведамстве, выехалі на месца здарэньня.

Пашкоджаныя судны не належаць дзяржаве Азэрбайджан, заявілі ў Баку. Паводле сэрвісу Marine Traffic, судна Natra пад сьцягам Беліза ішло з турэцкага гандлёвага порту ў Бартыне ў расейскі Растоў-на-Доне, а Circon пад сьцягам Палаў — з турэцкага порта Самсун у расейскі порт Каўказ.

Раніцай трэцяга чэрвеня Сілы бесьпілётных сыстэм атакавалі карвэт «Бойкий» ў Кранштаце на Балтыцы.

Паведамляецца, што ён атрымаў сур’ёзныя пашкоджаньні.

Гэта трэці пашкоджаны карабель расейскага Балтыйскага флёта, звычайна «Бойкий» суправаджаў суда «ценявога флёту» Расеі з падсанкцыйнай нафтай.

​
XS
SM
MD
LG