Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дроны атакавалі нафтавы тэрмінал у Пецярбургу, дзе пачынаецца міжнародны эканамічны форум. Фота з спадарожнка

абноўлена
Гарыць нафтавы тэрмінал у Пецярбургу, 3 чэрвеня 2026 году
Гарыць нафтавы тэрмінал у Пецярбургу, 3 чэрвеня 2026 году

Трэцяга чэрвеня з удзелам беларускай дэлегацыі пачынае працу Пецярбурскі міжнародны эканамічны форум. На форуме чакаюць прыезду Пуціна, а з раніцы горад атакавалі бесьпілётнікі, гарыць адзін з найбуйнейшых у Расеі нафтавых тэрміналаў.

Пецярбургскі міжнародны эканамічны форум праходзіць 3–6 чэрвеня. Форум праводзіцца пад патранатам Уладзіміра Пуціна. Тут чакаюць тысячы ўдзельнікаў з 130 краін сьвету, сярод якіх дзяржаўныя дзеячы і палітыкі з 75 краін. Будзе там і дэлегацыя Беларусі — амбасадар Юры Селіверстаў, старшыня Віцебскага аблвыканкаму Аляксандр Рагожнік, намесьнікі кіраўнікоў міністэрстваў, ведамстваў, Менскага гарвыканкаму. Ці прыедзе Аляксандар Лукашэнка, пакуль інфармацыі няма. 5 чэрвеня тут мае выступіць прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін.

Раніца 3 чэрвеня ў Пецярбургу пачалася з атакі дзясяткаў дронаў, як сьведчаць мясцовыя жыхары ў сацсетках, пасьля атакі дзясяткаў бесьпілётнікаў у Санкт-Пецярбургу ўзьнік пажар. Паводле зьвестак адкрытых крыніц, гарыць «Пецярбурскі нафтавы тэрмінал».

Дым над нафтавым тэрміналам каля Санкт-Пецярбургу, у які пацэлілі ўкраінскія бесьпілётнікі. Спадарожнікавы здымак Planet Lab, 3 чэрвеня 2026 году
Дым над нафтавым тэрміналам каля Санкт-Пецярбургу, у які пацэлілі ўкраінскія бесьпілётнікі. Спадарожнікавы здымак Planet Lab, 3 чэрвеня 2026 году

Каля пяці раніцы мясцовыя жыхары чулі гукі выбухаў у Адміралцейскім, Васілевостраўскім, Прыморскім і Краснасельскім раёнах гораду. У Пулкаве затрымалі 29 рэйсаў, дзевяць самалётаў селі на запасныя аэрадромы. Акрамя таго, у горадзе абмежавалі мабільны інтэрнэт.

Губэрнатар Ленінградзкай вобласьці Аляксандар Драздзенка паведаміў аб 50 зьбітых над рэгіёнам бесьпілётніках у ноч на трэцяга чэрвеня.

Тэлеграм-канал Exilenova+ публікуе шмат здымкаў зь месца падзеі і задаецца пытаньнем, ці прыедзе на форум Пуцін, бо за такі кароткі тэрмін падцягнуць СПА да гораду немагчыма.

Таксама публікуюць відэа пажару ў вайсковым порце Кранштату, які ахоўвае морскі шлях да Санкт-Пецярбургу.

Кіраўнік Санкт-Пецярбургу Аляксандар Бяглоў паведаміў аб нападзе бесьпілётнікаў на аб’екты інфраструктуры ў трох раёнах. Ён напісаў, што пашкоджаныя некалькі абʼектаў, але не ўдакладніў, якія. Зь ягоных словаў, пацярпелі некалькі чалавек, ліквідацыя наступстваў працягваецца.

«Пецярбурскі нафтавы тэрмінал», як гаворыцца на сайце кампаніі, — адзін з найбуйнейшых тэрміналаў для наліўных грузаў у Балтыйскім рэгіёне. Прадпрыемства прымае грузы, якія паступаюць чыгункай, аўтатранспартам, па рацэ, і перагружае іх на морскія судны і цыстэрны. На тэрыторыі тэрміналу знаходзіцца 21 рэзэрвуар для захоўваньня нафтапрадуктаў, а агульная прапускная здольнасьць тэрміналу складае 12,5 млн. тон у год.

Ад атакаванага нафтавага тэрміналу да «Экспафоруму» (тут будзе праходзіць форум) — каля 17 кілямэтраў.

У генштабе Ўзброеных сілаў і Службе бясьпекі Ўкраіны заявілі, што ўкраінскія сілы 3 чэрвеня нанесьлі шэраг удараў бесьпілётнікамі па цэлях у глыбіні Расеі:

  • Нафтавым тэрмінале пад Пецярбургам,
  • «Кранштацкім марскім заводзе»,
  • карвэце «Бойкі»,
  • заводзе «Прагрэс» у Мічурынску Тамбоўскай вобласьці, які сярод іншага вырабляе кампанэнты для расейскіх ракетаў.
Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG