Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вы хочаце ганарыцца Міцкевічам замест Пушкіна і Дастаеўскага? Гэта жудасна!» — Рашэтнікаў


Леанід Рашэтнікаў

Інтэрвію са скандальным расейскім чыноўнікам, які публічна заявіў аб штучнасьці беларускай мовы і дзяржаўнасьці, з нагоды пратэсту МЗС Беларусі ў сувязі зь ягонымі выказваньнямі.

Пасьля публічнага выказваньня дырэктара Расейскага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Леаніда Рашэтнікава пра штучнасьць беларускай мовы МЗС Беларусі выклікаў дарадцу-пасланьніка амбасады Расеі Вадзіма Гусева і выказаў афіцыйны пратэст.

Адстаўны генэрал-лейтэнант Рашэтнікаў выступіў з заявай пра тое, што «беларуская мова была створаная пастановай паседжаньня аргбюро ЦК ВКП(б) у 1926 годзе», а Беларусь назваў «гістарычнай часткай Расеі, малой краінай, якая ня можа жыць самастойна».

5 фактаў пра Леаніда Рашэтнікава

— Ня трэба вольна інтэрпрэтаваць мае словы, чым якраз займаецца ваш МЗС і журналісты. Я не казаў, што мова была створаная, я казаў: ёсьць дакумэнт 1926 году аб стварэньні беларускай мовы. Вось яго і камэнтуйце, а не мяне! — абурыўся Рашэтнікаў у інтэрвію.

Вы назвалі Беларусь «гістарычнай часткай Расеі». Дагэтуль сапраўды так лічыце?

— Вядома! Беларусь — частка велізарнай дзяржавы, якая называлася Расеяй. Так склалася яшчэ з часоў Кіеўскай Русі. Часткова ці цалкам — няважна. Але мы жылі адной гісторыяй доўгі час, хоць і зь перапынкамі. І ў маёй заяве няма нічога, чаго б не казаў кожны адукаваны расеец. Як можна заткнуць рот мільёнам людзей? Я выступіў з заявай публічна, а нас прэзыдэнт Лукашэнка публічна два гады таму назваў «дэбіламі», а цяпер газэта «СБ» напісала, што я балбатун. Гэта пішуць палітычныя салагі.

Але ў 1991 годзе Беларусь стала незалежнай і ў такім стане знаходзіцца і сёньня.

— Ну так, стала... Колькі яшчэ гэтая незалежнасьць будзе трываць — 100, 200 ці 20 гадоў — невядома. Мы мусім жыць як два братэрскія народы... Мы ж і так аб’яднаныя ў Саюзную дзяржаву.

Але прэзыдэнты розныя.

— Ну і добра! А дзяржава адна. Ну давайце адменім яе. Тады будзе іншая размова, будзе другая Ўкраіна, дзе за 30 гадоў апрацавалі людзей так, што яны ненавідзяць расейцаў. Атрымаўшы незалежнасьць, ня трэба аб’яўляць сябе часткаю «ліцьвінскай» гісторыі. Вы ня хочаце ганарыцца Дастаеўскім і Пушкіным, а хочаце ганарыцца Міцкевічам? Гэта проста жудасна…

Тэндэнцыі вельмі падобныя да Януковіча ўзору 2012-2013 гадоў, вельмі падобныя. Балюча назіраць гэта. Але мы ня можам не заўважаць відавочнага, і няхай таварышы з МЗС не крыўдуюць. Зводзіць беларускі народ у іншы бок — рызыкоўная апэрацыя. Усё роўна празь дзясятак гадоў гэтыя спробы загінуць.

Што ці хто канкрэтна загіне?

— Палітыка Лукашэнкі праваліцца, бо яна не адпавядае запыту насельніцтва. Навошта нас разрываць? Хоча ператварыцца ў Польшчу? Жахліва... Яшчэ адна Польшча ля нашых межаў зьявіцца. Меркаваньні накшталт майго будуць пашырацца ў Расеі з кожным днём, калі Лукашэнка надалей будзе замоўчваць агульную гісторыю і разварочвацца на Захад. Так і напішыце.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG