Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Любані мужчына ўкрыжаваў суседзкага ката


Ілюстрацыйнае фота

Жыхарка Любані Гелена Корбут 3 верасьня знайшла свайго ката Антошу мёртвым, прыбітым да крыжа. Як распавядае мясцовае выданьне «Інфа-кур’ер», котку забіў і расьпяў 30-гадовы сусед, які год таму забіў чужога сабаку на вачах гаспадыні ката.

Мужчына прызнаўся міліцыі, што быў п’яны і ўкрыжаваў ката, каб «дапячы суседцы», але адмаўляе, што забіваў ката. Цяпер міліцыя праводзіць праверку інцыдэнту, але пакуль не заводзіць крымінальнай ці адміністрацыйнай справы.

Праведзеная крыміналістамі экспэртыза паказала толькі пашкоджаньні органаў ката і зафіксавала раны ад цьвікоў, але ці вызначыць экспэртыза забойцу, невядома. Калі не, то мужчыну можна будзе прыцягнуць да адказнасьці хіба за хуліганства.

За жорсткае абыходжаньне з жывёламі могуць пакараць як штрафам паводле артыкулу Адміністрацыйнага кодэксу за жорсткае абыходжаньне з жывёламі (арт. 15.45 КаАП), так і пазбаўленьнем волі на тэрмін да году паводле Крымінальнага кодэксу (арт 339 КК) — крымінальная адказнасьць зьявілася толькі ў 2015 годзе.

Закон аб абыходжаньні з жывёламі ў Беларусі дагэтуль не прыняты. Актывісты крытыкуюць цяперашні законапраект за тое, што ён, наадварот, можа ўзаконіць жорсткае абыходжаньне з жывёламі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG