Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску невядомы труціць сабак, хавае атруту ў каўбасу


Ілюстрацыйнае фота

Жыхарка Менску Алена Юрычава расказала на Facebook, што ў раёне вуліцаў Крапоткіна і Харужай невядомы пакідае кавалкі каўбасы з запханымі ў іх пігулкамі ад сухотаў. Паводле яе словаў, прынамсі чатыры сабакі, у тым ліку ейны, атруціліся. Міліцыя паведаміла, што зарэгістраваны толькі адзін выпадак.

Пасьля атручэньня, піша Алена Юрычава, сабака проста падае, ідзе пена з рота, а калі не дапамагчы — цягам паўгадзіны спыняецца дыханьне, потым спыняецца сэрца. Свайго сабаку ёй удалося рэанімаваць, але, як выявіў Tut.by, прынамсі чатыры сабакі памерлі.

Ананімны вэтэрынар сказаў Onliner.by, што такія выпадкі «фіксуюцца па ўсім горадзе». Летась пра падобныя выпадкі пісаў партал Animal.by.

Вэтэрынары раяць выгульваць сабак толькі ў намордніку, каб яны не маглі падабраць ежу зь зямлі, і вучыць іх нічога не падымаць зь зямлі.

За атручваньне жывёлаў могуць пакараць як штрафам па артыкуле Адміністрацыйнага кодэксу за жорсткае абыходжаньне з жывёламі (арт. 15.45 КаАП РБ), так і пазбаўленьнем волі на тэрмін да году паводле Крымінальнага кодэксу (арт 339 КК РБ) — крымінальная адказнасьць зьявілася толькі ў 2015 годзе. Закон аб абыходжаньні з жывёламі ў Беларусі дагэтуль не прыняты. Актывісты крытыкуюць цяперашні законапраект за тое, што ён, наадварот, можа ўзаконіць жорсткае абыходжаньне з жывёламі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG