Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расею пазбавілі права на біятлённы чэмпіянат сьвету


Фота ©Shutterstock

Цюмень страціла права прыняць чэмпіянат сьвету па біятлёне ў 2021 годзе. Так пастанавіў выканкам Міжнароднага саюзу біятляністаў (IBU). Замену дыскваліфікаванаму гораду пакуль не абралі.

Падставай для такога кроку паслужыла рэкамэндацыя Міжнароднага алімпійскага камітэту не праводзіць у Расеі буйных спаборніцтваў да завяршэньня расьсьледаваньня аб «расейскай допінгавай праграме».

Нагадаем, што сёлета з аналягічнай прычыны Цюмень пазбавілі аднаго з этапаў Кубку сьвету, які плянаваўся на сярэдзіну сакавіка. Да таго ж вырашана не праводзіць юніёрскі чэмпіянат сьвету ў Востраве, а таксама фінал Кубка сьвету па канькабежным спорце ў Чалябінску.

Незалежная камісія пры Ўсясьветным антыдопінгавым агенцтве (ВАДА) у сваіх дакладах кажа пра існаваньне ў Расеі маштабнай допінгавай праграмы, у якую ўцягнутыя больш за тысячу спартоўцаў, трэнэраў і чыноўнікаў.

Выканкам IBU 8 лютага прапанаваў Маскве добраахвотна адмовіцца ад правядзеньня чэмпіянату сьвету 2021 году ў Цюмені. У рашэньні гаварылася, што калі яна ня зробіць гэтага да 24 лютага, то страціць права на чэмпіянат аўтаматычна.

Рэзэрвовай пляцоўкай правядзеньня спаборніцтваў па біятлёне значацца Раўбічы пад Менскам, аднак з умовай, што спаборніцтвы будуць праходзіць у «высокі сэзон», калі дастаткова сьнегу. Менавіта з гэтай прычыны Беларусь не разглядалася ў якасьці фаварыта на тэхнічную замену цюменскаму этапу ў сакавіку.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG