Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Блогера Рамана Пратасевіча аштрафавалі за Марш абураных беларусаў


Раман Пратасевіч у судзе
Раман Пратасевіч у судзе

Штраф у 20 базавых велічыняў (460 рублёў) прысудзіў Кастрычніцкі раённы суд блогеру Раману Пратасевічу. Суд вырашыў, што малады чалавек удзельнічаў у несанкцыянаванай акцыі — Маршы абураных беларусаў 2.0, які прайшоў у Менску 21 кастрычніка. Раман Пратасевіч даказваў у судзе, што ня браў удзелу ў акцыі, а толькі асьвятляў яе як блогер.

«У мяне склалася дастатковая аўдыторыя ў інтэрнэце, я працаваў для яе, вёў рэпартаж з акцыі і адначасова рабіў здымкі. Той скрыншот з маім фота, які фігуруе ў матэрыялах справы, зроблены ў момант, калі я адышоў ад натоўпу, каб падняцца на прыступкі каля гатэлю „Мінск“ і зрабіць здымак маршу. Між тым у пратаколе сказана, што я нібыта браў удзел у мітынгу на плошчы Незалежнасьці. Гэта няпраўда. Я там быў, але трымаўся разам зь іншымі журналістамі, працаваў як блогер», — даводзіў суду Раман Пратасевіч.

Супраць блогера даў паказаньні міліцыянт Андрэй Карацюпа. Паводле сьведкі, удзельнікі несанкцыянаванай акцыі выкрыквалі лёзунгі і несьлі транспаранты. Ці выкрыкваў нешта Раман Пратасевіч, сьведка ня змог згадаць, але ўпэўнена сказаў, што малады чалавек быў сярод мітынгоўцаў.

Справу Рамана Пратасевіча разгледзеў судзьдзя Аляксандар Сяргей.

Пасьля працэсу Раман Пратасевіч сказаў, што абдумае магчымасьць абскардзіць пастанову суду.

Цягам 2017 году Рамана Пратасевіча двойчы каралі за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях, у тым ліку за 25 сакавіка.

Па Менску прайшоў «Марш абураных беларусаў» супраць «падатку на дармаедаў» і дзедаўшчыны

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG