Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі віцэ-прэм’ер стаў пэрсонай нон-грата ў Малдове. Прэзыдэнт Дадон не задаволены


Віцэ-прэм’ер Расеі Дзьмітры Рагозін
Віцэ-прэм’ер Расеі Дзьмітры Рагозін

Міністэрства замежных справаў Малдовы паведаміла расейскаму амбасадару, што віцэ-прэм’ера Расеі Дзьмітрыя Рагозіна абвясьцілі ў Малдове пэрсонай нон-грата. У адказ на гэта ў МЗС Расеі выклікалі амбасадара Малдовы і выказалі яму «рашучы пратэст».

«Складваецца ўражаньне, што кішынёўскія палітыкі імкнуцца атрымаць ролю „правафлянговага“ ў той гістэрычнай і беспэрспэктыўнай кампаніі, разгорнутай супраць Расейскай Фэдэрацыі, — заяўляе расейскі МЗС. — Усё гэта выклікае законнае абурэньне і атрымае адпаведны адказ. Больш за тое, вымушаныя зьвярнуць увагу, што падобныя небясьпечныя дзеяньні могуць мець сур’ёзны дэстабілізацыйны ўплыў на агульную сытуацыю ў рэгіёне і ў Эўропе наагул. Гэта асабліва актуальна ў кантэксьце працягу спробаў шэрагу малдаўскіх палітыкаў штучна абвастрыць сытуацыю вакол прыднястроўскага ўрэгуляваньня».

Малдоўскі бок тлумачыць, што Рагозіна абвясьцілі пэрсонай нон-грата празь ягонае нядаўняе інтэрвію тэлеканалу «Россия 24», у якім ён дазволіў сабе нібыта «паклёпніцкія ацэнкі» на адрас Малдовы і яе грамадзянаў. Заява, паводле малдоўскага боку, «ня ўпісваецца ў характар двухбаковых дачыненьняў, якія Малдова хоча выбудоўваць з Расеяй на аснове ўзаемапавагі». Рашэньне бестэрміновае, зьняць яго можа ўрад Малдовы.

Прэзыдэнт Малдовы Ігар Дадон назваў гэтае рашэньне «палітычным глупствам» і паабяцаў правесьці з Рагозіным раней заплянаваную сустрэчу 4 жніўня ў Іране.

Рагозін меў сустрэцца з Дадонам у Малдове 28 ліпеня, але ягоны самалёт не прапусьцілі ў сваю паветраную прастору ўлады Румыніі, пасьля развароту самалёт быў вымушаны сысьці на запасны аэрапорт у Беларусі.

20 ліпеня Малдова выступіла супраць таго, каб расейскі віцэ-прэм’ер прыляцеў у Кішынёў і Тыраспаль на самалёце вайскова-паветраных сілаў — Рагозін заявіў, што мае намер прыляцець, нягледзячы на забарону. Румынія ж патлумачыла, што не прапусьціла самалёт, бо на борце знаходзіўся пасажыр, прозьвішча якога «ўнесена ў санкцыйныя сьпісы Эўразьвязу».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG