Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэм’ер Пакістану сабраўся ў Беларусь, а яго адправілі ў адстаўку


Прэм’ер-міністр Пакістану Наваз Шарыф глядзіць у акно свайго самалёта, ілюстрацыйнае фота

Візыт прэм’ер-міністра Пакістану Наваза Шарыфа ў Менск, заплянаваны на гэты тыдзень, перанесены на няпэўны тэрмін, перадае БелаПАН заяву амбасады Пакістану ў Менску. Візыт, а разам зь ім беларуска-пакістанскі бізнэс-форум, адкладаюцца праз тое, што 28 ліпеня Шарыфа адправіў у адстаўку вярхоўны суд Пакістану.

Сьледчыя выявілі, што Шарыфавы дзеці былі таемна зьвязаныя з афшорнымі кампаніямі і валодалі нерухомасьцю ў Лёндане — гэта стала вядома з публікацыі «панамскага архіву». Вярхоўны суд аднагалосна адхіліў яго за «няшчырасьць, што выявілася ў нераскрыцьці ягоных заробкаў». Сам Шарыф паслухаўся вэрдыкту, але не пагадзіўся зь ім.

Новага прэм’ера могуць абраць цягам прыблізна 50 дзён, мяркуе Шарыф. Сам ён выступіў за тое, каб ягоным пераемнікам стаў ягоны малодшы брат Шахбаз Шарыф, кіраўнік правінцыі Пэнджаб. Партыя «Пакістанская мусульманская ліга», якой кіруе Наваз Шарыф, мае большасьць у ніжняй палаце парлямэнту, якая абірае прэм’ера, таму цалкам імаверна, што на новага прэм’ера абяруць кандыдата, прапанаванага адхіленым ад пасады.

У Беларусь Шарыфа запрашаў сам Аляксандар Лукашэнка, калі 14 траўня сустракаўся зь ім у Пэкіне. У 2016 годзе Лукашэнка лётаў да Шарыфа ў Пакістан, каб павялічыць таваразварот. Шарыф апошнім разам гасьцяваў у Лукашэнкі ў 2015-м, калі Мікалай Лукашэнка частаваў пакістанскага прэм’ера «ідэальнай якасьці вадой».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG