У менскі офіс Аб’яднанай грамадзянскай партыі 24 красавіка прыйшлі міліцыянты і канфіскавалі бел-чырвона-белы сьцяг і «анансавалі» суд за вывешваньне «незарэгістраванай сымболікі», паведамляе прэс-служба АГП.
Сьцяг быў вывешаны месяц таму на гаўбцы офісу на вуліцы Харужай — на 17-м паверсе. Праваахоўнікаў на чале зь міліцыянтам па прозьвішчы Шкут пусьцілі ў офіс пасьля пагрозы «забраць усіх прысутных у РУУС».
Праваахоўнікі канфіскавалі сьцяг, які нібыта «перашкаджаў жыхарам Менску, якія паскардзіліся ў міліцыю». Таксама міліцыянты заявілі, што партыю чакае разгляд адміністрацыйнай справы за «выкарыстаньне незарэгістраванай сымболікі».
Ці забаронены ў Беларусі бел-чырвона-белы сьцяг?
Агульнай забароны на выкарыстаньне «незарэгістраванай сымболікі» ў Беларусі няма — такое абмежаваньне існуе толькі ў законе аб масавых мерапрыемствах на час мітынгаў і сходаў.
Аднак, як патлумачыў Свабодзе юрыст, сябра рады праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч, міліцыя магла спаслацца на правілы добраўпарадкаваньня населеных пунктаў, якія рэгулююць самыя розныя рэчы — ад налепак на слупах да разьвешваньня бялізны на гаўбцах.