Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пратэсты ў турмах: масавыя акцыі ці дзеяньні «адзіночак»?


Фота ©Shutterstock
Фота ©Shutterstock

Патрабуючы адмены прынятых гэтым летам у Сэйме Літвы паправак да Крымінальнага кодэксу, літоўскія вязьні правялі масавыя акцыі нязгоды, якія ахапілі ўсе турэмныя ўстановы краіны і ў некаторых вязьніцах цягнуліся да двух месяцаў. Ці адбываюцца бунты ў беларускіх турмах? Або тут пратэстуюць пераважна «адзіночкі»?

«Літоўскія зэкі рэалізуюць уласнае права ўплываць на заканатворчасьць»

Паводле літоўскіх выданьняў, бунты ў некаторых турмах праходзілі яшчэ прыканцы верасьня. Вязьні галадалі і «ўскрываліся», выказваючы такім чынам свой пратэст супраць абмежаваньняў уласных правоў, якіх у сувязі са зьменамі ў Крымінальным кодэксе.трэба чакаць ад пачатку 2016 году. Так згодна з гэтымі папраўкамі прадугледжана пакінуць працяглыя спатканьні толькі для мужоў і жонак, а для бацькоў і дзяцей ЗК замяніць іх сустрэчамі праз шкло ды тэлефон раз на месяц. Таксама згодна з новым кодэксам уводзіцца абмежаваная сума штомесячных грошай для набыцьця прадуктаў у турэмных крамах (залежна ад пэрсанальнай характарыстыкі — ад 70 да 150 эўра). І трэці момант: забароняць курыць у памяшканьнях закрытага тыпу, куды зьняволеныя трапляюць за розныя правіны.

Як паведаміла «Свабодзе ў турмах» менская грамадзкая актывістка, адна са стваральніц ініцыятывы «Над бар’ерамі» Ніка Выгоўская, якая падтрымлівае сувязі зь некаторымі сем’ямі літоўскіх зьняволеных, у верасьні некаторых асуджаных віленскай турэмнай установы № 2 у сувязі са спробамі «ўскрыцьця» хуткая дапамога даставіла ў шпіталі з ранамі рознай ступені цяжкасьці.

Адзін зь вязьняў Марыямпальскай турмы напісаў сп-ні Выгоўскай, што разам з астатнімі сядзельцамі галадаў некалькі тыдняў. Пратэст быў выкліканы ня толькі папраўкамі да кодэксу, але і ўвогуле немагчымымі ўмовамі ўтрыманьня, якія не зьмяніліся з савецкіх часоў. Як рэагавала на акцыю турэмная адміністрацыя? Паводле зьняволенага, супрацоўнікі турмы распаўсюджвалі сярод ЗК улёткі пра шкоду галадаваньня, бо ў шмат каго з галадоўнікаў істотна пагоршыўся фізычны стан, а некаторыя нават загаворвалі пра самаспаленьне, абы грамадзтва даведалася, што адбываецца за кратамі. Таксама адміністрацыя перадала ў Сэйм патрабаваньні пратэстоўцаў. Дэпутаты нібыта паабяцалі перагледзець закон. З гэтай прычыны вязьні вырашылі спыніць акцыю і чакаць вынікаў.

Літоўскі праваабаронца, старшыня Фонду падтрымкі абароны грамадзянаў Стасіс Каўшыніс не бярэцца прагназаваць далейшае разьвіцьцё сытуацыі:

Стасіс Каўшыніс (Stasys Kaušinis)
Стасіс Каўшыніс (Stasys Kaušinis)

«Цяжка цяпер нешта прагназаваць. Але, з майго гледзішча, справа ня толькі ў гэтых папраўках, хоць адмова ў працяглых спатканьнях з бацькамі ды дзецьмі, як і іншыя абмежаваньні, безумоўна, нэгатыўна адаб’юцца на псыхіцы вязьняў. Нават нягледзячы на тое, што кантактаў з жонкамі ці мужамі ў выніку разгрузкі турэмных гатэляў стане болей... Галоўная прычына, якая штурхае зьняволеных на такія пратэсты, — гэта тое, што пэнітэнцыярнай сыстэме неабходная вельмі сур’ёзная рэформа. Кшталту той, якую правялі за час існаваньня незалежнай Літвы ў нашым войску. І калі вайсковае ведамства цяпер адкрытае для грамадзтва, то пэнітэнцыярнае застаецца такім жа закрытым, як і раней».

У размове з «Свабодай у турмах» Стасіс Каўшыніс зьвяртае ўвагу на такі істотны момант. Цяперашні бунт у літоўскіх турмах — гэта ня проста спантанная акцыя, выкліканая той ці іншай сытуацыяй, гэта рэалізацыя чалавекам за кратамі свайго права ўплываць на заканатворчасьць у краіне. Адрозна ад Беларусі, вязьні ў Літве не пазбаўленыя сваіх палітычных правоў, у тым ліку і права ўдзельнічаць у выбарах у розныя органы ўлады.

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:05 0:00
Наўпроставы лінк

Каўшыніс: «Гэта такія самыя людзі, што і неасуджаныя. Таму цалкам зразумела, што яны шукаюць магчымасьці, як уплываць і на заканатворчасьць і такім чынам рэалізоўваць свае палітычныя правы. Яны маюць магчымасьці для азнаямленьня з агітацыйнымі матэрыяламі розных партыяў, тут нават некаторыя палітыкі ці іх памочнікі дазвалялі сабе злоўжываньні. Бо ёсьць турмы, дзе тысяча і болей насельнікаў, і для пэўных партыяў вельмі важная гэта колькасьць галасоў... Ну, а зэкі ідуць туды, дзе іхнім пытаньням аддаюць увагу...»

Што тычыцца Беларусі, то тут нават размовы пра права зьняволеных уплываць на стварэньне законаў не вядзецца. Паводле афіцыйных дадзеных, апошнія турэмныя бунты ў беларускіх вязьніцах былі яшчэ пры Саветах. Найчасьцей — як адказ на самаўпраўства турэмных супрацоўнікаў. Лічыцца, што цяпер сапраўдных бунтаў як формы пратэсту ў беларускай пэнітэнцыярнай сыстэме няма з той прычыны, што зьняволеных ужо не аб’ядноўваюць непісаныя законы турэмнага жыцьця, што зэкі ў сваёй масе збольшага разьяднаныя. Нейкія пратэсты, уключна з галадоўкамі ці калецтвамі, як правіла, ня маюць масавага характару. Патрабаваньні пратэстоўцаў задавальняюцца, калі яны, з гледзішча турэмных уладаў, законныя або калі бакі прыходзяць да нейкага кансэнсусу.

Ці бывалі пры вас хоць якія акцыі пратэсту за кратамі? Ці ўдалося каму з зэкаў дамагчыся свайго праз такі пратэст? Пытаньні мы задалі некаторым беларускім удзельнікам нашай праграмы.

«Ад хвалі да цунамі часам бывае адзін крок»

Ігар Аліневіч
Ігар Аліневіч

Былы палітвязень Ігар Аліневіч, які вызваліўся з-за кратаў у верасьні пасьля пяці гадоў адседкі, кажа, што ня толькі быў сьведкам акцый пратэсту за кратамі, але і сам у іх удзельнічаў. Такія акцыі здараюцца рэдка, і звычайна гэта бывае як бы «выбух адчаю». Але бывае, што яны ладзяцца «сьвядома і арганізавана», хоць за такія дзеяньні фармальна пагражае артыкул 410 — гэта «дэзарганізацыя парадку адбываньня пакараньня», кажа былы палітвязень.

Аліневіч: «Я памятаю такія выпадкі, калі адзін чалавек аспрэчваў спагнаньне і дапісаўся да Віцебскага абласнога суду. З суду прыехалі ў зону і зрабілі разбор: мае ён рацыю ці не. І некалькі зьняволеных пагадзіліся даць паказаньні на карысьць гэтага чалавека, а ня лягернай адміністрацыі. Іх пакаралі. Аднаго пасадзілі ў ШЫЗА, а другому склалі за адзін дзень адразу тры акты аб парушэньнях, нібыта ім зьдзейсьненых. І потым перад вызваленьнем правялі суд і далі прэвэнтыўны нагляд — паўтара года.

Пры ўсім пры гэтым людзі ведалі, на што ідуць. Яны ведалі, што суд усё роўна прыме рашэньне не на карысьць зьняволенага, які спрабаваў аспрэчыць рашэньне адміністрацыі. Але яны на гэта пайшлі дзеля прынцыпу. Гэты ўчынак карыстаўся вялікай павагай, хоць і не прынёс ніякага выніку».

Ігар Аліневіч зазначае, што ў згаданым выпадку быў важны маральны складнік, узьдзеяньне, якое ўчынак аказаў на астатніх вязьняў. Бо, як пісаў Салжаніцын, «галоўнае ня вынік, а — якім спосабам ён дасягнуты». Галоўнае — сам намер, таму што мы ня можам усё ведаць загадзя — атрымаецца ў нас ці не. Але калі мы будзем старацца правільна, паводле гонару гэта зрабіць, то гэтага ўжо дастаткова, перакананы былы палітвязень.

Турэмны бунт у Капейску Чалябінскай вобласьці Расеі, 2012 год
Турэмны бунт у Капейску Чалябінскай вобласьці Расеі, 2012 год

Ігару Аліневічу таксама вядомы выпадак, калі ў аднаго зьняволенага спрабавалі ўзяць ДНК на аналіз:

«Наколькі мне вядома, не было такога закону, каб браць пробы сьліны, поту, але ў зонах гэта праводзілі масава. Адзін зьняволены абурыўся, і яго зьбівалі каля сарака хвілін, пакуль ня выбілі зь яго згоду. Але ён напісаў падпольна ліст у „Белгазету“. Ліст быў апублікаваны, і турэмшчыкі таго чалавека не чапалі. Бо яны ўсё-ткі баяцца агалоскі, хоць і могуць казаць, што ім пляваць. Але насамрэч яны гэтага ўсё-ткі пабойваюцца. Гэты ўчынак таксама выклікаў хвалю спагады. А ад хвалі да цунамі часам бывае адзін крок».

Вядома, гэта адзінкавыя выпадкі. Але ўспамінае Ігар Аліневіч і такія падзеі:

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:29 0:00
Наўпроставы лінк

«Летам 2012 году ў ПК-10 адбываліся бурныя падзеі. Было супрацьстаяньне паміж рознымі групамі зьняволеных, у выніку шмат каго зь іх зьбілі супрацоўнікі калёніі ўначы. І настроі былі такія напружаныя. На наступны дзень да нас прыйшоў вельмі п’яны адзін супрацоўнік, лаяўся матам, абражаў нас, і людзі абурыліся. Абурыўся спачатку адзін чалавек, яго звалі Саша. І турэмшчык запатрабаваў, каб ён прыйшоў на КПП, і мы ведалі, што там ён будзе зьбіты. Зьняволеныя абступілі Сашу колам і не далі канвою з унутраных войскаў, кантралёрам, забраць яго.

Што было далей? Былы палітвязень Ігар Аліневіч працягвае:

«Пасьля гэтага збунтаваўся ўвесь атрад, мы выйшлі і пайшлі проста на штаб, каб нам далі тлумачэньні і каб даведацца пра тых, каго ноччу зьбівалі. Нас забарыкадавалі ў лякальным участку, не далі выйсьці, і было відаць, што яны вельмі напалоханыя. Празь некаторы час той супрацоўнік вярнуўся і крычаў на нас, а потым стаў на калені і выбачыўся. Я сам гэта бачыў. Была вельмі напружаная абстаноўка. Псыхалягічна адчуваліся нібы электрычныя разрады ў паветры.

Адзіныя калектыўныя дзеяньні негвалтоўнага характару, яны самі па сабе ўжо ўганяюць адміністрацыю ў разгубленасьць, і можна дабівацца практычна любых саступак

І ў іншых лякальных участках зэкі таксама сталі групавацца. Таму што бачылі, што справа да нечага ідзе. Значыць, там адна-дзьве хвіліны, і ўсё б пайшло па-іншаму. Урок гэтай падзеі быў відавочны: адзіныя калектыўныя дзеяньні негвалтоўнага характару, яны самі па сабе ўжо ўганяюць адміністрацыю ў разгубленасьць, і можна дабівацца практычна любых саступак».

Няхай там былі зьняволеныя за розныя злачынствы, «штосьці ж іх аб’яднала ў той момант!», — падкрэсьлівае Ігар Аліневіч:

«Я ведаю, што яшчэ некалькі год таму, калі зьняволеныя ішлі, скажам, са сталоўкі, з клюбу, з прамзоны, і калі аднаго зь іх за парушэньне шыхту альбо за перадачу ў іншы лякальны ўчастак нейкіх прадметаў спыняў турэмшчык і спрабаваў завесьці на КПП, спыняўся ўвесь атрад, абступалі іх колам і патрабавалі адпусьціць. Гэта была масавая распаўсюджаная практыка».

Значыць, салідарнасьць у зоне магчымая ня толькі, напрыклад, паміж «палітычнымі»?

Аліневіч: «Усе мы самыя звычайныя зэкі насамрэч. Калі чалавека прызнаюць палітычным, значыць, не давяраюць рашэньню суду адносна яго. Чаму мы павінны давяраць у адносінах да крымінальных? Рашэньням тых жа самых судзьдзяў? Чым яны лепшыя ў адносінах да крымінальных, бытавікоў, эканамічных, наркаманаў альбо сваіх жа калегаў? Нічым яны ня лепшыя. Таму ўсе рашэньні, якія былі прынятыя беларускімі судамі адносна ўсіх зьняволеных, адпачатку трэба ставіць пад сумнеў».

«Там не баяцца»

У мінулым двойчы палітвязень Мікола Аўтуховіч падчас сваіх адседак у розных беларускіх турмах ды калёніях неаднойчы назіраў пратэсты зьняволеных, а некалькі разоў у сувязі з самаўпраўствам турэмнікаў пратэставаў і сам — праводзіў працяглыя галадоўкі, «ускрываў» сабе вены ды жывот.

Мікола Аўтуховіч
Мікола Аўтуховіч

«Бываюць нават выпадкі, калі „ўскрываюць“ шыю, што вельмі небясьпечна. Бо калі закрануць сонную артэрыю, то ніякая „хуткая“ не дапаможа», — кажа Аўтуховіч. — Але рызыкуюць і робяць гэта. Самы ж моцны пратэст — гэта калі рэжуць сябе па кадыку. Я ведаў такога чалавека. Ён пратэставаў не ў калёніі, а ў судовай залі рэзаў сабе. І толькі таму, што „хуткая“ была недалёка, яго ўратавалі. Але гэта быў адчай чалавека, якога самаўпраўна судзілі. Ён быў ужо судзімы ня раз, але на яго хацелі «павесіць» моцнае злачынства. І атрымаў тэрмін, але не такі, як яму „вешалі“ па тым крымінальным артыкуле».

А што да калёніі, то там найбольш распаўсюджаныя галадоўкі. На гэта ідуць людзі, які першы раз трапілі за краты, каб іх пачулі. Ім здаецца, што калі на іх зьвернуць увагу праз галадоўку, можа, яны чагосьці дамогуцца, нешта зьменіцца. Калі яны пераканаюцца, што галадоўка не дапамагае, то могуць наважыцца на нешта больш радыкальнае, кажа Мікалай Аўтуховіч. Быў нават зусім незвычайны выпадак:

«Асуджаны абліў сябе ацэтонам ці растваральнікам і абгарэў. Гісторыя такая: у калёніі сядзелі побач сын і бацька. І калі сын атрымаў пасылку і прыйшоў па яе, рэжымнік забраў з пасылкі варэньне і сказаў, што яно не дазволена. Хоць іншым, тым жа самым „казлам“, якія працуюць на адміністрацыю, усё можна, і варэньне таксама».

А чаму варэньне звычайна забараняюць? Таму што зь яго можна зрабіць сьпіртное, калі забродзіць, тлумачыць Мікалай Аўтуховіч:

Ён нават галадоўку абвясьціў, і на гэта не зьвярнулі ўвагі. І праз тыдзень ён увечары ў атрадзе абліў сябе і падпаліўся

«А там было хіба малінавае, каб ад прастуды лячыцца. І гэты хлопец запратэставаў. А на яго сказалі нейкія дрэнныя словы. Ён пайшоў паскардзіўся бацьку. А бацька быў без рукі. Ён прарываўся ў адміністрацыйны корпус, каб паразмаўляць з начальнікам калёніі. Яго не пускалі, варэньне зьнішчылі. Яго гэта заела. Ён нават галадоўку абвясьціў, і на гэта не зьвярнулі ўвагі. І праз тыдзень ён увечары ў атрадзе абліў сябе і падпаліўся».

Мікалай Аўтуховіч успамінае, што інфармацыя пра гэтае здарэньне адразу трапіла на Радыё Свабода. Шмат хто ў калёніі тады ведаў нумар тэлефону, па якім можна паведаміць пра такія рэчы.

Што стала з гэтым чалавекам?

Аўтуховіч: «Ён абгарэў на восемдзесят працэнтаў. Яго забрала „хуткая“. Ведаю, што другі чалавек пасьля начальніка калёніі, ён нават забараніў яе выклікаць. А там маёр дзяжурыў, ён сказаў: я на сябе такую адказнасьць не бяру, чалавек зараз памрэ, — і выклікаў „хуткую“. І яго забралі ў гарадзкую бальніцу, і толькі таму стала вядома ўсім, і туды тэлефанавалі. Ведаю, што туды хадзілі афіцэры з адміністрацыі і прасілі замяць справу. А ён вельмі моцна абгарэў. Ён выжыў, назад яго не вярнулі, але сын казаў, што не зрабілі таго, што абяцалі яму, падманулі».

Перад тым гэты чалавек паводзіў сябе вельмі спакойна, ні на што ня скардзіўся, усё трымаў у сабе. А вось здарэньне са слоікам варэньня яго вывела з раўнавагі, кажа Аўтуховіч:

«І гэта вельмі моцны чалавек, бо зрабіць такое — ня кожны зробіць. Парэзацца — гэта адно, а падпаліцца — гэта найвышэйшая форма пратэсту. Калёнія бунтавала, усе абураліся гэтым выпадкам. У плечы гэтаму афіцэру кідалі кепскія словы. Там не баяцца. Там могуць стаяць за мэтар і сказаць што думаюць. Я чуў гэта на кожным кроку».

Што датычыць таго афіцэра, яму нічога не было, кажа былы палітвязень, толькі нейкае маральнае спагнаньне.

«Ва ўсе часы турэмная адміністрацыя заўсёды добра праінфармаваная»

Нярэдка турэмная адміністрацыя, адчуваючы, што ня ў стане самастойна здушыць хвалю пратэстаў, выклікае на месца падмацаваньне кшталту АМАПу. Паводле зьвестак, якія трапілі на волю ад асуджаных, такое здарылася сёлета ў Шклоўскай калёніі (падзеі прыпадаюць на час, калі ў ПК утрымліваўся палітвязень Мікола Статкевіч). Прычынай для бунту стала рашэньне адміністрацыі этапаваць у іншую ўстанову аднаго з зэкаў, які карыстаўся павагай сярод іншых сядзельцаў. Вязьні пачалі абурацца, была пагроза масавага «ўскрыцьця». Дзеяньні АМАПу па здушэньні пратэсту, як кажуць, былі досыць «мяккія» — «зьлёгку прайшліся па сьпінах». У выніку этапаваньне адклалі. Вязьні супакоіліся. Хоць потым, празь нейкі час, асуджанага ўсё ж вывезьлі. Ці былі яшчэ пратэсты — невядома.

Зьміцер Дрозд
Зьміцер Дрозд

Былы палітвязень, фігурант падзеяў на Плошчы ў 2010 годзе, гісторык-архівіст Зьміцер Дрозд, які вывучае мінулае менскага Пішчалаўскага замка — цяперашняй «Валадаркі» — за час свайго зьняволеньня ў СІЗА № 1 ды бабруйскай калёніі ня стаў сьведкам нейкіх масавых акцыяў пратэсту.

Як кажа Зьміцер Дрозд, працуючы ў гістарычных архівах ды слухаючы расказы старых ЗК, ён прыйшоў да высновы, што адна з галоўных прычынаў, чаму ў вязьняў узьнікаюць пратэстныя настроі, — гэта неверагодная перапоўненасьць камэраў:

«Менавіта перапоўненасьць і стала падставай для бунту ў турэмным менскім замку ў 1831 годзе. Насамрэч Пішчалаўскі замак сваімі ўласнымі зьняволенымі быў рэдка перапоўнены. За выключэньнем 1830-х, 1860-х, калі празь Менск ішоў вялікі натоўп перасыльных вязьняў. Часам маглі гнаць этап і па 200, і па 300, і нават па 400 чалавек. Хоць менская турма была разьлічаная на 200, максымум на 250 чалавек. Ведаю з уласнага досьведу ўтрыманьня на «Валадарцы», што гэта — сядзець, калі камэра разьлічаная на 15 ЗК, а там 25. Гэта нельга разьвярнуцца, а спаць магчыма толькі па чарзе. Гэта цяжка вытрымаць. А ў той час ня ўсім вязьням нават знайшлося месца ў замку. Польскіх ваеннапалонных, для прыкладу, зьмясьцілі ўвогуле ў нейкі хлеў. І нават начальнік турмы разумеў, што сытуацыя ненармальная, а таму дазваляў палонным, каб там былі адчыненыя дзьверы і людзі бачылі сьвятло. Агулам у бунце ўзяло ўдзел недзе 35–40 чалавек... З прычыны невялікай колькасьці ўдзельнікаў ён быў здушаны...»

Архіўнае фота Пішчалаўскага замку
Архіўнае фота Пішчалаўскага замку

Паводле Зьмітра Дразда, у тыя часы турэмнікам даволі пасьпяхова ўдавалася заміраць і прадухіляць бунты зьняволеных. Пакараньні ж для бунтаўнікоў, як, дарэчы, і ўтрыманьне іх за кратамі, былі нашмат мякчэйшыя, чым цяпер:

«Тады, як і цяпер, адміністрацыя пра ўсё, што рабілася ў турме, была добра праінфармаваная. Найперш дапытвалі інфарматараў. Пытаньні бунту абмяркоўваліся ў камэрах загадзя. У якасьці дапамогі быў выкліканы атрад хуткага рэагаваньня зь Менскага гарнізону. Гэта недзе 50 чалавек, якія хутка ўсіх супакоілі. Сур’ёзных ахвяраў не было. Толькі адзін паранены ахоўнік. Таксама прайшлі судовыя паседжаньні, аднак нейкіх сур’ёзных наступстваў для бунтаўнікоў гэта ня мела. Начальства і суд разумелі, што караць людзей нельга, бо парушаныя ўмовы іх утрыманьня».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG