Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як зьмянілася колькасьць насельніцтва беларускіх гарадоў з 1990-х


Бабруйск з пачатку 90-х страціў 14 тысяч жыхароў, а Горадня пабольшала на 85 тысяч. Мы дасьледавалі зьмены колькасьці насельніцтва ўва ўсіх раённых ды абласных цэнтрах краіны і знайшлі шмат нечаканых лічбаў.

Менск, Горадня, Берасьце ды іншыя гарады з ростам колькасьці насельніцтва

Мы адзначылі буйны рост — больш чым на 10 тысяч жыхароў — у 10 гарадах. Менск прыбавіў прыкладна на 341 тысячy, Горадня — на 85, Берасьце — на 67, Гомель — на 38, Віцебск — на 20. З гэтага вынікае, што два заходнія абласныя цэнтры неўзабаве могуць абысьці колькасьцю насельніцтва Віцебск і Магілёў, але далей — яшчэ цікавей. Магілёў з ростам у 14 тысяч жыхароў абагналі нават Жлобін і Пінск, кожны зь якіх прырос на 15 тысяч. Таксама ў топ-10 Баранавічы з ростам на 13 тысяч і Салігорск — з ростам на 11 тысяч. З гарадоў — не раённых цэнтраў значным ростам зьдзівіла Жодзіна, дзе стала жыць больш на 8 тысяч чалавек.

Але і за ростам, меншым за 10 тысяч, хаваюцца нечаканасьці. Невялічкія Дрыбін на Магілёўшчыне ды Брагін на Гомельшчыне сталі буйнейшымі ўсяго на 2 тысячы жыхароў кожны, але гэта прыкладна стоадсоткавы рост — то бок насельніцтва гэтых гарадоў вырасла з пачатку 1990-х удвая. Падваеньне Дрыбіна зьвязанае з наданьнем яму статусу раённага цэнтру ў 1989 годзе ды перасяленьнем у новы раён жыхароў з тэрыторыяў, пацярпелых ад Чарнобыльскай катастрофы.

Значны рост у адсотках таксама ў Заслаўя й Кармы — на 50%, Лагойску — на 30%, Смалявічаў, Узды, Фаніпалю — на 20%.

Як правіла, насельніцтва гарадоў прыбаўляецца пасьля павелічэньня іх плошчы. Напрыклад, у 2016 годзе да Гомля далучылі 10-тысячную Касьцюкоўку.

Бабруйск, Ворша, Барысаў ды іншыя гарады, дзе жыхарства меншае

Калі на Берасьцейшчыне ў большасьці раённых цэнтраў колькасьць жыхароў павялічылася, то на Магілёўшчыне — наадварот: 15 з 21 яе страцілі. З гэтага рэгіёну амаль палова адмоўнага топ-10, у тым ліку яго лідэр — Бабруйск. Гэты горад стаў меншы на 14 тысяч жыхароў. Ворша ды Барысаў страцілі 7 тысяч, Крычаў — 6, Сьветлагорск, Быхаў і Пружаны — 5, Рэчыца, Асіповічы, Дуброўна й Вялейка — 3. Калі параўноўваць колькасьць насельніцтва не з 1991-м, а з 2007 годам, то адмоўны лідэр — Барысаў. За апошнія 10 год горад страціў ажно 30 тысяч жыхароў.

Таксама вельмі дрэнная сытуацыя ў Нароўлі, Бешанкавічах, якія поруч з ужо ўзгаданым Дуброўнам страцілі траціну насельніцтва, і ў Хоцімску зь Бераставіцай, які страцілі чвэрць.

Чакаем зьменаў у сьпісе найбуйнейшых гарадоў краіны

Горадня неўзабаве мусіць стаць трэцім горадам краіны пасьля Менску й Гомля, а Берасьце — чацьвёртым. Але сьпіс найбуйнейшых гарадоў зьменіцца ня толькі ўверсе. Пры захаваньні тэндэнцыі Баранавічы стануць найбуйнейшым раённым цэнтрам замест Бабруйску. Таксама Пінск абыдзе Барысаў, Мазыр — Воршу, а Салігорск апярэдзіць Наваполацак.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG