Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску заплянавалі ўзьвядзеньне помніка Кастусю Каліноўскаму


Бюст Кастуся Каліноўскага ў Сьвіслачы, што ў Гарадзенскай вобласьці
Бюст Кастуся Каліноўскага ў Сьвіслачы, што ў Гарадзенскай вобласьці

У новым пляне забудовы вуліцы Каліноўскага ў Менску прадугледжаная мэмарыяльная зона з помнікам герою паўстання 1863 году, піша Onliner.by.

Праект забудовы, распрацаваны «Мінскграда», вынесены на грамадзкае абмеркаваньне. У камітэце архітэктуры і горадабудаваньня Менгарвыканкаму паведамілі, што калі праект вынесены на грамадзкае абмеркаваньне, то, значыць, ён ужо быў узгоднены.

Аднак помнік можа і не зьявіцца, тлумачыць у камэнтары «Нашай Ніве» начальніца аддзелу гістарычнай забудовы і добраўпарадкаваньня камітэту архітэктуры Іна Вабішчэвіч:

«Дэтальны плян забудовы — гэта дакумэнт пра стратэгію разьвіцьця, кірунак разьвіцьця тэрыторыі. І ў такіх дакумэнтах помнікі не пазначаюць, — кажа Вабішчэвіч. — Узгадненьне і ўсталяваньне помніка праходзіць зусім па-іншаму, яно ня мае дачыненьня да дэтальнага пляну забудовы, яно можа праходзіць пазьней ці нават паралельна і незалежна ад яго».

Па словах Вабішчэвіч, кожны помнік, які ставяць у гонар нейкай асобы, спачатку павінен атрымаць «дабро» ад прэзыдэнта. Толькі калі Аляксандар Лукашэнка ня выкажацца супраць, тады пачынаецца праца.

Што тычыцца нейкай працы па ўсталяваньні помніка Каліноўскаму, то ва ўпраўленьні па ідэалягічнай працы Менгарвыканкаму сказалі, што нічога пра гэта ня чулі. У «Мінскграда» падрабязнасьці зьяўленьня помніка ў сваім праекце пакуль не камэнтуюць.

Кампанія зьбіраньня подпісаў праходзіла яшчэ ў 2013 годзе. Тады за ўсталяваньне помніка Каліноўскаму выказаліся амаль 4 тысячы чалавек. Але Менгарвыканкам адказаў, што на адзін з дамоў па вуліцы Каліноўскага вярнулі мэмарыяльную дошку, таму ўсталёўваць помнік ужо «немэтазгодна».

Помнікаў Каліноўскаму ў Беларусі няма, маецца толькі бюст ў Сьвіслачы. У Вільні, што ў Літве, ёсьць шыльда на вуліцы Каліноўскага, мэмарыяьны знак на месцы павешаньня і меркаваная магіла.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG