Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні пачалі рыхтаваць пляцоўку пад помнік Давыду Гарадзенскаму


Праект помніка Давыду Гарадзенскаму

На скрыжаваньні вуліцаў Замкавай і Давыда Гарадзенскага ў Горадні пачаліся работы па падрыхтоўцы да ўсталёўкі помніка кашталяну замка, вядомаму з гісторыі як Давыд Гарадзенскі.

Для ўвасабленьня абраная праца менскага аўтара Сяргея Аганава. Цяпер рыхтуюць пляцоўку і падмурак, сам камень апрацаваны, 4 верасьня скульптар прыступіў да працы, але дата ўсталёўкі пакуль не называецца.

Варыянт скульптуры, што перамог у конкурсе, гэта скульптура на мяжы барэльефу і гарэльефу. У скульптуры Давыд Гарадзенскі выяўлены на кані, зь мячом у адной руцэ і шчытом з выявай шасьціконцага крыжу ў другой. Пад канём – выявы Калоскай царквы з аднаго боку і брамы замка – зь іншага.

Пляцоўка на скрыжаваньні вуліцаў Замкавай і Давыда Гарадзенскага ў Горадні, дзе мае зьявіцца помнік Давыду Гарадзенскаму
Пляцоўка на скрыжаваньні вуліцаў Замкавай і Давыда Гарадзенскага ў Горадні, дзе мае зьявіцца помнік Давыду Гарадзенскаму

Давыд Гарадзенскі праславіўся шэрагам ваенных перамогаў: у 1305 годзе разам з Гедзімінам разьбіў каля Горадні войскі камэнданта Брандэнбургу, годам пазьней узначаліў пасьпяховую абарону Гарадзенскага замку, які аблажылі 6 тысячаў лёгкіх коньнікаў і сотня цяжкаўзброеных рыцараў пад камандаваньнем комтура Кёнігсбэргу, у 1314 разьбіў крыжакоў, што аблажылі Наваградак, у 1319 годзе на чале 800 вершнікаў заваяваў прускую вобласьць Вагенштоф, у 1322 годзе дапамог Пскову ў барацьбе зь Лівонскім ордэнам, стаўшы на кароткі час князем Пскова, у 1323 годзе разьбіў пад яго сьценамі дацкае войска і дайшоў да Рэвэлю, затым яшчэ раз адкінуў ад Пскова нямецкіх рыцараў, якія асаджалі горад 18 дзён, а потым разьбіў іх, у 1324 годзе арганізаваў паход войскаў ВКЛ на Мазовію, у 1326 годзе на чале атраду з 1200 коньнікаў рэйд на Брандэнбург і Франкфурт-на-Одэры.

У час апошняга рэйду быў забіты, як мяркуецца, падкупленым немцамі мазавецкім рыцарам. Пахаваны каля сьценаў Барысаглебскага манастыра (ля Калоскай царквы), дзе яму ўжо ўсталяваны помнік-валун.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG