Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пінчук прыйшоў адзначыцца ў міліцыю — а выйшаў пабіты і праз тры дні


Эльхан Шапялевіч выйшаў з будынка ГАУС у Пінску з гузаком пад вокам

Жыхар Пінску Эльхан Шапялевіч мусіць раз на тыдзень адзначацца ў міліцыі, бо ён пад наглядам за адміністрацыйныя правапарушэньні. 5 кастрычніка пінчук прыйшоў у ГАУС па вуліцы Кірава, а выйшаў адтуль толькі праз тры дні. Міліцыянты ня толькі арыштавалі Эльхана, але і жорстка яго зьбілі.

Эльхан толькі цяпер наважыўся расказаць пра гэта, бо супрацоўнікі МУС патрабавалі, каб ён ня скардзіўся на іх дзеяньні.

Будынак пінскага ГАУС
Будынак пінскага ГАУС

Зьбіцьцё і затрыманьне стала вынікам таго, кажа Эльхан, што ва ўчастку ад яго запатрабавалі прызнацца ў злачынстве. Калі пінчук адмовіўся падпісваць прызнаньне, то «размова» зь ім працягнулася ў аўтазаку.

Сьляды ад кайданкоў
Сьляды ад кайданкоў

«Хацелі на мяне „павесіць“ нераскрытае злачынства паводле 147 артыкула, нанясеньне цяжкіх цялесных пашкоджаньняў, калі не памыляюся. Я катэгарычна адмовіўся падпісваць нейкія паперы. У выніку двое супрацоўнікаў ППС вывелі мяне зь міліцэйскага ўчастка, завялі ў аўтазак, дзе пачалі зьбіваць. Я мяркую, што адмыслова мяне вывелі з будынка, бо там паўсюль стаяць камэры, а вось у аўтазаку ніхто і нішто ім не перашкаджала катаваць, — кажа Свабодзе Шапялевіч. — Пасьля зьбіцьця ў аўтазаку міліцыянты працягнулі зьдзекі. Мяне адвезьлі на „ўсходні“ ўчастак у Пінску, начапілі кайданкі, сьціскалі іх да максымуму. Пры гэтым ад мяне патрабавалі, каб прызнаўся ў злачынстве, якога не ўчыняў. У выніку зь міліцыі я выйшаў з гузакамі і моцна пабіты. І выйшаў толькі праз тры дні, бо пасьля зьбіцьця мяне кінулі ў ізалятар».

Родным Эльхана пра затрыманьне і арышт ніхто не паведаміў. Ужо пазьней праваабаронцы даведаліся, што пасьля затрыманьня Эльхана асудзілі на тры дні арышту і тры базавыя велічыні штрафу за адміністрацыйнае правапарушэньне. Прычым паводле якога артыкула, Эльхан ня ведае, бо пратаколу яму не паказалі, а агучылі толькі рашэньне аб пакараньні.

Падзеі працягнуліся 16 кастрычніка. У той дзень Эльхан чарговы раз прыйшоў адзначыцца ў ГАУС. Калі ён вярнуўся дадому, да яго зноў прыехалі міліцыянты, затрымалі і зьмясьцілі яго ў СІЗА.

Эльхан кажа, што прычынай затрыманьня стала нейкае правапарушэньне яшчэ зь лета:

«Міліцыянты раптам высьветлілі, што 21 чэрвеня я нібыта пераходзіў вуліцу не празь пешаходны пераход. Але гэтая адміністрацыйная справа недзе „згубілася“. А вось цяпер дакумэнты знайшліся. Таму было прынята рашэньне затрымаць мяне цяпер. За кратамі я правёў ажно пяць дзён».

Гэтаксама як і падчас папярэдняга затрыманьня, ні родным, ні праваабаронцам не далі азнаёміцца з пратаколам і не патлумачылі акалічнасьцяў справы.

Праваабаронца зь Пінску Руслан Гусейнаў кажа, што часта людзі баяцца агучваць факты катаваньняў з боку міліцыянтаў. Падстава для затрыманьняў і нават арыштаў — адсутнасьць флікера або нецэнзурная лаянка.

«Яшчэ пасьля першага затрыманьня Эльхана Шапялевіча мы разам зь ім зьвярнуліся ў суд з просьбай прадставіць матэрыялы справы. Але судзьдзя падчас сустрэчы катэгарычна адмовіўся даць пратакол і пастанову суду для азнаямленьня. Нам было сказана, што мы можам пісьмова зьвярнуцца ў суд і чакаць адказу. Але да гэтага часу ніякага адказу так і не атрымалі», — кажа Свабодзе Гусейнаў.

Міліцыя: «Такі выпадак не зарэгістраваны»

Намесьнік начальніка Пінскага гарадзкога аддзелу міліцыі Аляксандар Антановіч сказаў карэспандэнту Свабоды, што такі выпадак не зарэгістраваны.

«А ён некуды зьвяртаўся ці толькі на радыё патэлефанаваў? Няхай зьвернецца, тады будзем праводзіць праверку. Я пакуль нічога не магу патлумачыць. Насамрэч у нас такога не зарэгістравана».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG