Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бабруйскага блогера Жалнова, які здымаў міліцыянтаў на відэа, вінавацяць у зьнявазе іх гонару


Алег Жалноў

Бабруйскага актывіста прафсаюзу работнікаў Радыёэлектроннай прамысловасьці, блогера Алега Жалнова вінавацяць у зьнявазе гонару, годнасьці і дзелавой рэпутацыі службовых асобаў Упраўленьня ўнутраных спраў Магілёўскага аблвыканкаму і Бабруйскага гарвыканкаму. Бабруйскі суд пачаў разгляд пазову.

Міліцыя: Відэаролік нэгатыўна паўплываў на рэпутацыю сыстэмы ўнутраных спраў

У паведамленьні на сайце абласной міліцыі імёны пазоўнікаў не падаюцца. Адзначаецца, што нагодай для звароту ў суд стаў разьмешчаны Жалновым у інтэрнэце відэаролік, які, на думку пазоўнікаў, «носіць відавочна тэндэнцыйны характар і ўтрымлівае зьвесткі, якія не адпавядаюць рэчаіснасьці»​.

«Зьвесткі, выкладзеныя ў відэароліку ў саркастычнай форме, свайго пацьверджаньня не знайшлі, — гаворыцца ў публікацыі. — Разам з тым адмоўныя выказваньні аўтара пра зьдзяйсьненьне супрацоўнікамі органаў унутраных спраў цяжкога злачынства атрымалі вялікі грамадзкі розгалас, што нэгатыўна паўплывала на рэпутацыю, як непасрэдна ініцыятараў судовага разьбіральніцтва, так і ўсёй сыстэмы ўнутраных спраў».

Блогер: сэнс відэароліка ў тым, каб міліцыя не прыкрывалася загадам для службовага карыстаньня, а выконвала закон

Алег Жалноў славуты тым, што фіксуе на відэакамэру, як ён лічыць, правапарушэньні міліцыі, а затым выкладае іх у інтэрнэт. За сваю выкрывальніцкую дзейнасьць блогер не аднойчы трапляў пад адміністрацыйны і нават крымінальны перасьлед. Цяпер ён фігурант грамадзянскай справы.

Жалноў кажа, што ў суд з пазовам зьвярнуліся былы начальнік Упраўленьня ўнутраных спраў Бабруйскага гарвыканкаму, а цяпер начальнік абласной крымінальнай міліцыі Аляксандар Васільеў ды камандзір узводу роты ДАІ Бабруйскага гарвыканкаму Яўген Сераштанаў. Васільеў дамагаецца кампэнсацыі маральнай шкоды 5 тысяч рублёў, а Сераштанаў — 3 тысячы рублёў.

Нагодай для судовай цяжбы стаўся ролік, выкладзены блогерам у інтэрнат дзесяць месяцаў таму. Па словах Жалнова, у пяціхвілінным фільме ён крытыкуе парадак допуску наведнікаў у Бабруйскае ўпраўленьне міліцыі.

Блогер адзначае, што на ўваходзе ў грамадзян забіраюць мабільныя тэлефоны, відэа і гуказапісваючыя прыстасаваньні, тым самым перашкаджаюць галоснасьці ў органах унутраных спраў, а таксама спрыяюць магчымым злоўжываньням з боку міліцыянтаў.

«Сэнс роліка ў тым, каб усім мірам дамагацца выкананьня міліцыяй закону і не прыкрывацца загадам міністра ўнутраных спраў для службовага карыстаньня, які абмяжоўвае правы і свабоды грамадзян, — казаў Свабодзе Жалкоў. — Я задаваў пытаньні ў міліцэйскім будынку, чаму ня ўсіх наведнікаў даглядаюць пры ўваходзе. Васільеў і Сераштанаў абурыліся тым, што ў роліку я, нібыта, паведаміў інфармацыю, якая не адпавядае рэчаіснасьці і якая зьневажае іх. Якія менавіта зьвесткі не адпавядаюць рэчаіснасьці, міліцыянты ў пазове не ўказалі».

Алег Жалноў заўважае, што пазоў для яго не зразумелы і ён пакуль не гатовы казаць, ці прызнае яго.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG