Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Льюіс выпраменьвае аптымізм, бо гэта частка ягонай працы», — хакейны экспэрт пра пэрспэктывы беларусаў у Парыжы


Зборная Беларусі па хакеі
Зборная Беларусі па хакеі

5 траўня ў Нямеччыне і Францыі стартуе чарговы хакейны чэмпіянат сьвету ў топ-дывізіёне. Зборная Беларусі на папярэднім этапе ў групе В будзе раскватараваная ў Парыжы, у супернікі ёй жэрабя вызначыла Фінляндыю, Чэхію, Канаду, Швайцарыю, Славенію, Нарвэгію і Францыю.

У групе А ў Кёльне згуляюць каманды Расеі, ЗША, Швэцыі, Славаччыны, Нямеччыны, Латвіі, Даніі, Італіі.

Згодна з фарматам спаборніцтваў, у чвэрцьфінал выйдуць чатыры лепшыя калектывы кожнай групы, два горшыя страцяць прапіску ў хакейнай эліце.

Галоўны трэнэр беларусаў, канадзкі спэцыяліст Дэйв Льюіс напярэдадні сёньняшняй сустрэчы зь фінамі выпраменьвае аптымізм, нават кажа пра задачу-максымум — вярнуцца дадому з мэдалямі.

Галоўны трэнер нацыянальнай сборнай Дэйв Льюіс
Галоўны трэнер нацыянальнай сборнай Дэйв Льюіс

Тым ня меней апошнія гульні эўрапейскага турніру «Эўрачэлендж» асаблівай баяздольнасьці каманды не засьведчылі. А калі прыгадаць, што летась беларусы ледзьве ўратаваліся ад таго, каб ня вылецець у ніжэйшы дывізіён, чаканьні заўзятараў досыць трывожныя.

Трэнэр: склад наймацнейшы. Экспэрт: найслабейшы за тры гады

Пра пэрспэктывы зборнай Беларусі карэспандэнт Радыё Свабода пагутарыў з хакейным аглядальнікам газэты «Прессбол» Вячаславам Федарэнкавым, акрэдытаваным на чэмпіянат сьвету:

Хакейны аглядальнік Вячаслаў Федарэнкаў
Хакейны аглядальнік Вячаслаў Федарэнкаў

«Дэйв Льюіс дэманструе аптымізм, бо гэта частка ягонай працы, — тлумачыць суразмоўца. — Хто аптымізм не выпраменьвае, таго звальняюць адразу. Што да ўсяго астатняга, то я заўсёды даволі стрымана стаўлюся да нейкіх грунтоўных высноваў па выніках „Эўрачэленджаў“. Усё ж трэба казаць, што гэта таварыскі турнір: хоць і ёсьць агульны залік, але ён папросту сьмешны. Таму калі што і аналізаваць, то напэўна ж безадносна да гэтых гульняў».

Разам з тым, па словах Федарэнкава, некаторыя заявы настаўніка беларусаў разыходзяцца з рэаліямі. У прыватнасьці, ягоныя запэўніваньні, што сёлета пад яго началам сабраны наймацнейшы склад хакеістаў:

«Найперш ён зьдзівіў мяне сваёй прамовай, што гэта наймацнейшы склад зборнай пад яго кіраўніцтвам. Як падаецца, усё з дакладнасьцю да наадварот — найслабейшы за тры гады. Не скажу, што ў мяне загадзя сфармаваўся пэсымістычны настрой, але будзе цікава параўнаць. Я бачыў, як гэта было прыгожа ў 2015 годзе ў Чэхіі на чэмпіянаце сьвету, і бачыў, як было амаль беспрасьветна годам пазьней — а летась склад сапраўды быў наймацнейшы. Па вялікім рахунку, няма наўпроставай залежнасьці паміж складам і вынікам. Таму цікава, што зараз атрымаецца ў Францыі. А як дасьць бог і выйдзем у чвэрцьфінал — дык яшчэ і ў Нямеччыне».

Галоўны трэнэр адмовіўся ад паслугаў шэрагу вядучых хакеістаў, якія маглі істотна ўзмацніць склад зборнай. Так, за бортам апынуліся асыміляваны амэрыканец Нік Бэйлен, Андрэй Сьцяпанаў, Мікіта Камароў, Кірыл Гатавец ды іншыя. Рашэньне, якое выклікала крытыку з боку спэцыялістаў і спартовых журналістаў:

«Заявамі пра і без таго баяздольны склад галоўны трэнэр, мяркую, больш пераконвае гульцоў, — лічыць Вячаслаў Федарэнкаў. — Не сябе самога, бо сам усё цудоўна разумее, а сваіх падначаленых. Ёсьць пэўны палітэс, калі трэнэр мусіць пра гэта казаць перад кожным буйным турнірам — маўляў, мы самыя моцныя, мы ўпэўненыя, усё ў камандзе добра. А як ужо будзе насамрэч — паглядзім. Прынамсі я сёньня вельмі спадзяюся: горш, чым летась у Санкт-Пецярбургу, ня будзе. Бо папросту няма куды. Горш — гэта ўжо скочваньне ў ніжэйшы дывізіён, адпаведна, некалькі крокаў назад».

Прэзыдэнт: будзем скарачаць лігу. Экспэрт: рэвэранс перад Украінай

На перакананьне суразмоўцы, чарговы правал можа дорага каштаваць рулявому беларусаў. Пры ім зборная ня здолела прабіцца на алімпійскі турнір, таму ў выпадку форс-мажору кантракт будзе скасаваны дачасна:

«Сам Льюіс цудоўна разумее, што для яго настае своеасаблівы рубікон — трэцяга запар няўдалага выступу, мяркую, яму не даруюць. Нават нягледзячы на тое, што кантракт зь ім разьлічаны да 2018 году. З улікам няўдалага выступу на мінулагоднім чэмпіянаце сьвету, з улікам таго, што ня выйшлі на Алімпіяду, наступны правал будзе пэўна апошнім. Хоць я ўсё ж спадзяюся, што дапрацаваць ён хоча. Магчыма, нешта ведае, чаго ня ведаем мы, таму і выказвае аптымізм. Ня толькі як частку сваёй працы, а цалкам шчыра. Прынамсі, цікавы паварот падзеяў, будзем глядзець».

Чаго бракуе беларусам дзеля таго, каб засяродзіцца на мэдалёвых пэрспэктывах, а не на змаганьні за выжываньне сярод мацнейшых? Дзе рэзэрв, які павінна забясьпечваць ня самая горшая тэхнічная база? Як ні круці, па ўсёй Беларусі пад чатыры дзясяткі лядовых арэнаў. На думку Вячаслава Федарэнкава, цяперашняе месца беларусаў у рэйтынгу цалкам адпавядае стану хакейнай справы: ня надта добра, але магло быць значна горш:

«Некалькі дзён таму я рыхтаваў артыкул і прыйшоў да высновы: ня ўсё добра, але, відавочна, і ня так дрэнна, як можа камусьці падацца. Напрыклад, колькасьць нашых каткоў амаль удвая саступае Славаччыне. Ці Латвія, дзе насельніцтва 2 мільёны і плошча непараўнальная зь беларускай: у іх 19 арэнаў, у нас — 38. Нібыта ўдвая больш, але і тэрыторыя, і жыхароў у нас больш у некалькі разоў. На юніёрскім чэмпіянаце сьвету мы ўпершыню за паўтара дзесяцігодзьдзя засталіся ў эліце. Ня проста выйшлі і адразу спаўзьлі ўніз, а выйгралі за выжываньне ў той жа Латвіі. Як мінімум падрыхтоўка рэзэрву ў нас ня горшая за латвійскую. А як максымум — апярэджваем шэраг такіх краін, як Нямеччына, Аўстрыя, дзе, зразумела, грошы ўкладаюцца значныя, а вынікі горшыя, чым у нас. Таму дзесьці так пасярэдзіне і ёсьць: можна лепш, але крычаць, што ў нас усё завалена, я б ня стаў».

Днямі прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі хакею Рэнэ Фазэль заявіў пра магчымую зьмену фармату першынстваў у розных дывізіёнах: ад скарачэньня колькасьці камандаў у эліце да павелічэньня квоты ўдзельнікаў у мінорных лігах. Навацыя аргумэнтуецца тым, што трэба падвышаць глядацкі інтарэс і падаграваць інтрыгу спаборніцтваў. Ці трэба сумнявацца, што з такой перабудовай беларусам прыйдзецца яшчэ цяжэй?

«Зразумела, што ўзбуйняць элітную групу проста няма за кошт каго, а скарачэньне калі і будзе, то ня сёньня і ня заўтра, — мяркуе суразмоўца. — Што да размоваў пра рэформы, заўсёды нешта абмяркоўваецца, прапануецца. Гэта тычыцца ўсіх кіраўнікоў на ўсіх пасадах — і дзяржаўных, і спартыўных, заўсёды яны вылучаюць нейкія ідэі, якія потым ідуць у масы. Не выключаю, што гэта быў, зноў жа, рэвэранс у бок гаспадароў чэмпіянату сьвету ў дывізіёне 1 ва Ўкраіне, бо заява была зроблена менавіта ў Кіеве. Паколькі ўкраінцы страцілі месца ў дывізіёне 1 групы А, фактычна скаціўшыся ў трэцюю паводле рангу групу ўсясьветнага хакею, трэба было нейкім чынам іх суцешыць — маўляў, будзем пашыраць склад удзельнікаў».

Фазэль: будуць рэформы. Экспэрт: ён сам пойдзе праз два гады

Швайцарац Рэнэ Фазэль яшчэ і вялікі сябра Аляксандра Лукашэнкі. Абодва ня толькі аматары хакею, але і сапраўдныя «вэтэраны», кожны на сваёй пасадзе ад 1994 году. Аднак нават Фазэль заявіў, што зьбіраецца на пэнсію, таму, не выключае Вячаслаў Федарэнкаў, абвешчаныя ім рэформы могуць як мінімум «замарозіцца»:

«Правілы і прынцыпы вызначаныя як мінімум да чэмпіянату сьвету 2018 году ў Даніі. Потым — чаму не, можа нешта і быць. Але трэба ўлічваць адзін момант. Бліжэйшым часам Фазэль, мяркуючы па ўсім, пойдзе з пасады, якую займае ад 1994-га. Таму калі хто і будзе займацца прасоўваньнем нейкіх навацый, то ня ён сам, а ягоны наступнік. Так ці інакш, пытаньне зьмяншэньня элітнага дывізіёну разглядаецца практычна кожны год. Але пакуль ёсьць фармат, ёсьць спонсарскія кантракты з мэдыйнымі кампаніямі, у агляднай будучыні зьмены наўрад ці магчымыя. Бо трэба разумець, навошта склад пашыраўся — перадусім дзеля тэлеправоў. Калі ня будзе ў эліце Італіі ці Аўстрыі, то і тамтэйшым тэлеканалам гэта нецікава. І адсекчы ўсё адным рухам наўрад ці хто адважыцца. Гэта проста страта грошай».

Пабачыць Парыж і памерці — відаць, ня тое, на што разьлічваюць беларускія заўзятары і спэцыялісты. Прынамсі Вячаслаў Федарэнкаў спадзяецца, што хаваць беларускую зборную дачасна:

«Дзе б я ні быў на чэмпіянатах сьвету — а гэта амаль уся Эўропа і Паўночная Амэрыка — часу на экскурсіі не застаецца. Я гляджу на нашу зборную і буду гэтым жа займацца ў Парыжы. Можа, здалёк Эйфэлеву вежу і пабачу, бо яна відаць адусюль, але ня больш. Галоўнае — гульня».

Між тым яшчэ да спаборніцтваў каманда Беларусі трапіла ў гучную гісторыю. Падчас вяртаньня цягніком з Бардо, дзе беларусы ўдзельнічалі ў «Эўрачэленджы», трэнэраў і гульцоў абшукалі паліцыянты. Падчас ператрусу перагледзелі асабістыя рэчы, праверылі таблеткі і ампулы ў мэдыка каманды.

Як заявіў старшыня фэдэрацыі хакею Беларусі Ігар Рачкоўскі, усё гэта вельмі нагадвае нядаўнюю гісторыю зь беларускімі весьлярамі — мінулагодняя Алімпіяда ў Рыё-дэ-Жанэйра прайшла бязь іх удзелу з прычыны сьлядоў мэльдонію, знойдзеных падчас трэніровачных збораў у Францыі. І дадаў: каб так сустракалі хоць адну зборную на чэмпіянаце сьвету — 2014 у Менску, тая б абвясьціла байкот. Па яго словах, падрыхтаваныя афіцыйныя лісты ў Міжнародную фэдэрацыю хакею і да арганізатараў усясьветнага першынства.

У зьвязку з інцыдэнтам Міністэрства замежных спраў Беларусі выклікала амбасадара Францыі Дзідзье Канэса, каб запатрабаваць ад францускага боку тлумачэньняў наконт ператрусу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG