Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік Пэнтагону рэзка раскрытыкаваў Кангрэс за сытуацыю з абаронным бюджэтам


Джым Мэтыс, архіўнае фота
Джым Мэтыс, архіўнае фота

У чацьвер, 8 лютага, у поўнач сканчаецца чарговы тэрмін часовага фінансаваньня ўраду ЗША.

Міністар абароны ЗША Джым Мэтыс жорстка раскрытыкаваў Кангрэс ЗША за непрыняцьце ім бюджэту, які вызначае ўзровень выдаткаў на абарону ў бягучым фінансавым годзе.

Палітычныя спрэчкі ў Вашынгтоне прывялі да частковага закрыцьця ўраду ў мінулым месяцы, празь некалькі гадзін пасьля таго, як Мэтыс выклаў новую стратэгію барацьбы з пагрозамі для краіны і акрэсьліў рэсурсы, неабходныя для выкананьня гэтай стратэгіі.

У аўторак, 6 лютага Мэтыс даў паказаньні на слуханьнях у Камітэце па ўзброеных сілах Палаты прадстаўнікоў і заявіў аб неабходнасьці поўнага фінансаваньня абароннага бюджэту, неабходнага для выкананьня новай стратэгіі. Яго заявы прагучалі незадоўга да магчымага новага частковага «шатдаўну» — закрыцьця фэдэральнага ўраду.

У чацьвер, 8 лютага апоўначы мінае тэрмін часовага фінансаваньня ўраду. Калі да гэтага часу ўжо ня будзе заключана новае пагадненьне аб бюджэтных выдатках, то фінансаваньне дзяржустаноў і дзяржпраграм будзе часткова прыпыненае — другі раз сёлета.

«Я прашу вас не дазваляць рознагалосьсям ва ўнутранай палітыцы працягваць трымаць у закладніках абарону нашай краіны, — сказаў Мэтыс у аўторак на слуханьнях у Камітэце. — Мы ўсе ведаем, што Амэрыка павінна забясьпечыць сабе магчымасьць выжываньня».

Камэнтары Мэтыса прагучалі за некалькі гадзін да таго, як у Палаце прадстаўнікоў было прызначана галасаваньне аб бюджэтным законапраекце. Гэты законапраект прапануе новыя часовыя захады фінансаваньня большай часткі фэдэральнага ўраду, але будзе цалкам фінансаваць Міністэрства абароны на суму ў 700 млрд даляраў да канца бягучага бюджэтнага году.

Чакаецца, што законапраект пройдзе праз Палату прадстаўнікоў, але можа быць заблякаваны ў Сэнаце дэмакратамі, якія выступаюць супраць разгляду вайсковых выдаткаў без уліку ўнутраных выдаткаў, не зьвязаных з абаронай.

Мэтыс сказаў, што без належнага фінансаваньня вайскоўцы павінны будуць зьмяніць сваю стратэгію, каб узяць на сябе вялікія рызыкі, і пры гэтым яны будуць працягваць страчваць свае перавагі на кожным напрамку забесьпячэньня бясьпекі краіны.

Старшыня Камітэту ўзброеных сіл Палаты прадстаўнікоў рэспубліканец Мак Торнбэры назваў паказаньні Мэтыса «рэзкім» і «самым прамым» папярэджаньнем, якое яму даводзілася чуць у пытаньні аб неабходнасьці прыняцьця бюджэту.

Старэйшы кангрэсмэн-дэмакрат у Камітэце Адам Сміт сказаў Мэтысу, што ўрад ужо мае запазычанасьць у памеры 21 трыльёна даляраў і мае патрэбу ў бюджэце, які можа «адпавядаць» агульным патрэбам краіны.

У аўторак на брыфінгу для СМІ прэс-сакратарка Белага дома Сара Гакабі Сандэрс заявіла, што, нягледзячы на існуючыя сур’ёзныя рознагалосьсі ў Кангрэсе наконт працэдуры прыняцьця бюджэту, мэта цяперашняй амэрыканскай адміністрацыі застаецца ранейшай — дамагацца ў перспектыве прыняцьця доўгатэрміновага бюджэтнага дакумэнту тэрмінам на 2 гады. Гэта, паводле Сандэрс, дапаможа вайскоўцам у вырашэньні задач гарантаваньня бясьпекі краіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG