Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праца фэдэральнага ўраду ЗША спыненая з прычыны таго, што апоўначы з пятніцы на суботу 20 студзеня скончыўся тэрмін дзеяньня закона аб фінансаваньні яго дзейнасьці. Гэтую сытуацыю называюць «shutdown» (закрыцьцё).

Асноўнай перашкодай стала пазыцыя дэмакратаў, якія настойвалі на ўключэньні ў тэкст законапраекту гарантыяў дзяржаўнай абароны для як мінімум 700 000 нелегальных імігрантаў, прывезеных у ЗША дзецьмі.

Што такое «shutdown»?

Прыпыненьне працы фэдэральнага ўраду ў ЗША называюць «shutdown». Пачынаючы з 1976 года падобныя падзеі адбываліся ўжо 36 разоў.

Нягледзячы на тое, што крайнія тэрміны фінансаваньня дзяржаўных ведамстваў скончыліся ў ноч на суботу, эфэкт ад гэтага амэрыканцы змогуць адчуць толькі ў бліжэйшы панядзелак, калі на працу ня выйдуць супрацоўнікі фэдэральных службаў, чыя праца не зьвязаная з забесьпячэньнем нацыянальнай бясьпекі.

Будуць зачыненыя ўстановы, якія атрымліваюць дзяржаўнае фінансаваньне, разам з музэямі і нацыянальнымі паркамі. Спыніць працу шэраг фэдэральных ведамстваў — Цэнтар па кантролі за распаўсюджваньнем захворваньняў, падатковая служба і некаторыя іншыя. Не выйдуць на службу грамадзянскія служачыя Міністэрства абароны ЗША.

Кангрэс пры гэтым працягне працу, але большасьць супрацоўнікаў апарату будзе вымушана заставацца дома.

Хто будзе працаваць?

Некаторыя службы, якія маюць дадатковыя крыніцы фінансаваньня, таксама працягнуць працу. Так, будзе дзейнічаць пошта, а фэдэральныя і мясцовыя суды падчас спыненьня працы ўрада маюць права выкарыстоўваць для працягу сваёй дзейнасьці сродкі, атрыманыя ад выплаты штрафаў і розных пошлін.

Супрацоўнікі ўстановы, «якая забясьпечвае нацыянальную бясьпеку, якая абараняе жыцьцё, здароўе і ўласнасьць грамадзян» працягне працу. У іх ліку — вайскоўцы, паліцэйскія, супрацоўнікі службаў бясьпекі аэрапортаў, лекары, авіядысьпетчары, інспэктары па бясьпецы харчовых прадуктаў і некаторыя іншыя.

Праўда, іх праца ня будзе аплачана, калі Кангрэс ня прыме адмысловы закон аб кампэнсацыі за працу ў гэты пэрыяд.

Частковае закрыцьцё ўраду ЗША ўжо адбывалася ў часы прэзыдэнта Барака Абамы ў 2013-м годзе, у выніку вострага супрацьстаяньня па праграме аховы здароўя, так званай Obamacare. Тады «shutdown» доўжыўся 16 дзён. На сваіх працоўных месцах вымушана адсутнічалі 850 000 чыноўнікаў розных службаў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG