На 85-м годзе памерла супрацоўніца Канадзкага фонду дапамогі ахвярам Чарнобыля ў Беларусі Паўліна Пашкевіч-Сьміт. Пра гэта паведаміла старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла.
«Зь вялікім сумам даведалася, што адышла ў лепшы сьвет мая сяброўка Паўліна Пашкевіч-Сьміт, — піша Івонка Сурвіла на сайце Рады БНР. — Нарадзілася яна ў Канадзе ў сям’і беларускіх баптыстаў са Століншчыны, бацькі эмігравалі на пачатку 1930-х. Пазнаёміліся мы, калі пераехалі ў правінцыю Квэбэк, дзе яна брала актыўны ўдзел у галіне школьніцтва. А як закладалі Канадзкі фонд дапамогі ахвярам Чарнобыля ў Беларусі і былі патрэбны тры подпісы людзей, якія ня мелі сямейных сувязяў між сабой, Паўліна стала адной з тых падпісантак — разам зь Зінай Гімпілевіч і мной».
Сурвіла падрабязна пісала пра Паўліну Пашкевіч-Сьміт у сваёй кнізе «Дарога», якая выйшла ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды» (PDF). Згадвала пра яе як адну з выдатных жанчын, якіх пашчасьціла спазнаць у жыцьці.
«Паўліна зрабіла велізарны ўнёсак у дзейнасьць нашага фонду. Шмат гадоў усё лета ў яе жылі перакладчыкі, якія прыяжджалі зь беларускімі дзецьмі ў Канаду. Уваходзіла ва ўправу і выконвала розныя функцыі ў гэтай якасьці», — падсумоўвае Сурвіла.
Паводле яе, да апошніх гадоў Паўліна Пашкевіч-Сьміт марыла адведаць зямлю сваіх продкаў, але так і не пасьпела.