Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калі казаць пра лёгіку ўвядзеньня мяжы, то гэты крок у гэтую канву кладзецца», — экспэрт пра памежны кантроль на авіярэйсах зь Беларусьсю


Андрэй Паротнікаў

Кіраўнік праекту Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў пракамэнтаваў у інтэрвію карэспандэнту Свабоды ўвядзеньне Расеяй памежнага кантролю на авіярэйсах зь Беларусьсю.

— Чаму Расея пайшла на такі крок?

— Чаму гэта робіць расейскі бок — зразумела. Фармальна іх пазыцыя будзе празрыстая: што скарыстацца рэйсамі і адпаведна бескантрольным уездам на тэрыторыю Расеі празь Беларусь змогуць людзі, якія ня маюць расейскіх візаў або непажаданыя ў Расеі. З улікам таго, што ў іх у 2018 годзе адбудзецца чэмпіянат сьвету па хакеі, яны вымушаныя ўводзіць такія меры ўласнай бясьпекі. То бок гэта іх такая афіцыйная рэакцыя.

Фактычна, безумоўна, гэта крок палітычнага ціску на Менск. І гэты крок дэманструе, што факт беларуска-расейскай інтэграцыі, гэтак званай саюзнай дзяржавы ня ёсьць нечым каштоўным для Расеі. І, у прынцыпе, Масква ўжо не такая прывязаная да сымбалічных крокаў з боку беларускіх уладаў. А яна хоча мець нейкі практычны вынік зь беларуска-расейскага супрацоўніцтва.

У дадзеным выпадку гэта таксама ўскосна сьведчыць пра тое, што сустрэча адмыслоўцаў па стварэньні адзінай візавай прасторы паміж Беларусьсю і Расеяй, якая павінна была адбыцца — і невядома, ці адбылася — у першай дэкадзе красавіка, скончылася нічым.

— Ці можа гэта быць крокам да паўнавартаснай мяжы паміж Беларусьсю і Расеяй?

— Пакуль пра гэта зарана казаць. Але, безумоўна, калі казаць пра лёгіку ўвядзеньня мяжы, калі такая задача стаіць, то гэты крок абсалютна ў гэтую канву кладзецца. Але пакуль яшчэ няма той крытычнай масы крокаў з расейскага боку, каб можна было стоадсоткава сказаць, што гэтае пытаньне ў Крамлі вырашана і яны будуць рухацца ў гэты бок.

— Чаму Беларусь, у сваю чаргу, палічыла непатрэбным уводзіць памежны кантроль на авіярэйсах з Расеяй?

Беларуска-расейская інтэграцыя — гэта найбольш важнае зьнешнепалітычнае дасягненьне Аляксандра Лукашэнкі. Насамрэч гэта, можа, адзінае яго дасягненьне

— Справа ў тым, што беларуска-расейская інтэграцыя — гэта найбольш важнае зьнешнепалітычнае дасягненьне Аляксандра Лукашэнкі. Насамрэч гэта, можа, адзінае яго дасягненьне. Таму беларускі бок з палітычных, ідэалягічных матываў будзе прыкладаць усе намаганьні, каб захаваць бачнасьць эксклюзіўнага характару беларуска-расейскіх адносін. Каб паказаць, што ў нас, маўляў, агульная прастора для перасоўваньня людзей, гэта нейкая ўнікальная зьява для постсавецкай прасторы, хоць, безумоўна, гэта ўжо ня так. Гэта значыць, беларускі бок імкнецца такім чынам захаваць палітычную бачнасьць, што фармат беларуска-расейскай інтэграцыйнай схемы працуе.

— Ці ёсьць падставы казаць, што такая практыка пяройдзе і на іншыя віды транспарту, якія перасякаюць беларуска-расейскую мяжу?

— Цяпер у нас засталася фактычна чыгунка, пасажырскія цягнікі. Бо аўтатранспарт ужо кантралюецца. Але гэта таксама справа часу. Бо інфраструктура дзеля таго, каб наладзіць кантроль за перасоўваньнем людзей на беларуска-расейскай мяжы з расейскага боку, разгортваецца. Ствараюцца новыя памежныя падразьдзяленьні, набіраюцца людзі, і нават стрэльбішчы для іх арганізуюцца там, дзе іх раней не было. Пакуль незразумела, на якім узроўні гэта спыніцца. Ці насамрэч гэта можа перайсьці да паўнавартаснага памежнага кантролю? То бок да кантролю так званай «зялёнай мяжы», а ня толькі асноўных шляхоў перасоўваньня грузаў і людзей? Пакуль цяжка сказаць. Але тое, што Расея не зьбіраецца здаваць назад, гэта ўжо факт.

XS
SM
MD
LG