Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Баранавічах міліцыя затрымала актывіста з чыстым лістом паперы


Ілюстрацыйнае фота

У Баранавічах каля дзесяці актывістаў выйшлі 1 траўня на плошчу Леніна. Людзі плянавалі ўзяць у рукі чыстыя лісты паперы, але потым адмовіліся ад гэтай ідэі, баючыся затрыманьняў. Адзін ўсё ж дастаў чысты ліст і быў затрыманы міліцыяй.

На плошчы ў гэты час дзяжурыла вельмі шмат міліцыянтаў і ў форме, і ў цывільным, перадае Intex-press.

—Мы выйшлі на знак салідарнасьці з працаўнікамі, правы якіх сёньня парушаюцца, а заробак не адпавядае ўзроўню жыцьця, — распавёў Intex-press адзін з удзельнікаў акцыі. — Мы хочам прыцягнуць да гэтых праблем увагу як гараджан, так і ўладаў.

Таксама адным з патрабаваньняў тых, хто прыйшоў, было правядзеньне сумленных і справядлівых выбараў.

— Мы не зьбіраемся нікога зрынаць, проста ў наступны раз просім правесьці галасаваньне і падлік бюлетэняў адкрыта, — патлумачыў адзін з актывістаў.

Людзі, якія сабраліся, не скандавалі ніякіх лёзунгаў. Адзін мужчына ўсё ж дастаў белы ліст паперы і адразу быў затрыманы міліцыяй.

Напярэдадні актывісты плянавалі ўзяць у рукі белыя лісты паперы, якія б сымбалізавалі, што ўсё трэба пачынаць з чыстага аркуша. Аднак у апошні момант яны адмовіліся ад гэтага, пабаяўшыся, што такія дзеяньні будуць успрынятыя міліцыяй як несанкцыянаваны пікет.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Ягор Марціновіч

Самае папулярнае

XS
SM
MD
LG