Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Папа Рымскі Францішак выступіў супраць мабільных тэлефонаў падчас набажэнстваў. На меркаваньне кіраўніцтва Каталіцкай царквы, службы не павінны ператварацца ў шоў.

Пра гэта піша «New York Times».

У большасьці краін сьвету, у тым ліку ў Беларусі, многія дзяржаўныя і карпарацыйныя ўстановы абмяжоўваюць выкарыстаньне мабільнай сувязі. Асноўнымі прычынамі — культура паводзінаў у публічных месцах і захаваньне бізнэс-таямніцы.

Тэатар, кіно, бібліятэка. Карыстаньне тэлефонамі забаронена цалкам ці часткова. Парушэньне правілаў успрымаецца як элемэнтарная нявыхаванасьць, адмова падпарадкавацца пагражае грашовым штрафам.

Прамысловасьць і банкі. Буйныя ўсясьветныя вытворцы электроннай і аўтатэхнікі не дазваляюць мець на працоўных месцах тэлефоны з камэрамі. Прычынай — пагроза камэрцыйнай таямніцы. Строгія нормы на гэты конт маюць службы бясьпекі камэрцыйных банкаў.

Самалёты. Перад узьлётам пасажыраў канечне папярэджваюць пра недапушчальнасьць карыстаньня тэлефонам, які можа ўплываць на працу электраабсталяваньня. Зрэшты, нават калі б такая спакуса і ўзьнікла, высока ў паветры сыгнал апэратара ня ловіцца.

Школьная дысцыпліна. Шмат у якіх краінах дзейнічае забарона на мабільныя тэлефоны ў школах. Варыянты розныя: дзесьці гэта тычыцца толькі заняткаў, у іншых месцах пашыраецца на клясныя памяшканьні наагул. Для размоваў і гульняў застаюцца калідоры і фае.

Аўтамабілі. Практычна паўсюль у правілах дарожнага руху размова праз мабільнік цягне штрафныя санкцыі. Разам з тым кіроўцам не забаронена карыстацца сыстэмаю hands-free — «свабодныя рукі».

Грамадзкая мараль. Актуальна для асобных рэгіёнаў. Да прыкладу, у шэрагу дзяржаваў Блізкага Ўсходу забароненае ці рэглямэнтуецца выкарыстаньне мабільных тэлефонаў з камэрамі. Рызыкуюць свабодаю мужчыны, якія крадком фатаграфуюць жанчын.

Традыцыі. У Ізраілі «кашэрныя» мабільнікі па суботах могуць зьвязаць абанэнта толькі са службамі выратаваньня жыцьця, а ў Саудаўскай Арабіі імамам забаронена чытаць тэкст Карану з тэлефонных экранаў падчас калектыўных намазаў.

Дзяржаўная бясьпека. Мабільнік — ідэальнае маскаваньне для выбуховага ладунку. Падаўшы сыгнал на тэлефон, яго можна выкарыстоўваць як дэтанатар. Гэтыя фактары ўлічваюцца ў змаганьні з тэрарызмам.

Беларусь назвалі 32-й у сьвеце па разьвіцьці ІТ і камунікацыяў. Але інтэрнэт несвабодны

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG