Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Котаўцы затрымалі двух актывістаў. «За падазроны зьнешні выгляд»


«Падазроныя» актывісты Зьміцер Паліенка і Вячаслаў Касінераў у РАУС

Вячаслава Касінерава і Зьмітра Паліенку затрымалі ўчора ўвечары ў сквэры Котаўка ў Менску. Пасьля таго як яны расклеілі плякаты ў абарону дрэваў, да іх пад’ехала міліцэйская машына. Іх даставілі ў Савецкі РУУС «за падазроны зьнешні выгляд» і адпусьцілі празь дзьве гадзіны.

Расклеіць плякаты ў абарону сквэру Касінераў, Паліенка і яшчэ адна актывістка спрабавалі яшчэ ў сераду. Але міліцыянты не далі ім гэтага зрабіць.

«Гэта не спыніла нас, як і тое, што высечка спыненая, — сказаў Касінераў Свабодзе. — Бо чыноўнікам мы не давяраем і лічым, што толькі праз самаарганізацыю людзі могуць адстаяць свае правы».

На наступны дзень, учора, яны зноў прыехалі ў Котаўку, павесілі на месцы высечкі некалькі плякатаў і расьцяжак. Калі яны сыходзілі са сквэру, за імі паехала міліцэйская машына.

«Мы паспрабавалі сысьці ў іншы бок, але, відавочна, што нас вырашылі затрымаць, — кажа Касінераў. — Відавочна, міліцыянты нават ня бачылі нашай акцыі, таму што затрыманьне адбылося, па іх словах, «за падазроны зьнешні выгляд».

Дзьве гадзіны яны правялі ў Савецкім РУУС, пасьля чаго іх адпусьцілі.

«Котаўка стала асаблівым аб’ектам, — кажа Касінераў. — Каб чалавека там затрымалі, дастаткова падазрона выглядаць».

На гэтым тыдні ў Котаўцы ўжо сьпілавалі некалькі дрэваў, дзе мае быць пабудаваны касьцёл. Мясцовыя жыхары і актывісты-эколягі лічаць, што высечка праходзіць незаконна. Яны арганізавалі дзяжурствы ў сквэры.

У сераду супрацоўнікі рэмаўтадору зьбілі некалькіх чалавек, якія заміналі секчы дрэвы. У той жа вечар старшыня Менгарвыканкаму Андрэй Шорац паабяцаў, што пілаваньне дрэў у Котаўцы будзе прыпыненае, пакуль ён не разьбярэцца ў сытуацыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG