Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Валянтэры знаходзіліся ў лесе па 10 гадзін у суткі, але ніводнага сьледу Максіма»


Дзясятыя суткі на Гарадзеншчыне працягваюцца пошукі 10-гадовага Максіма Мархалюка, які зьнік у Белавескай пушчы. Разам з ратавальнікамі, вайскоўцамі, міліцыяй, памежнікамі і лесьнікамі ў пошуках удзельнічаюць тысячы валянтэраў з розных куткоў Беларусі. Свабода пацікавілася ў дабравольцаў, як ідуць пошукі хлопчыка.

Максіма шукалі ўсёй Беларусьсю

Актывістка Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Вольга Кавалькова брала ўдзел у пошуках Максіма Мархалюка ў Новым Двары Сьвіслацкага раёну. Разам са сваім сябрамі яна была там з чацьвярга да нядзелі, а потым вярнулася ў Менск на працу.

Вольга кажа, што ў чацьвер, калі яны прыехалі разам зь сябрамі, у Новым Двары было каля 150 валянтэраў. Гэта акрамя мясцовых жыхароў, міліцыі, супрацоўнікаў МНС, лесьнікоў. У пятніцу колькасьць валянтэраў, паводле яе, вырасла да 250 чалавек.

«У суботу ў сьпісе валянтэраў было зарэгістравана 650 чалавек. Але быў яшчэ іншы сьпіс — Чырвонага Крыжа. Валянтэраў набралася каля тысячы. Да суботы гарачую ежу для валянтэраў гатавалі і ў школе, і ў дзіцячым садку, і дома мясцовыя жыхары. А зь вечара суботы для людзей была арганізавана палявая кухня. Але найбольш уразіла тое, што ежу людзі перадавалі з усіх куткоў Беларусі — абы толькі валянтэры шукалі хлопчыка. Цікава, што ў выходныя папрыяжджалі людзі ня толькі зь Беларусі, а нават са Смаленшчыны. Але пошукі не далі ніякіх вынікаў», — кажа Вольга Каралькова.

Пошукам кіруюць адмыслоўцы, але гэта ня проста

Паводле Вольгі, кіраваньне пошукамі ўзялі на сябе людзі, якія займаюцца гэтым адмыслова, ведаюць мясьціны. Яна кажа, што ў чацьвер і пятніцу невялікімі групамі прачэсвалі лес. Шукальнікам выдавалі компасы, зь імі праводзілі інструктаж.

«У суботу, калі прыехала ўжо шмат людзей, штаб быў перанесены ад сельсавету на стадыён школы. Тут каардынатары шукальніцкага атраду „Анёл“ разьмяркоўвалі квадраты, куды меліся накіроўвацца групы. Некаторыя шукальнікі прывезьлі з сабою адмысловае абсталяваньне для падобных апэрацый, — кажа суразмоўніца. — Праўда, большасьць людзей, якія прыехалі шукаць Максіма, бралі ўдзел у такой справе ўпершыню, у іх ніякага вопыту, самі яны ня вельмі ведалі, што і як рабіць, і кіраваць такой колькасьцю людзей было вельмі няпроста. Іх трэба было яшчэ арганізаваць так, каб яны самі не згубіліся ў лесе падчас пошуку. Добра тое, што ўсе былі настроеныя на тое, каб знайсьці Максіма, дапамагчы ягоным бацькам. Людзі былі моцна матываваныя. Аднак за гэтыя чатыры дні нічога новага, як і за ўвесь тыдзень пошукаў».

Вольга кажа, што пошукі ўскладняліся і няўстойлівым надворʼем.

«У чацьвер і пятніцу ў лесе было вельмі мокра, бо раніцай пачаўся дождж. Вечарам у 18.30 мы вышлі зь лесу мокрыя наскрозь. Лес месцамі вельмі складаны і небясьпечны — балоты і паваленыя дрэвы. За гэтыя дні мы сустрэлі і зуброў, і ваўка, і дзікіх сьвіней, і казулю», — кажа Вольга.

У выходныя надворʼе, паводле яе, зьмянілася, стала сонечна, і хадзіць па лесе было значна лягчэй. Правёўшы гэтыя дні ў лесе, Вольга не разумее: чым і як тут мог харчавацца чалавек на працягу тыдня?

У нас зьявіліся сумненьні

Вольга Кавалькова кажа, што ў іх пачалі ўзьнікаць сумневы, ці ў правільным кірунку яны дзейнічаюць, бо лесу прачасана шмат, а ніякіх сьлядоў няма: ні месца стаянкі, ні адпачынку, ці яшчэ хоць чаго — нічога і блізка. Паводле яе, шукальнікі ня толькі абышлі той лес, але і абʼехалі яго на квадрацыклах. Валянтэры былі на нагах па 10 гадзін у суткі.

«Мясцовыя людзі кажуць, што хлопчык падрыхтаваны і так проста ня мог зьнікнуць у лесе. І многія дапускаюць, што ён папросту там хаваецца. Як правіла, у вёсцы ходзіць шмат розных чутак, якія ня хочацца нават паўтараць. Але нас супрацоўнікі МНС увесь час арыентавалі на пошук у лесе, — кажа Вольга. — Канечне, там працуюць адмыслоўцы, уначы пошук вядуць верталёты зь цеплавізарамі. Але для мяне ўсё роўна засталося загадкай, як можна ў лесе за тыдзень пошукаў наагул не знайсьці ніводнага ягонага сьледу».

Яшчэ вельмі дзіўным валянтэрцы падалося тое, што, як кажуць мясцовыя людзі, падобных выпадкаў там ніколі не здаралася. Маўляў, і дзеці вясковыя добра ведаюць, куды можна пайсьці, а куды хадзіць ня варта. Пра Максіма кажуць, што зь незнаёмымі людзьмі ён нікуды б не пайшоў і тым болей нікуды б не паехаў.

«З другога боку, хто б мог быць там, у лесе, а 20-й гадзіне ўвечары, калі ён зьнік? І зноў-такі пытаньне: зьнік такім чынам, што ніякіх ягоных сьлядоў няма... У суботу, калі ён зьнік, а 22 гадзіне ўжо пачалі яго шукаць. Шукала ўся вёска, міліцыянты, палілі вогнішча — няўжо за дзьве гадзіны ён мог так далёка зайсьці, каб нічога гэтага не заўважыць і не адгукнуцца?

Восьмыя суткі тысячы людзей шукаюць у пушчы зьніклага хлопчыка
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:20 0:00

Выжыць тыдзень дзіцяці ў лесе без харчоў практычна немагчыма

Камандзір шукальніцка-ратавальнага атраду «Анёл» Сяргей Коўган сказаў сёньня Свабодзе, што ніякіх навінаў, на жаль няма, хоць шукаюць дзень і ноч. Апэрацыя мае статус пошукава-ратавальнай.

«Справа ў тым, што цяпер у лесе асабліва няма чым харчавацца. Я разумею, што паляўнічы яшчэ мог бы сабе здабыць ежу, але ж ён не паляўнічы, гэта ж толькі падлетак, і цяжка ўявіць, чым бы ён тут мог харчавацца», — кажа Коўган.

10-гадовага Максіма Мархалюка зь вёскі Новы Двор у Сьвіслацкім раёне шукаюць ужо дзясяты дзень. Як сказалі Свабодзе ў Навадворскім сельсавеце, увечары 16 верасьня Максім катаўся па вуліцы на ровары побач са сваёй хатай, а потым нібыта накіраваўся ў лес.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG