Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэдактар Беларускай службы Польскага Радыё Ніна Баршчэўская: «Ізаляцыя толькі папхнула Беларусь у напрамку Расеі»


Ніна Баршчэўская

25 гадоў таму ў Варшаве пачалося стварэньне Беларускай службы Польскага Радыё, якая зь лютага 1992 году і дагэтуль рыхтуе свае перадачы для хваляў радыё па-беларуску. Карэспандэнт Свабоды гутарыў з кіраўніком рэдакцыі Беларускай службы Польскага Радыё, вядомым навукоўцам-беларусістам, прафэсарам Варшаўскага ўнівэрсытэту Нінай Баршчэўскай.

— Пані Ніна, найперш прыміце самыя шчырыя віншаваньні з 25-годзьдзем Беларускай службы Польскага Радыё. У Беларусі добра ведаюць, слухаюць, чытаюць на сайце і любяць рэпартажы і перадачы Беларускай службы Польскага Радыё. Але, відаць, мала вядома пра праблемы, зь якімі вы сутыкнуліся 25 гадоў таму, калі бралі ўдзел у стварэньні гэтай службы. Можаце згадаць, як гэта адбывалася? Што стала штуршком? Зь якімі сутыкнуліся праблемамі?

— Стварэньне Беларускай службы Польскага Радыё ў 1991 годзе было найперш рэакцыяй на стварэньне незалежнай Рэспублікі Беларусь. Падобным чынам тады ўзьнікалі Ўкраінская, Літоўская службы. Польскае Радыё тады вырашыла, што добра б было вяшчаць да сваіх суседзяў на іх родных мовах. Была створаная адмысловая камісія, у якую запрасілі, сярод іншых, супрацоўнікаў катэдры беларусістыкі Варшаўскага ўнівэрсытэту, перакладчыкаў польскай літаратуры на беларускую мову. Гэтак я туды і трапіла. Нашая задача была ў тым, каб ацаніць тую моладзь, якая падала заяўкі на працу. У асноўным гэта былі студэнты беларусістыкі і студэнты гісторыі родам з Падляшша. То бок моладзь, якая выявіла жаданьне працаваць па-беларуску, але ня мела аніякага прафэсійнага досьведу і навыкаў. Таму, зразумела, пачаткі былі цяжкія. Прыкладам, давялося проста перакладаць на беларускую мову адпаведную тэрміналёгію, вучыцца мантажу стужак, сакрэтам менавіта радыёрэпартажаў. Усяму трэба было вучыцца, але аказалася, што маладыя людзі вельмі здольныя і хутка авалодалі ўсім, што трэба для прафэсійнай працы. Напачатку нас было каля 8-9 чалавек. Дарэчы, прыблізна столькі ж і сёньня працуе ў службе, хаця ўжо шмат іншых людзей. Многія журналісты ад нас пайшлі. Яны ці зьяўляюцца карэспандэнтамі ў іншых мэдыях, ці працуюць у іншых службах, але ў асноўным зьвязаных зь Беларусьсю. І гэта добра сьведчыць пра нашу службу, калі нашыя журналісты запатрабаваныя ў іншых рэдакцыях.

Мяняўся таксама наш падыход да працы. Першапачаткова мы бачылі сваё пакліканьне ў тым, каб у асноўным паведамляць пра падзеі ў Польшчы, каб беларусы на сваёй роднай мове змаглі ўведаць пра тое, што адбываецца ў суседняй дзяржаве. Напачатку мы гэтым займаліся, прычым падыходзілі да справы, можна сказаць, гнутка, уключалі такія істотныя тэмы, як беларуска-польскія дачыненьні, жыцьцё нацыянальных меншасьцяў — беларускае ў Польшчы і польскае ў Беларусі. Потым паступова пачынала мяняецца наша стаўленьне, наш падыход, але гэта адбывалася разам са зьменамі ў Беларусі. Калі Польскае Радыё і польскія ўлады заўважылі, што трэба паведамляць ня толькі пра падзеі ў Польшчы і ў сьвеце, але таксама даваць слова і прадстаўнікам беларускай апазыцыі, мы пачалі гэта рабіць і такім чынам пашырылі наш дыяпазон праблематыкі, якой займаемся і па сёньняшні дзень.

Яшчэ важна, калі гаварыць пра нашы адносіны зь іншымі беларускамоўнымі службамі, што мы спрабавалі наладзіць зь імі супрацоўніцтва. Думаю, кожная са службаў, якія вяшчаюць на Беларусь з замежжа, адрозьніваецца, мае сваю спэцыфіку, але мы з усімі стараліся супрацоўнічаць. Пачыналі зь «Беларускай маладзёжнай», потым супрацоўнічалі з Радыё 101.2. Калі яшчэ была ў іх магчымасьць, мы нашы перадачы рэтрансьлявалі празь іх у Беларусі. А потым, калі беларускія ўлады зачынілі Радыё 101.2, памятаю, мы стваралі такое вакенца для іх журналістаў у нашым эфіры. І сёньня спрабуем дзейнічаць гэтак, каб наш эфір быў даволі шырокі, каб, прыкладам, праблематыка з Падляшша таксама ўваходзіла ў праграму. Дзеля гэтага ўтрымліваем шчыльныя адносіны з Радыё Беласток. Там працуюць нашы карэспандэнты, якія рыхтуюць для нас матэрыялы. Зразумела, гэта ж тычыцца і нашых карэспандэнтаў у Беларусі.

— Давялося чытаць пра расчараваньне, што прысутнічае ў некаторых польскіх студэнтах, якія вывучаюць беларускую мову. Яны разьлічвалі на запатрабаванасьць беларускай мовы, але памыліліся, бо ў Беларусі мова карэннага народу па-ранейшаму выціскаецца расейскай. Што можа зрабіць Беларуская служба Польскага Радыё, каб такая сытуацыя выпраўлялася?

— Безумоўна, гэта балючая тэма для ўсіх беларускамоўных асоб, у Польшчы гэтаксама. І для журналістаў, і для студэнтаў, якія вывучаюць мову. У гэтым годзе я ўзначальваю катэдру беларусістыкі і часта размаўляю з моладзьдзю, якая выяжджае ў Беларусь. Яны сапраўды шкадуюць, што ў Беларусі вельмі рэдка можна пачуць беларускую мову, але мы ўсё ж цешымся, што ёсьць зрухі да лепшага. Пагадзіцеся, нашы журналісты таксама ўносяць невялікі, але сапраўдны ўклад у разьвіцьцё беларускамоўнай прасторы і грамадзянскай супольнасьці. Дарэчы, не аднойчы сустракала ў лістах ад нашых слухачоў зь Беларусі, што голас па-беларуску з замежжа — гэта вельмі важна якраз таму, што ў самой Беларусі родная мова гучыць рэдка. Што гэта такая моцная матывацыя беларусам — чуць сваю мову з Польшчы. Вось нядаўна група польскіх журналістаў выправілася ў Беларусь, і літаральна ўчора адна з удзельніц групы, Ёланта Сьмялоўска, напісала мне, што зь ёй у Беларусі шмат хто размаўляе па-беларуску. Што як толькі пачуюць, як грамадзянка Польшчы гаворыць па-беларуску, дык зьвяртаюцца да яе па-беларуску, хоць паміж сабой размаўлялі па-руску.

Гэта такая моцная матывацыя беларусам — чуць сваю мову з Польшчы

Згадаю і вось які прыклад. Яшчэ калі руская мова ня стала ў вас другой дзяржаўнай і мы перакладалі рускамоўных на беларускую, дык нам пісалі, што вось глядзіце, гэта ж сорамна, беларусы гучаць зь перакладам на іх родную мову. Мяркую, калі паказваць беларусам у Беларусі, што можна нармальна ў розных тэмах гаварыць па-беларуску, што беларуская мова вельмі разьвітая, што яна ні ў чым не саступае іншым мовам, то ад гэтага будзе шмат карысьці. Вельмі хацелася б, каб беларуская мова ў Беларусі выжыла, каб яна займела належнае ёй месца. Гэта будзе спрыяць таксама і лепшай сытуацыі беларусаў у Польшчы, лепшай працы беларускамоўных журналістаў у Польшчы. У нас маладыя людзі ідуць вывучаць беларускую мову ва ўнівэрсытэт з той думкай, што ў будучыні яны змогуць працаваць альбо перакладчыкамі, альбо ўладкуюцца ў розных польска-беларускіх фірмах, што будуць нармальныя кантакты на розным узроўні, і тады іхныя веды ды досьвед будуць запатрабаваныя.

— На пачатку сьнежня ўпершыню за шмат гадоў на такім высокім узроўні адбыўся візыт у Беларусь старшыні Сэнату Польшчы Станіслава Карчэўскага, які меў размову з Аляксандрам Лукашэнкам ды іншымі высокімі чыноўнікамі, а таксама сустракаўся з прадстаўнікамі апазыцыі. У сувязі з гэтым візытам загучалі меркаваньні пра здраду эўрапейцаў дэмакратычным каштоўнасьцям, пра дарэмныя саступкі беларускаму рэжыму. Як вы ставіцеся да такой крытыкі ў бок польскага кіраўніцтва?

— Сапраўды, складанае пытаньне, бо, з аднаго боку, трэба прытрымлівацца дэмакратычных каштоўнасьцяў, якія існуюць у Эўропе і сьвеце. Гэта так. Але, з другога боку, ізаляцыя Беларусі, якая існавала, не прывяла ні да чога добрага, а толькі папіхала Беларусь у напрамку да Расеі. Мяркую, усё ж паказваць станоўчы досьвед эўрапейскіх краін, наладжваць добрасуседзкія адносіны — гэтым можна зрабіць больш, чым ізаляцыяй. Што да беларусаў у Польшчы і для той моладзі, якая вучыцца ў Польшчы, дык гэты візыт, на маю думку, мае станоўчае значэньне. Бо гэта паказвае на нармалізацыю адносін і зноў зьяўляецца стымулам вучыць тут беларускую мову. Ведаю, што бакі дамовіліся і пра павелічэньне колькасьці беларускіх студэнтаў, якія будуць навучацца ў Польшчы, а гэта таксама будзе карысным для вашай краіны.

Глядзець камэнтары (2)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG