Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калі на нас нападуць, як на Ўкраіну, я вазьму ў рукі зброю», — Ніна Багінская


Ніна Багінская, чалавек-сьцяг, абаронца мовы і нетраў Беларусі, правакатарка і маці. Партрэт заўсёдніцы апазыцыйных акцыяў у хатнім інтэр’еры.

Што адразу кідаецца ў вочы ў менскай кватэры Ніны Багінскай, дык гэта процьма чорна-белых партрэтных фатаздымкаў на сьценах у дыхтоўных рамах.

Бацькі, дзяды, цёткі-дзядзькі зь іхнімі сем’ямі — спадарыня Ніна можа бясконца расказваць пра любога зь іх, але нават у гэтым сваім кранальным паглыбленьні ў гісторыю свайго роду спахопліваецца і адзначае, што памяць Міхала Жызьнеўскага шануе ня менш, чым памяць сваіх продкаў. А таму ніякая ўлада і ніякая міліцыя не забароняць ёй ускладаць кветкі і запальваць зьнічы ў знак глыбокай павагі да беларускага абаронцы Майдана.

Нязгодная зь міліцэйскім хамствам

Ніну Багінскую разам з 8 паплечнікамі затрымалі каля помніка Тарасу Шаўчэнку ў Менску 22 студзеня — у гадавіну сьмерці Жызьнеўскага. Праз свой сталы ўзрост — жанчына нарадзілася ў 1946 годзе — спадарыня Ніна атрымала тры з паловай мільёны штрафу, пяці іншым далі ад 5 да 15 сутак арышту.

Спадарыня Ніна абураецца хутчэй не прысудамі — яны прадказальныя — а хамскім абыходжаньнем зь ёю ды іншымі затрыманымі ў пастарунку. З падрыхтаванымі скаргамі на паводзіны міліцыянтаў яна зьбіраецца на прыём да міністра ўнутраных спраў і ў пракуратуру Цэнтральнага раёну.

Ніна Багінская пра міліцэйскае хамства
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:30 0:00

«Паміж сабой міліцыянты часта ўжываюць лаянку, але каб абражаць затрыманых, я такога яшчэ ня бачыла, хоць мяне затрымліваюць часта. Я ня вытрымала і сказала, што яны як быдла паводзяць сябе, не па-людзку», — кажа Ніна Багінская.

Прынцыповы «заяц»

Пытаюся, ці лёгка ёй аплаціць штраф — пэнсіі ж у краіне вядома якія. На гэта спадарыня Ніна іранічна кажа, што грашовае спагнаньне з пэнсіянэраў вылічваюць невялікімі часткамі, адымаючы ад той жа пэнсіі. Так што практычна незаўважны той штраф:

«Я б сама не плаціла. Я і ў транспарце добраахвотна ніколі не плачу. Бяру пашпарт і еду. Калі зьяўляецца кантралёр, кажу, каб афармляў штраф. Некалькі разоў выпісвалі, а цяпер заўсёды адпускаюць. Ведаюць ужо мяне, прывыклі», — распавядае Ніна Багінская і дадае, што ня трэба даваць грошы дзяржаве, якая не шануе сваю мову і гісторыю:

«Я кажу кантралёрам, што заплачу за праезд толькі тады, калі адзінай мовай у краіне будзе беларуская, а сьцяг — бел-чырвона-белы. Некаторыя радуюцца за мяне і адпускаюць без складаньня пратаколу».

Чалавек-сьцяг

Ніна Багінская — сапраўдны чалавек-сьцяг. Зь бел-чырвона-белым штандарам яна не прапускае ніводнай акцыі. Кажа, што ходзіць туды, каб падтрымаць моладзь:

«Мне больш шкада моладзі. Затрымліваюць ня толькі мяне, але і Зьмітра Дашкевіча, Насту Палажанку, Юлю Сьцяпанаву, Алеся Макаева, Яўгена Батуру. Ім горш, чым мне. Мне пэнсію дзяржава дае і будзе даваць. А калі затрымліваюць маладых, то ў іх пасьля праблемы на працы. Вось Яўген Батура атрымаў 10 сутак, ня выйшаў на працу — усё, кантракт зь ім не працягнуць. Я часта прапаноўваю, каб яны не выходзілі, бо будуць пасадкі. Кажу, давайце я сама акцыю правяду — мне што, ну дадуць штраф і сьцяг забяруць. Але верагодна, што не пасадзяць».

Сьцягі Ніна Багінская шые сама — і ледзь не ў прамысловых маштабах. Пасярод яе пакоя стаіць стол са швейнай машынай. Тканіну для сьцягоў набываюць талакой — дапамагаюць Алесь Макаеў і іншыя паплечнікі.

«Сьцягі шыю пастаянна — і міліцыя забірае, і іншым раздаю. Трэба, каб сьцягі заўсёды былі ў запасе. Пакуль мае рукі варушацца, сьцягі буду шыць».

Вучылася ў Заходняй Украіне

Ніна Багінская нарадзілася ў Менску. З чацьвёртай клясы марыла быць геолягам. З восьмай клясы пачала займацца вэляспортам. Аб’езьдзіла палову СССР, удзельнічаючы ў спаборніцтвах і зьлётах.

Пасьля школы вучылася ў менскім Радыётэхнічным інстытуце, дзе атрымала спэцыяльнасьць мантажніцы радыёапаратуры. Яшчэ адну вышэйшую адукацыю атрымала ва Ўкраіне, у Івана-Франкоўскім інстытуце нафты і газу — там нарэшце збылася дзіцячая мара пра геалёгію.

«Вучыцца мне было добра. Але і складана, бо шмат прадметаў выкладалі па-ўкраінску. У мяне ўвогуле часта пыталіся, чаму я гавару па-руску. Даводзілася тлумачыць, што я зь Беларусі. Але ўжо тады я стала самастойна вучыць беларускую, хоць размоўнай практыкі і не было зусім», — узгадвае студэнцкія гады Ніна Багінская.

Дэлегат Устаноўчага зьезду БНФ

Ва Ўкраіне Багінская стала спэцыялістам па выведцы нафтавых і газавых радовішчаў. З такім дыплёмам трэба было ехаць на радовішчы ў Рэспубліку Комі і там працаваць. Але здароўе бацькоў прымусіла Ніну Багінскую застацца ў Менску, дзе яна пайшла працаваць геолягам у Беларускі навукова-дасьледчы геалягічны разьведвальны інстытут, мэтай якога быў пошук нафты і газу.

«У інстытуце я раздражняла кіраўнікоў сваёй нацыянальнай пазыцыяй. У той час я ўжо запісалася ў БНФ і нават была дэлегатам Устаноўчага зьезду. З рук Зянона Пазьняка да мяне трапілі матэрыялы „Камітэту-58“, арганізацыйнай групы па стварэньні Таварыства памяці ахвяраў сталінізму „Мартыралёг Беларусі“. Я прынесла іх у інстытут, гэта выклікала нянавісьць да мяне. Якраз у той час, а мне было ўжо 42 гады, я пачала размаўляць на беларускай мове. Я стварыла суполку БНФ у сваім інстытуце, запісалася шмат людзей. А кіраўнікамі нашай тэрытарыяльнай суполкі Партызанскага раёну былі Юры Дракахруст і Артур Вольскі. Яны дапамагалі, вучылі, як гуртаваць людзей».

Я супраць таго, каб у Беларусі здабывалі нафту — яна ў нас зь лёгкімі фракцыямі, прыдатная для палётаў у космас, а ў нас ёй дамы абаграваюць

З інстытуту Ніну Багінскую звольнілі пасьля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі, у 1994 годзе. Асноўнай прэтэнзіяй з боку кіраўніцтва было тое, што жанчына падрыхтавала важную справаздачу пра свой праект на беларускай мове.

Спадарыня Ніна кажа, што кіраўніцтва і не хавала намеру пазбавіцца ад яе — найперш за яе сьмелыя погляды і нежаданьне іх хаваць:

«Я ўвогуле не саромелася ў ацэнках, што да нафтавых спраў. Па-першае, было відавочна, што Масква ніколі не дапусьціць нават самых выдатных спэцыялістаў зь Беларусі да саюзнай нафтавай сыравіны, бо гэта стратэгічная сыравіна. Таксама я супраць таго, каб у Беларусі здабывалі нафту — яна ў нас зь лёгкімі фракцыямі, прыдатная для палётаў у космас, а ў нас ёй дамы абаграваюць. Я казала пра гэта, а кіраўніцтва крывілася».

Шые ня толькі сьцягі

Маючы некалькі прафэсіяў і спэцыяльнасьцяў, Ніна Багінская ўсё жыцьцё знаходзіла час на шматлікія хобі — шыцьцё тэхнікай пэчварк, разьба па дрэве, садаводзтва.

«Яшчэ я маю дыплём швачкі-матарысткі другога разраду. Шыць я вельмі люблю. Апроч сьцягоў, займаюся тэхнікай пэчварк, у выніку якой старыя гальштукі майго мужа-нябожчыка і дзіцячая вопратка сына і дачкі атрымліваюць новае жыцьцё ў аплікацыях. Таксама я люблю рэзаць па дрэве. Тут я выкарыстоўваю карані, цікавыя галіны і ствараю розныя прадметы побыту і дэкору — вазы, скарбонкі, фігуры».

Калі я ня буду абараняць мову і Беларусь, то я спаць не змагу спакойна

Спадарыня Ніна кажа, што любоў да разьбы пераняла ад дзеда — той быў знаным майстрам разьбы па дрэве, рабіў мэблю па выпісаных зь Пецярбургу часопісах.

«Але калі казаць пра хобі, то для мяне гэта найперш зямля. Нарадзіўшыся ў Менску, я заўсёды зайздросьціла вясковым дзецям. Цяпер у мяне ёсьць два лецішчы, на кожным зь іх — сад, усяго 9 яблыняў. Я вельмі люблю яблыкі, на зіму нарыхтоўваю сок і сочыва. Сад мяне корміць. Калі я страціла працу ў інстытуце, гэтыя яблыкі кармілі маю сям’ю — нешта прадавалі, нешта сябры мянялі на памідоры, агуркі, капусту», — распавядае Ніна Багінская, разьліваючы па кубках яблычны сок.

«Робіць рэвалюцыі і дома», — сын

Сын Павал падтрымлівае маці ў яе змаганьні. Аднак у вулічных акцыях ня ўдзельнічае, хоць на выбарах 2010 году зьбіраў подпісы за кандыдата ад БХД. Кажа, што такіх людзей, як яго маці, было вельмі мала ва ўсе гістарычныя эпохі, але менавіта яны — каталізатары зьменаў:

«Няпроста мець маці-бунтарку, змагарку, рэвалюцыянэрку. Яна рэвалюцыі робіць і дома, кіруе намі ўсімі. А ўвогуле трэба мець вялікую мужнасьць, каб не баяцца. Мы зь сястрой заўсёды вельмі хвалюемся за яе, але ведаем, што яна сапраўдны баец. Шмат людзей да яе зьвяртаюцца з просьбай пашыць прыгожы сьцяг, і яна заўсёды з задавальненьнем гэта робіць. Я вельмі маці падтрымліваю, але актыўна займацца тым самым не магу праз брак часу. Такіх людзей, як мама, вельмі мала. Але людзей з актыўнай грамадзянскай пазыцыяй мала ва ўсе часы. Яны як ядры, вакол якіх кансалідуюцца палітычныя працэсы пераменаў».

Правакатарка і абаронца

На разьвітаньне Ніна Багінская прызнаецца, што любіць правакаваць міліцыянтаў, калі тыя непаважліва выказваюцца пра беларускую мову ці беларусаў як нацыю:

«Я люблю перамагаць міліцыянтаў лёгікай. Я іх правакую. Праўда, у адказ на іх правакацыі, калі яны пачынаюць казаць, што беларускай мовы не існуе, а беларусы — гэта тыя самыя расейцы. А калі я ня буду абараняць мову і Беларусь, то я спаць не змагу спакойна. Для таго каб спаць спакойна, я павінна хадзіць на гэтыя акцыі. Трэба выходзіць на вуліцу, нягледзячы ні на што. Хай улады называюць нас цемрашаламі, але калі мы выходзім на вуліцу, іншыя бачаць, што мы нармальныя людзі зь цьвёрдымі поглядамі. Я мару, каб тыя, хто бачаць мяне на вуліцы, прыслухоўваліся да маіх учынкаў і рабілі тое самае. Чаму мы павінны дзяліцца з чужым народам? Трэба бараніць сваё. Цяпер моладзь больш агрэсіўная. І я ў чымсьці гэта пераймаю. Калі на нас нападуць, як на Ўкраіну, то вазьму зброю ў рукі і буду абараняць сваю радзіму».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG