Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Невядомыя ахвяры вызваленьня Менску: беларусы, якія трапілі пад савецкія бомбы і расстрэлы 1944-га


Вольга Кацянкова
Вольга Кацянкова

Уласны досьвед нямецкай акупацыі Менску і савецкае вызваленьне памятае 83-гадовая Вольга Кацянкова. Дагэтуль яна ня можа забыць і пра гераізм суайчыньнікаў, і пра ахвяры, у тым ліку ад савецкіх бомбаў.

Жыхарка Менску Вольга Кацянкова нарадзілася і вырасла на вуліцы Барысаўскай. Сёньня гэтай драўлянай вуліцы няма. Яна пахаваная пад навабудамі Магілёўскай.

Спадарыня Вольга перажыла нямецкую акупацыю 1941–1944 гадоў. У 41-м ёй было 6 гадоў.

Акупацыя пры Кубэ і Готбэргу

Для Вольгі Кацянковай акупацыя дзеліцца на два пэрыяды: пры гаўляйтэру Вільгельму Кубэ і пры Курту Готбэргу. І гэта былі розныя рэжымы, сьцьвярджае яна.

Вольга Кацянкова ў маладосьці
Вольга Кацянкова ў маладосьці

«Безумоўна, Кубэ быў чалавекам сваёй улады, — расказвае Свабодзе Вольга Кацянкова. — Але ён разглядаў наш народ як сваіх работнікаў. Хацеў, каб работнікі было больш-менш пісьменныя. І пачатковую адукацыю давалі ўсім. І пакуль ён быў у Менску галоўным, нікога не вывозілі ў Нямеччыну. Нікога.

Мы былі галодныя, хворыя. Але бамбаваньняў не было, і гэта ўжо нядрэнна. Але зьмянілі на больш жорсткага чалавека. І пачаліся аблавы на моладзь. Дзе толькі не хаваліся! Па гародах, па гарышчах. Забілі Кубэ. І што гэтым даказалі? Улады савецкія пра насельніцтва ня думалі».

У школу Вольга Кацянкова пайшла ў верасьні 1942-га.

«Школа ў нас была. Беларуская. Вучыліся на лацінцы. Абсалютна было ня цяжка вучыцца. А калі вызвалілі Менск, пайшла ў школу савецкую».


Настаўніцу, якая працавала пры акупацыі, пры саветах на працу ня бралі

Спадарыня Вольга запомніла імя сваёй першай настаўніцы — Лідзія Іванаўна. Яе паваенны лёс склаўся сумна.

«Настаўніца, якая нас вучыла, мне тады здавалася пажылой. Але ёй было гадоў сорак. Простая, добрая жанчына. Ёй не дазволілі працаваць па вайне. Я некалькі разоў пасьля сустракала яе на Магілёўскай. Яна была ў хатніх тапках, дрэнна апранутая, ішла такая сумная. Мне так было яе шкада!

Цяпер, на дарослы розум, думаю — трэба ж было падысьці да яе, нешта добрае сказаць. Але тады не адважылася. Якую яна шкоду рабіла? Вучыла нас пісаць, лічыць. А сёньня нашыя настаўнікі? Яны што, робяць, што хочуць? Яны могуць расслабіцца і даць дзіцяці тое, што могуць? Не. Яны павінны ўсё суадносіць з патрабаваньнямі ўлады».


Як у Менску гінулі ад савецкіх бомбаў

Жыць падчас акупацыі ў раёне чыгункі — гэта пастаянная рызыка загінуць ад бомбы, прыгадвае спадарыня Вольга. Ці нямецкай, ці савецкай. Людзі гінулі ня толькі ад цяжкіх, але і ад так званых запальных бомбаў. І колькі цывільнага насельніцтва загінула падчас вызвольнай апэрацыі Савецкай арміі 1944 году, невядома.

«Моцныя нямецкія бамбаваньні былі на пачатку вайны. А потым былі бамбёжкі савецкімі сіламі. Калі вызвалялі Менск. Памятаю, дарослыя казалі: навошта немцам кідаць „зажыгалкі“? Аднойчы ў дом трапіла „зажыгалка“. А там бабка схавалася ў падвал з дваімі дзеткамі. Безумоўна, яны загінулі. Я бачыла, як іх выносілі».

Вольга Кацянкова ў маладосьці
Вольга Кацянкова ў маладосьці

Маці была ў менскім падпольлі

Маці Вольгі, Юлію Крывінчэнка, можна назваць удзельніцай супраціўленьня. Яна ўзяла зь лягеру для ваеннапалонных савецкага афіцэра, Уладзіміра Ціханава.

«Гэты чалавек зьвязаўся з партызанамі. І прыходзіў да нас сяржант нямецкай арміі, аўстрыец па нацыянальнасьці, які прыносіў час ад часу нейкую зброю. Аўтамат ці стрэльбу. Я гэта ўсё бачыла. Бо зброя хавалася на гарышчы. Гэта была небясьпека для ўсіх нас.

Што перажыла мая мама? Дзякуй Богу, усё абышлося. І, памятаю, калі вызвалілі Менск, прыйшлі да нас мужчына з жанчынай і выдалі нашаму ваеннапалоннаму дакумэнт, што ён выконваў даручэньні партызанаў. Ён паехаў дадому, на Волгу. Бо там сям’я пухла з голаду. У 80-я гады прыяжджаў да нас двойчы. Ён шукаў гэтага Лео, аўстрыйца, але не знайшоў. Мабыць, забілі свае. Вось так у час вайны мая сям’я спрычынілася да супраціву. Але па вайне мама ня стала ніякіх дакумэнтаў браць».

Што было бы з тым Ціханавым, калі б яму своечасова не выдалі дакумэнт удзельніка падпольля? Усё магло скончыцца вельмі сумна.

Рэпрэсіі і забойствы пасьля вызваленьня

На карціне Валянціна Волкава «Менск. 3 ліпеня 1944 году» паказаны радасны натоўп, які ў асноўным складаецца зь дзяцей і жанчын. Але ёсьць і маладыя мужчыны. Адзін, у цэнтры палатна, цісьне руку чырвонаармейцу. Другі трымае дзіця на плячах. Трэці радасна размахвае кепкай. Рэальная карціна была не такая радасная.

Карціна Валянціна Волкава «Менск. 3 ліпеня 1944 году»
Карціна Валянціна Волкава «Менск. 3 ліпеня 1944 году»

Упершыню пра гэтую старонку вызваленьня я даведаўся з успамінаў Аляксандра Станюты, сына вялікай купалаўскай акторкі. Усю іх сям’ю мог расстраляць п’яны савецкі танкіст. З прычыны таго, што бацька Аляксандра, муж Стэфаніі, быў у акупацыі. І такія ваенныя злачынствы былі не адзінкавыя.

«Побач з намі жылі ў асобных дамах дзьве маладыя жанчыны. Узялі хлопцаў з палону і выйшлі замуж. Адзін быў асэтын, другі грузін. Дык вось, калі вызвалілі Менск, гэтаму грузіну ўдалося ўцячы. Ягоны далейшы лёс невядомы. Засталося дзіцятка. У другой сям’і таксама дзіця нарадзілася. Ад асэтына. І прыйшлі вайскоўцы. Можа, нехта данёс. Гэтая жанчына карміла дзіця якраз. А пакойчык вельмі маленькі. І вайскоўцы зайшлі і застрэлілі гэтага маладога мужчыну. Проста на вачах у жонкі. І дзіця засталося нямым. Дзіця не размаўляла. А насупраць нашага дома жыла сям’я ўрачоў, Рывінскія. У іх было два хлопчыкі. І, безумоўна, урачы вымушаныя былі працаваць. Дык яны зьехалі перад самым вызваленьнем. І слушна зрабілі», — згадвае Вольга Кацянкова.

Тое, што гэтыя забойствы ніхто і ніколі не расьсьледаваў, лішне казаць. Каб не псаваць сьвята.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG