Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нéма крычаць — гэта як? ВІДЭА


А вы ведаеце правільны адказ? Мо так крычаў Кінг-Конг у нямым кіно? Гэты беларускі выраз вельмі вобразны, але падманлівы для таго, хто не ў кантэксьце. Разам са Зьмітром Бартосікам высьвятляем праўду.​

ВІДЭА:

Дык што гэта значыць? Зьбіраць вэрсіі на менскую вуліцу выйшаў пісьменьнік і журналіст Зьміцер Бартосік.

Што такое „нéма крычаць“?
Значит, не кричать, наверное?
— Может быть, безмолвный крик, крик души?

Некаторыя суразмоўцы, зразумеўшы выраз даслоўна, спрабавалі дапасаваць яго да вядомай беларускай рэальнасьці, калі не да мэнтальнасьці:

Гэта значыць, усё, што ў цябе накіпела, ляжыць на сэрцы, і ты моўчкі перажываеш...
И не можешь сказать, что хочешь...

Журналіст спачувальна камэнтуе:

— Абмаляваны вельмі тонка псыхалягічны партрэт беларуса: беларусу хочацца крычаць, але ён робіць гэта нéма.

Зьміцер Бартосік
Зьміцер Бартосік

І сам Бартосік, які дзіцем прыехаў у Беларусь з Расеі, спачатку ўспрыняў быў выраз літаральна:

— Ня памятаю, калі я пачуў беларускі выраз „нема крычаць“, але першая асацыяцыя, якая мне прыйшла ў галаву, гэта Кінг-Конг, прычым той яшчэ, 1920-х гадоў, зь нямога кіно, чорна-белы. Кінг-Конг вельмі моцна крычаў, але ён крычаў нéма.

Фільм „Кінг-Конг“, 1933. (Kineos GmbH)
Фільм „Кінг-Конг“, 1933. (Kineos GmbH)

​Уражвае. Але правільны адказ — зусім адваротны!

...І тут прыйшоў мовазнаўца і ўсё спрасьціў

У беларускай мове маем два зусім розныя словы, розныя прыметнікі:

НЯМЫ і НÉМЫ

Нямы — той, які ня можа гаварыць (і проста маўклівага чалавека так назавуць). Слова агульнаславянскае.

А другі прыметнік — нéмы — у глыбокую даўніну азначаў 'замагільны'. Ляжаць нéма —значыць ‘тварам у зямлю’. Вельмі архаічны хтанічны беларускі выраз: нéмы належыць таму сьвету...

Значыць:

нямы — пазбаўлены голасу
нéмы — пазбаўлены надзеі

Прыслоўе нéма ў выразе нéма крычыць утворана ад другога прыметніка. Крычыць роспачна, безнадзейна.

Знайшліся людзі, якія ведаюць таямніцу

Напрыклад, спадарыня ў шаноўным веку:

Што такое нема крычаць?
Громко кричать.
Вы чулі гэты выраз?
Чула!
Ну крычыць, а нема… Как сумашэччый, што лі, крычыць!

Правільна! Але адкуль яна тое ведае? Адказ зусім нечаканы:

— Вы ведаеце даўно гэты выраз, так?
Не, первы раз слышу!

Думаю, што спадарыня чула немыя крыкі і раней — такога не прыдумаеш і не адгадаеш — але беларускім звычаем на ўсякі выпадак вырашыла не шчыраваць перад надта дапытлівым сустрэчным )

Затое гэты чалавек шчыруе:

— Нема крычаць? Ну это... кричать — это значит орать. Ва ўсю душу, так сказаць!

Сказаў, што родам з Украіны. Але ва ўкраінскай мове такога выразу няма. Яўна спадар уведаў яго тут, у Беларусі. Як і гэтыя людзі:

— Нéма? Это значит громко кричать. И с оттенком горя какого-то...
Гэта чымсьці незадаволеныя: перш за ўсё палітычнымі падзеямі, а потым ужо й жыцьцёвымі ўкладамі...
Гэта не крычаць моўчкі?
— Не-е!

Наш апытальнік для сябе падсумоўвае:

Такая палітра разнастайных правільных адказаў! Гэта сьведчыць, што беларусам вельмі хочацца нема закрычаць. І калі-небудзь краіна гэты крык пачуе.

Неперакладальная гульня словаў

А гэтую жанчыну журналісту з апэратарам давялося даганяць, але яно таго было варта:

— Вы чулі такі выраз — нема крычаць?
— Да, чула, патаму што я дзесяць лет учылася на беларускай мове. Спасіба.
— А што гэта значыць — нема крычыць?
— Громко кричит!

Ага! Людзі, якія ведаюць сапраўднае значэньне таямнічага выразу, усьведамляюць, што ён характэрна беларускі.

І ня могуць яго бяз стратаў перакласьці на расейскую:

А як гэта перакласьці на русский „ён нема крычыць“?
— Затрудняюсь ответить…
На рускі язык гэта перакласьці амаль што немагчыма…

Папраўдзе беларускаму фразэалягізму „нема крычаць“ можна падабраць расейскія адпаведнікі, але зь іншымі словамі:

кричать не своим голосом
истошно орать
реветь белугой
как резаный

І ўсё адно яны не перададуць усёй гамы пачуцьцяў немага крыку — роспачна-пазасьветнага, як на вядомай карціне Мунка.

Эдвард Мунк. Крык. 1893. Нацыянальная галерэя Нарвэгіі
Эдвард Мунк. Крык. 1893. Нацыянальная галерэя Нарвэгіі

Беларускія сынонімы да гэтага выразу —

крычаць немым голасам
крычаць немым духам

і нават у адно слова —

немаголас

А таксама​

крычма крычаць
ліхім крыкам крычаць

Хацелася б, каб было ў нас усіх менш нагодаў для немага, гэта значыць безнадзейнага, крыку. А было больш надзеі.

  • 16x9 Image

    Вінцук Вячорка

    Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961. Як мовазнаўца вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з "Майстроўні" і "Талакі" 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG