Расея зноў нанесла масаваны ўдар ракетамі і дронамі па Ўкраіне, вядома, што загінулі больш за 10 чалавек, яшчэ 116 параненыя.
Увечары прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі паведаміў, што пры новых атаках загінулі 22 чалавекі, а 130 атрымалі раненьні.
Расейскія войскі ў ноч на 2 чэрвеня запусьцілі па Ўкраіне 73 ракеты, у тым ліку «Цыркон», «Калібр» і «Іскандэр-М», і 656 бесьпілётнікаў, зь іх сілы СПА зьбілі 40 ракет і 602 дроны, паведамілі ў камандаваньні Паветраных сілаў Украіны.
У горадзе Дніпро колькасьць загінулых у выніку расейскага ўдару за ноч павялічылася да 12 чалавек, у тым ліку двое дзяцей, паведаміў кіраўнік Днепрапятроўскай абласной ваеннай адміністрацыі Аляксандар Ганжа.
Тым часам у Кіеве, паводле зьвестак мясцовых уладаў, колькасьць загінулых у выніку расейскага ўдару павялічылася да шасьці.
У прыватнасьці, кіеўскія гарадзкія ўлады зафіксавалі пашкоджаньні ў некалькіх раёнах гораду. На Падоле адбыўся пажар на тэрыторыі нежылых будынкаў, абломкі ўпалі на дах дзевяціпавярховага дому.
У выніку нападу былі пажары таксама на Абалоні, у Сьвятошынскім, Шаўчэнкаўскім і Дарніцкім раёнах, піша Ўкраінская служба Радыё Свабода.
«У Падольскім раёне Кіева ў выніку паўторнага трапляньня ў дзевяціпавярховы дом адбылося абвальваньне канструкцыяў. Пад заваламі могуць быць людзі», — паведаміў мэр Кіева Віталь Клічко.
Паводле зьвестак Кіеўскай гарадзкой дзяржаўнай адміністрацыі, колькасьць параненых пазьней павялічылася да 65 чалавек, у тым ліку траіх дзяцей. У прыватнасьці, атрымала траўмы трохгадовае дзіця.
Кіраўнік Кіеўскай абласной вайсковай адміністрацыі Мікалай Калашнік паведаміў пра ўдары па рэгіёне бесьпілётнікаў, крылатых і балістычных ракет. Паводле яго, у Кіеўскай вобласьці тры чалавекі атрымалі раненьні, ім аказаная дапамога.
Кіраўнік Днепрапятроўскай вобласьці Аляксандар Ганжа раніцай паведаміў пра загінулых і параненых у Дніпры ў выніку расейскага ўдару:
«Шэсьць чалавек загінулі. 33 атрымалі раненьні. 22-гадовы хлопец і 71-гадовая жанчына ў цяжкім стане. 24 чалавекі, у тым ліку 16-гадовы хлопец і 13-гадовая дзяўчына, шпіталізаваныя ў стане сярэдняй цяжкасьці. Астатнія будуць лячыцца дома».
Пазьней стала вядома пра 12 загінулых у выніку расейскага ўдару за ноч.
Таксама тры чалавекі атрымалі раненьні ў Каменскім: 50-гадовы мужчына і жанчыны 49 і 72 гадоў былі дастаўленыя ў шпіталь ў стане сярэдняй цяжкасьці.
Харкаў таксама пацярпеў ад ракетнага абстрэлу ўначы, паведаміў абласны кіраўнік Алег Сінягубаў. У Слабадзкім раёне пацярпелі восем чалавек:
«Сем чалавек адчулі вострыя стрэсавыя рэакцыі, а яшчэ адна жанчына атрымала траўмы ад шкла. Усім аказалі мэдычную дапамогу».
Напярэдадні прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што папярэджаньні аб масавым удары з боку Расеі застаюцца ў сіле.
Расейскія вайскоўцы рэгулярна атакуюць украінскія гарады і цывільную інфраструктуру ўва ўсіх рэгіёнах Украіны з выкарыстаньнем розных відаў зброі — ударных бесьпілётнікаў, ракет, ракетных комплексаў, рэактыўных сыстэмаў залпавага агню.
Украінскія ўлады і міжнародныя арганізацыі кваліфікуюць гэтыя ўдары як ваенныя злачынствы Расейскай Фэдэрацыі і падкрэсьліваюць, што яны мэтанакіраваныя.
Абстрэл сыстэмаў жыцьцезабесьпячэньня і ўстановаў аховы здароўя з мэтай пазбавіць людзей электрычнасьці, цяпла, забесьпячэньня вадой, сувязі, мэдычнай дапамогі і іншых неабходных для жыцьця ўмоваў — прыкмета генацыдных дзеяньняў.
Крэмль адмаўляе, што расейская армія падчас паўнамаштабнай вайны наносіць мэтанакіраваныя ўдары па цывільнай інфраструктуры ўкраінскіх гарадоў і вёсак, забіваючы мірных жыхароў і разбураючы лякарні, школы, дзіцячыя садкі, аб’екты энэрга- і водазабесьпячэньня.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.