Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дрон, якім Расея атакавала Ўкраіну, пацэліў у жылы дом у Румыніі. Ёсьць параненыя

абноўлена
Момант выбуху дрона на даху 10-павярховага дому ў Румыніі
Момант выбуху дрона на даху 10-павярховага дому ў Румыніі

У Міністэрстве абароны Румыніі паведамілі аб двух параненых у выніку пацэльваньня расейскага дрона ў жылы дом у памежным з Украінай горадзе. 70 чалавек эвакуавалі.

Як паведаміла агенцтва Reuters, гэта першы выпадак за ўвесь пэрыяд расейска-ўкраінскай вайны, калі ў выніку ўдару бесьпілётніка па густанаселеным раёне Румыніі ёсьць параненыя.

Паводле ўладаў краіны, бесьпілётнік уляцеў у дах 10-павярховага шматкватэрнага дому ў горадзе Галяць і выбухнуў.

Паветраную прастору Румыніі, якая мае 650-кілямэтровую супольную мяжу з Украінай, расейскія бесьпілётнікі парушылі ўжо 28 разоў з таго часу, як Масква пачала атакаваць украінскія парты на Дунаі ў Адэскай вобласьці.

У Міністэрстве абароны Румыніі паведамілі, што за ўвесь гэты час на румынскай тэрыторыі знаходзілі фрагмэнты дронаў 47 разоў.

«Румынія прыме неабходныя дыпляматычныя захады ў адказ на гэтае сур’ёзнае парушэньне міжнароднага права і сваёй паветранай прасторы», — заявіла кіраўніца Міністэрства замежных справаў Румыніі Оана Тою на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы X.

Кіраўніца МЗС Румыніі назвала «безадказнымі» дзеяньні Расеі, за якія гэтая дзяржава мусіць панесьці адказнасьць.

Падчас атакі Расеі ўкраінскай тэрыторыі румынскія вайскоўцы падымалі ў паветра два зьнішчальнікі F-16 і вайсковы гелікоптэр, а жыхароў памежных з Украінай паветаў заклікалі хавацца ў бамбасховішчах.

Улады Румыніі паведамілі пра інцыдэнт кіраўніцтву NATO і Эўразьвязу.

Як адрэагавалі ў Эўразьвязе і NATO

Старшыня Эўрапейскай камісіі Урзуля фон дэр Ляен заявіла, што «ваенная агрэсія Расеі перайшла чарговую мяжу».

«Мы цалкам салідарныя з Румыніяй і яе народам», — напісала фон дэр Ляен на сваёй старонцы ў Х.

Кіраўніца Эўракамісіі заявіла, што разам з умацаваньнем сваёй бясьпекі Эўразьвяз працягне «нарошчваць ціск на Расею».

«Мы рыхтуем 21-ы пакет санкцыяў», — дадала яна.

У NATO таксама асудзілі дзеяньні Расеі і назвалі іх «безразважлівымі».

«Генэральны сакратар NATO знаходзіцца на сувязі з румынскімі ўладамі. Мы асуджаем безразважлівасьць Расеі. NATO працягне ўмацоўваць абарону супраць усіх пагрозаў, у тым ліку супраць дронаў», — паведаміла ў Х сьпікер NATO Элісан Гарт.

Ва Ўкраіне назвалі інцыдэнт у Румыніі сьведчаньнем пагрозаў Расеі для ўсёй Эўропы

Міністар замежных справаў Украіны Андрэй Сыбіга заявіў, што ўварваньне расейскага дрона ў Румынію сьведчыць аб тым, што расейская агрэсія ёсьць рэальнай пагрозай для Чарнаморскага рэгіёну і ўсёй Эўропы.

«Узмацненьне падтрымкі Ўкраіны і ціску на агрэсара, у тым ліку праз больш жорсткія санкцыі, застаюцца крытычна важнымі для аднаўленьня міру і бясьпекі ў рэгіёне», — сказаў Андрэй Сыбіга.

Паводле яго, умацаваньне супрацьпаветранай абароны Ўкраіны таксама ёсьць стратэгічнай задачай, каб ня толькі абараняць Украіну, а і зьменшыць рызыкі для суседзяў.

«Украіна цьвёрда стаіць поруч з Румыніяй. Мы гатовыя шчыльна супрацоўнічаць для ўзмацненьня абароны ад такіх пагрозаў», — дадаў кіраўнік МЗС Украіны.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG