Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі бесьпілётнік парушыў паветраную прастору Румыніі

Румынскія вайскоўцы
Румынскія вайскоўцы

У час чарговай начной атакі на Ўкраіну адзін з расейскіх дронаў зноў трапіў на тэрыторыю краіны NATO.

Міністэрства абароны Румыніі заявіла, што радары зафіксавалі парушэньне паветранай прасторы расейскім бесьпілётнікам, пасьля чаго страцілі радарны кантакт зь ім за 16 км на паўднёвы ўсход ад памежнай вёскі Кілія-Вэке.

Нацыянальны вайсковы камандны цэнтар паведаміў пра інцыдэнт Генэральнай інспэкцыі ў надзвычайных сытуацыях. Улады папярэдзілі насельніцтва на поўначы акругі Тульча пра небясьпеку. Гэта адбылося а 00:43 мясцовага часу.

Паветраную трывогу скасавалі толькі ў 02:48.

Група Міністэрства нацыянальнай абароны раніцай выехала на выведку ў раён, дзе мог упасьці бесьпілётнік.

«Мы рашуча асуджаем дзеяньні Расейскай Фэдэрацыі, якія пагражаюць рэгіянальнай бясьпецы і ёсьць сур’ёзным парушэньнем нормаў міжнароднага права», — заявілі ў Міністэрстве абароны Румыніі.

Румынія, краіна ЕС і NATO, мае агульную сухаземную мяжу з Украінай працягласьцю 650 км, і з таго часу, як Расея пачала атакаваць украінскія парты на Дунаі, бесьпілётнікі ня раз парушалі паветраную прастору Румыніі, а іх фрагмэнты падалі на яе тэрыторыі.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG