ЗША заявілі, што краіны G7 не размарозяць расейскіх актываў, пакуль Расея не аплаціць шкоду, якую нанесла Ўкраіне

Міністарка фінансаў ЗША Джанэт Елен, архіўнае фота
Міністарка фінансаў ЗША Джанэт Елен, архіўнае фота

Міністарка фінансаў ЗША Джанэт Елен заявіла, што «няма прававой праблемы» ў пазычаньні Ўкраіне каля 50 мільярдаў даляраў за кошт даходаў ад замарожаных расейскіх актываў.

«Тут няма ніякай прававой праблемы. «Група сямі» выдзеліць Украіне крэдыт у памеры 50 мільярдаў даляраў, які з часам будзе пагашаны з гэтых паступленьняў. І я б сказала, што лідэры G7 ужо далі зразумець, што яны не размарозяць гэтых актываў, пакуль Расея не заплаціць за шкоду, якую яна нанесла Ўкраіне.

І мы сапраўды знаходзімся ў валявой барацьбе з Пуціным. Я думаю, што Пуцін лічыць, што нашая кааліцыя разваліцца, калі мы не працягнем даваць Украіне рэсурсы, неабходныя для гэтай вайны і падтрымкі эканомікі. І гэта спосаб паказаць, што мы маем здольнасьць і волю рабіць гэта», – сказала яна ў размове з журналістамі АВС.

Елен адпрэчыла абвінавачваньні расейскага кіраўніка Ўладзіміра Пуціна ў тым, што выкарыстаньне даходаў ад расейскіх актываў на карысьць Украіны зьяўляецца крадзяжом.

«Ні ў якім сэнсе гэта не крадзеж. Расейскія актывы застаюцца ў гэтай установе. Яны былі зьнерухомленыя. Тэрмін расейскіх інвэстыцый ужо скончыўся. Такім чынам, расейскія сродкі ёсьць у выглядзе наяўных грошай, але яны прыносяць даход установе, на якую ў Расеі няма ніякіх прэтэнзій», – патлумачыла міністарка.

«Група сямі» 13 чэрвеня пагадзілася даць Украіне пазыкі на каля 50 мільярдаў даляраў да канца году, выкарыстоўваючы звышпрыбыткі ад расейскіх сувэрэнных актываў, каб вярнуць іх.

​
XS
SM
MD
LG