Як піша Bloomberg, сродкі плянуецца даць Кіеву да канца 2024 году. Пагашацца крэдыт будзе за кошт прыбытку ад замарожаных актываў штогод.
Суразмоўца агенцтва зазначыў, што тэхнічны бок пагадненьня будзе абмяркоўвацца пасьля саміту «Вялікай сямёркі», які заплянаваны на 13-14 чэрвеня.
Газэта Le Monde сьцьвярджае, што першапачаткова гэтая ініцыятыва зыходзіла ад прадстаўнікоў ЗША.
«Калі з тых ці іншых прычынаў расейскія актывы будуць размарожаныя або паступленьняў ад расейскіх актываў будзе недастаткова для фінансаваньня крэдыту, тады нам давядзецца разгледзець пытаньне аб тым, як падзяліць нагрузку», — цытуе выданьне прадстаўніка Эманюэля Макрона.
У ЗША захоўваецца каля $5-6 млрд з 300 млрд, якія былі замарожаныя ў Эўразьвязе, Канадзе, ЗША і Японіі пасьля 24 лютага 2022 году. У Эўропе захоўваецца $210 млрд. Чакаецца, што ўсе гэтыя замарожаныя сродкі будуць прыносіць ад $3 да 5 млрд за год.
ЗША, ЭЗ і іншыя краіны ўвялі санкцыі і замарозілі актывы Расеі і расейскіх алігархаў пасьля поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну. Улетку 2023 году Міністэрства фінансаў ЗША заявіла аб блякаваньні актываў расейскіх алігархаў і Цэнтрабанку Расеі на суму больш за $330 млрд.
У траўні Эўразьвяз ухваліў перадачу даходаў ад замарожаных расейскіх актываў Украіне. Кіраўнік чэскага МЗС Ян Ліпаўскі ўдакладняў, што ў 2024 годзе Кіеву могуць накіраваць да 74 млрд крон (каля 3 млрд эўра). 90% гэтых сродкаў пойдуць на ваенныя патрэбы, 10% — на аднаўленьне краіны.
У Крамлі гэтае рашэньне назвалі «экспрапрыяцыяй». МЗС Расеі абяцаў увесьці меры ў адказ на выкарыстаньне прыбытку ад расейскіх замарожаных актываў. Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін падпісаў указ, які дазваляе судам выкарыстоўваць амэрыканскую маёмасьць у Расеі для кампэнсацыі стратаў ад канфіскацыі актываў у ЗША.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.