Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У манастыры ў Навінках распавялі, навошта запрасілі падпалкоўніка расейскага ГРУ


Сьвята-Елісавецінскі манастыр у Навінках

Падпалкоўнік запасу расейскага ГРУ Антон Маньшын трапіў у Елісавецінскі манастыр, што ў Навінках, як паломнік. Паколькі ён даваў інтэрвію сайту pravoslavie.ru, выступаў у расейскіх манастырах, то яго запрасілі і ў нядзельную школу Сьвята-Елісавецінскага манастыра ў Менску. Але ў манастыры прызналі, што «гэта была памылка» і «непрыемная гісторыя».

У нядзелю падпалкоўнік запасу расейскага Галоўнага выведнага ўпраўленьня Антон Маньшын, названы «воінам Хрыстовым Антоніем», казаў вернікам у менскім Сьвята-Елісавецінскім жаночым манастыры пра «вайну за сьвятую Русь, без падзелу на Белую, Малую і Вялікую», і пра тое, што прысутныя мужчыны возьмуць у ёй удзел. Таксама Маньшын на сустрэчы з сотняй вернікаў казаў, што «прайшоў дзьве вайны ў Чачні, удзельнічаў у падзеях на Данбасе, засьвяціўся і ў Сырыі», расказваў пра «цуды божыя на вайне», паведамляе «Наша Ніва».

Старшыня Сынадальнага інфармацыйнага аддзелу Беларускай праваслаўнай царквы протаярэй Сяргей Лепін сказаў Свабодзе, што ведае пра неадназначны выступ расейскага падпалкоўніка, але цяпер ён на вакацыях за межамі Беларусі. Сяргей Лепін паабяцаў даслаць свой камэнтар па электроннай пошце ў панядзелак увечары.

«Гэта наша памылка»

Рэдактарка сайту Сьвята-Елісавецінскага манастыра інакіня Іаанна ня ведае, адкуль узяўся падпалкоўнік Маньшын, але выказала сваё стаўленьне да выступу расейскага афіцэра:

«На жаль, гэта была наша памылка, што мы гэта арганізавалі. Але я, на жаль, ня ведаю, адкуль узяўся гэты падпалкоўнік. Гэта вельмі непрыемная гісторыя».

Іаанна параіла зьвярнуцца да манахіні Елізаветы, якая арганізавала сустрэчу з падпалкоўнікам у запасе Антонам Маньшыным.

Падпалкоўнік запасу расейскага ГРУ «дэфілюе па сьвятых месцах»

Маці Елізавета сказала Свабодзе, што расейскі афіцэр Антон Маньшын трапіў у манастыр як паломнік:

«Інтэрвію зь ім было на сайце pravoslavie.ru, выступаў ён у Наваспаскім манастыры. Мы яму таксама прапанавалі, каб ён выступіў з прамовай і ў нашай нядзельнай школцы. Выступ адбыўся. А пра зьмест ягонага выступу я гаварыць не хачу».

Маці Елізавета выбачылася і паклала слухаўку.

З інтэрвію «Малітва афіцэра», якое апублікавана на сайце pravoslavie.ru, вынікае, што паўтара года таму Антона Маньшына адправілі на пэнсію па інваліднасьці. На пытаньне, як ён жыве, чым займаецца, падпалкоўнік запасу адказаў так:

«Ды як жыву... нават ня ведаю, што сказаць. Жалю вартая валтузьня па плоскасьці збавеньня. Дом, царква, манастыры, сьвятыя месцы — дэфілюю па такой плоскасьці. Багалюбаўскі манастыр Андрэя Бароўскага. І Опціна пустынь... Яшчэ манастыр Савы Старажэўскага — ён побач з намі знаходзіцца. Ну і мой храм Пакрова Божай Маці».

Цяпер геаграфія «дэфіле» расейскага падпалкоўніка Антона Маньшына пашырылася — ён даехаў да Беларусі.

Анціпенка: «Месца прапагандыстаў — на дзяржаўным тэлебачаньні»

Алесь Анціпенка
Алесь Анціпенка

Філёзаф Алесь Анціпенка з нагоды гэтага інцыдэнту выказаў меркаваньне, што такія ваяўнічыя прапаведнікі, як Антон Маньшын, разбураюць і саму царкву, і давер да яе:

«Я хацеў бы ўзгадаць цытату з Эвангельля, якая ў дадзеным выпадку вельмі важная. Як заснавальнік гэтай царквы Ісус Хрыстос ставіўся да тых, хто сьвятыню ператварае ў месца гандлю, прапаганды нейкіх незразумелых каштоўнасьцяў, самарэклямы і гэтак далей. Гэта цытата з Дабравесьця паводле Яна:

„І знайшоў у сьвятыні тых, хто гандляваў валамі, і авечкамі, і галубамі, а таксама мянялаў, якія сядзелі там. І зрабіў Ён біч зь вяровак, павыганяў усіх са сьвятыні, і авечак, і валоў, і грошы мянялаў парассыпаў“.

Царква — дом Божы. І, безумоўна, гэты сьвет і той сьвет, які паказвае нам царква — яны не стасуюцца. Месца гандляроў — на Камароўцы, месца прапагандыстаў — на дзяржаўным тэлебачаньні і радыё.

Царква — гэта сьвятое і вельмі ўтульнае месца для вернікаў. Гэта ня месца, дзе распальваюцца жарсьці, гэта ня месца, дзе ёсьць нейкая ваяўнічасьць, гэта ня месца, дзе зьяўляюцца нейкія дзіўныя людзі, якіх называюць „ваіцелямі Хрыста“. Хрыстос, які казаў сваім вернікам: „Калі вас ударылі па адной шчацэ, падстаўце другую“, ніколі не заклікаў ні да якіх войнаў вернікаў. Калі адзін зь ягоных вучняў выцягнуў меч і ўдарыў раба першасьвятара і адсек вуха, Хрыстос загадаў яму схаваць меч у ножны. Царква — зусім іншае месца. І калі прыяжджаюць нейкія дзіўныя прапаведнікі і распавядаюць нам яшчэ больш дзіўныя ваяўнічыя рэчы, якія насамрэч разбураюць і царкву, і давер да яе, гэта проста непрымальна».

Матрунчык: «Царкве трэба быць больш абачлівай, дасьведчанай і асьцярожнай»

Мікола Матрунчык
Мікола Матрунчык

Старшыня Брацтва сьвятых віленскіх мучанікаў Мікола Матрунчык перакананы, што царква не павінна быць прапагандысцкай пляцоўкай:

«Безумоўна, гэта недарэчнасьць — запрасіць такую адыёзную фігуру ў царкву, тым больш выступаць у нядзельнай школцы, куды вернікі прыходзяць зь дзецьмі. Трэба, каб у царкве сурʼёзна працаваў аддзел па сувязях з грамадзкасьцю, каб там былі прафэсійныя і абазнаныя людзі — хто прыяжджае, зь якімі выступамі, якія каштоўнасьці прасоўвае. Царква не павінна быць прапагандысцкай пляцоўкай, дзе расейскі вайсковец дзеліцца сваім сумнеўным досьледам баявых дзеяньняў, прасоўвае ідэі „русского мира“.

Канечне, царкве трэба быць больш абачлівай, дасьведчанай і асьцярожнай, калі запрашаць нейкага статуснага чалавека для выступу. Тым больш ён сам прадстаўляецца такім абазнаным у нюансах гэтых усіх ваенных канфліктаў. Трэба ўзгадняць з прафэсіяналамі ў такіх пытаньнях у царкоўных структурах».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG