Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выставілі абвінавачаньне нападніку на банк у Магілёве


Пасьля нападу на банк у Магілёве, архіўнае фота
Пасьля нападу на банк у Магілёве, архіўнае фота

Сьледчы камітэт Беларусі распавёў пра ход расьсьледаваньня справы аб захопе закладнікаў у магілёўскім аддзяленьні «Беларусбанку».

28-гадоваму нападніку выставілі абвінавачаньне ў разбоі (ч.3 арт. 207 КК РБ) і захопу закладнікаў з карысьлівых мэтаў (ч. 2 арт. 291 КК РБ). Паводле першага артыкулу яму пагражае пазбаўленьне волі на тэрмін ад 6 да 15 год з канфіскацыяй маёмасьці.

Паводле сьледчых, нападнік нарадзіўся ў Магадане, раней не судзімы. 20 лістапада ён пранікнуў у аддзяленьне банку, дэманстраваў «прадмет, падобны да пісталета Макарава», пагражаў працаўнікам і наведнікам забойствам, патрабаваў аддаць яму грошы і каштоўнасьці. Такім чынам ён захапіў у закладнікі 8 наведнікаў і 6 працаўнікоў банку, мог завалодаць буйной сумай грошай: 9199 беларускіх рублёў, 118 даляраў і 2000 расейскіх рублёў.

Раней паведамлялася, што ў выніку перамоваў у абмен на закладнікаў мужчына запатрабаваў машыну для ўцёкаў. Яму яе далі. У аўтамабілі нападніка суправаджаў начальнік крымінальнай міліцыі Аляксандар Васільеў пад выглядам супрацоўніка службы бясьпекі банку.

Мужчыну затрымалі «ў выніку спэцапэрацыі», хоць ён спрабаваў уцячы зь месца злачынства. Пра нібыта ўчыненую страляніну (раней гаварылася, што заўважыўшы перасьлед і ачапленьне, нападнік стаў страляць па міліцыянтах) новых дэтаяляў не паведамляецца, зброю накіравалі на балістычную экспэртызу. Таксама не паведамляецца пра стан здароўя затрыманага — раней гаворылася, што міліцыянты стралялі па нападніку, калі ён кінуўся ўцякаць, і паранілі яго ў нагу.

Такое здарэньне адбылося ў Магілёве ўпершыню за 10 гадоў. Расьсьледаваньне працягваецца. Вядома, што затрыманы мае расейскае грамадзянства і від на жыхарства ў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG