Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Некаторыя нацыі паводзяць сабе як падлеткі: крыўдлівыя, нэрвовыя, ня ўпэўненыя ў сабе.

Давайце правядзем невялікі тэст на пэўныя рысы нацыянальнага характару.

Скажыце, напрыклад, немцу пра меркаваньне нейкага чалавека — «ён ня любіць немцаў». Рэакцыя многіх немцаў, хутчэй за ўсё, будзе прыблізна такая — «ну што паробіш, нас, немцаў, ёсьць за што не любіць. Мы за сваю гісторыю ня толькі дабро суседзям рабілі, так што гэтае пачуцьцё апраўданае».

Добра, ня будзем у нашым экспэрыменце браць немцаў ці нават амэрыканцаў — бо гэта асаблівыя выпадкі. Возьмем, да прыкладу, даволі нэўтральных швэдаў ці данцаў. Скажам ім — «гэты чалавек ня любіць швэдаў». Рэакцыя, найхутчэй, будзе дастаткова спакойная ці нават абыякавая. Паціснуць плячыма. «Ну і што? Мы ж ня можам усім падабацца. Хтосьці ня любіць італьянцаў, хтосьці кітайцаў, хтосьці швэдаў. Ведаеце, у нас, швэдаў, ёсьць гэтулькі нехарошых рысаў і незайздросных якасьцяў..»

А цяпер давайце правядзем гэты тэст у нашым постсавецкім рэгіёне.

«Ён ня любіць расейцаў». — «Гэта русафобія, як можна, Вялікая Айчынная вайна, ГУЛАГ, Дастаеўскі, Гагарын» і ўсё такое.

«Ён ня любіць украінцаў». — «Гэта ўкраінафобія, як можна, Галадамор, Крым, Данбас» і ўсё такое.

«Ён ня любіць беларусаў». — «Гэта беларусафобія, а ты хто такі, чаго ты сам дасягнуў, „сначала добейся“, што ты можаш пра нас ведаць, зараз мы напішам 100 камэнтаў і 20 артыкулаў з доказамі, якія мы добрыя».

Рэч у тым, што постсавецкія нацыі, нягледзячы на свае розныя маштабы, бязьмерна зацыкленыя на сабе і таму раўніва прагнуць (і адначасова баяцца) пачуць ад іншых меркаваньне пра сябе. Таму кожны чых кожнага замежнага госьця, кожныя скептычныя нататкі падарожніка, кожная крытычная рэпліка замежных палітыкаў успрымаецца як нагода для непазьбежных крыўды і абурэньня. «Вось пачытайце, расеец прыехаў у Беларусь і не ацаніў нашых дарогаў. Што ён увогуле ведае пра дарогі, у ягоным Галасранску іх ніколі не было».

Што яшчэ яднае нацыі рэгіёну — гэта пэдаляванье і абсалютызацыя гістарычных пакутаў. «Нас прыгняталі, нас зьнішчалі, на нас нападалі». Пры гэтым пра пакуты аднолькава зацята лемантуюць і ў маленькай Літве, і ў вялікай маштабамі Расеі. Пакуты важныя, бо гэта ўнівэрсальнае тлумачэньне сваіх няўдачаў і абгрунтаваньне асаблівага да сябе стаўленьня.

Постсавецкія нацыі баяцца зазіраць у будучыню, а замест гэтага ўвесь час зацята змагаюцца паміж сабой і з суседзямі за правільную вэрсію мінуўшчыны.

Гэтыя нацыі паводзяць сабе як падлеткі: крыўдлівыя, нэрвовыя, ня ўпэўненыя ў сабе.

Не скажу за іншых, але беларусам самы час сталець. Адчуць сябе дарослымі. Незалежнымі, самадастатковымі.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG