Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каля менскага гатэля «Беларусь» задумалі збудаваць вялізны забаўляльны цэнтар


Гатэль «Беларусь», архіўнае фота

На менскай вуліцы Старажоўскай заплянавана збудаваць «моладзевы забаўляльны цэнтар». Падрабязна пра праект расказаў Onliner.by.

Чатырохпавярховы будынак плошчай 17602 м² і вышынёй 19,4 м, як плянуецца, «выцягнецца» ўздоўж узьбярэжжа Сьвіслачы і «прыкрые» сабой будынак банку «Масква-Менск». Плянуецца падземная паркоўка, канфэрэнц-залі, кінатэатар, кавярні і крамы, выставачныя залі і офісныя памяшканьні.

Забудоўцам выступіць ЗАТ «Камкон», што будавала дамы ў Менску на вуліцах Дзімітрава, 3, Харужай, 10, Варанянскага, 7а, а таксама Новаапостальскую царкву на Шаранговіча. Паводле забудоўцы, цяперашні праект аднагалосна ўхвалілі на горадабудаўнічай радзе, а першы праект забудовы тэрыторыі зьявіўся яшчэ ў 1995 годзе. Цяпер жа на месцы будучай будоўлі закінуты бункер, збудаваны ў 1941 годзе ў час акупацыі Менску нацыстамі.

Гарадзкія ўлады цяпер праводзяць «маніторынг грамадзкай думкі». Але на грамадзкае абмеркаваньне, як сказалі Onliner.by, будуць выносіць ня сам праект будынку, а справаздачу аб экалягічнай экспэртызе праекту. Грамадзяне могуць накіраваць заяву пра неабходнасьць грамадзкай экспэртызы да 7 лютага 2018 году на адрас 220004, Менск, вул. Мельнікайце, 6.

Маштабныя будоўлі ў цэнтры Менску нярэдка выклікаюць спрэчкі. Гэта, прыкладам, недабудаваны «Некемпінскі», нядаўні праект бізнэс-цэнтру на Кастрычніцкай плошчы або жылы комплекс за паркам Чалюскінцаў.

Мапа з экалягічнай экспэртызы, апублікаванай на сайце Цэнтральнага раёну Менску
Мапа з экалягічнай экспэртызы, апублікаванай на сайце Цэнтральнага раёну Менску

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG