Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ёсьць указ прэзыдэнта». На Кастрычніцкай плошчы ў Менску пачалі будаваць бізнэс-цэнтар. ФОТА


Будаўніцтва бізнэс-цэнтру
Будаўніцтва бізнэс-цэнтру

У Менску на Кастрычніцкай плошчы пачалі будаваць бізнэс-цэнтар, заказчык якога — кампанія «Дана Астра».

З пляцоўкі, якая абнесеная высокай і моцнай агароджай, зьнялі шыльду з пашпартам аб'екта. Цяпер яна ў вагончыку на пляцоўцы.

Як патлумачылі карэспандэнту Свабоды будаўнікі, у гэтым пашпарце «абламаўся вугал і ўнесеныя недакладныя зьвесткі». Маўляў, праз пару дзён абноўленую шыльду вернуць на месца. З тае ж прычыны фатаграфаваць яе не дазволілі.

«Ёсьць указ прэзыдэнта»

Першы намесьнік старшыні камітэту архітэктуры і горадабудаўніцтва Менгарвыканкаму Алена Сухадолава патлумачыла карэспандэнту Свабоды, што па гэтым абʼекце «ёсьць указ прэзыдэнта, згода ёсьць, ідзе праектаваньне», заказчык — кампанія «Дана Астра».

«Дана Астра» ўваходзіць у групу кампаній Dana Holdings. Менавіта яна паводле ўказу Аляксандра Лукашэнкі выступае заказчыкам будаўнічых праектаў. Dana Holdings падкантрольная сэрбскім бізнэсоўцам, асабіста знаёмым з Лукашэнкам.

Алена Сухадолава не адказала на пытаньне, ці абмяркоўваўся праект на горадабудаўнічай радзе. Таксама Алена Сухадолава сказала, што ня бачыла дакумэнтаў аб праходжаньні праектам дзяржэкспэртызы.

«Праект узгадняўся, канцэпцыя ўхваленая кіраўніцтвам краіны. Праектаваньне ідзе з улікам заканадаўства і захаваньня ўсіх нарматываў. Ён разьмяшчаецца з улікам усіх нормаў. Аб’ект павінен упісацца ў нашу забудову», — сказала Алена Сухадолава.

Рэспубліканская архітэктурна-горадабудаўнічая рада праект не разглядала

Паводле прэс-сакратара Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Яўгеніі Філімонавай, пытаньне будаўніцтва бізнэс-цэнтру не ўваходзіць у кампэтэнцыю міністэрства. На Рэспубліканскай архітэктурна-горадабудаўнічай радзе гэты праект не разглядаўся, хоць з такой ініцыятывай зьвяртаўся Саюз архітэктараў Беларусі.

Раней праект бізнэс-цэнтру крытыкавалі за памеры і стыль будынка. Менскія архітэктары распрацавалі адразу некалькі альтэрнатыўных праектаў, але забудоўшчык не зьвярнуў на іх увагі. Партал Tut.by паведаміў, што кампанія «Белінтэ-Роба» (якая ўваходзіць у Dana Holdings) узгадніла свой праект шматфункцыянальнага цэнтру.

Забойства менскага Парфэнону

У Менску пашыраць вуліцу Макаёнка для новага комплексу сэрбскіх забудоўнікаў

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG