Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Азэрбайджану пра Лапшына: Канчатковае рашэньне прыме суд


Аляксандар Лапшын

Аляксандар Лапшын пасьля экстрадыцыі зь Менску зьмешчаны ў сьледчы ізалятар № 1 гораду Баку. Паводле крымінальных артыкулаў, па якіх ён абвінавачаны, Лапшыну пагражае да васьмі гадоў пазбаўленьня волі. У чацьвер-пятніцу зь ім сустрэнецца расейскі консул. Кіраўнік МЗС Азэрбайджану ўжо заявіў, што лёс Лапшына будзе вырашаць суд.

У дачыненьні да блогера Аляксандра Лапшына, якога 7 лютага дэпартавалі зь Менску ў Баку, заведзеная крымінальная справа па артыкулах 281.2 (публічныя заклікі, накіраваныя супраць дзяржавы) і 318.2 (незаконнае перасячэньне дзяржаўнай мяжы Азэрбайджанскай Рэспублікі) Крымінальнага кодэксу Азэрбайджану.

Паводле Міністэрства юстыцыі Азэрбайджану, Лапшын двойчы парушыў законы Азэрбайджану «Аб дзяржаўнай мяжы» і «Аб пашпартах», наведаўшы ў красавіку 2011 і ў кастрычніку 2012 году тэрыторыю Нагорнага Карабаху. Акрамя таго, афіцыйны Баку зьвяртае ўвагу на тое, што блогер «прапагандаваў сэпаратысцкі рэжым» непрызнанай рэспублікі, называючы яе незалежнай дзяржавай, і разьмяшчаў у сваім блогу нататкі, якія заклікаюць да парушэньня тэрытарыяльнай цэласнасьці Азэрбайджану.

Як паведаміў прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітры Пяскоў, перамовы пра блогера Лапшына паміж Расеяй і Азэрбайджанам не вядуцца, але для яго абароны робяцца ўсе магчымыя юрыдычныя захады.

Кіраўнік МЗС Азэрбайджану Эльмар Мамэдʼяраў паведаміў, што абмеркаваў з амбасадарам Расеі ў Баку справу Лапшына, паведамляе азэрбайджанскае інфармацыйнае агенцтва Report:

Эльмар Мамэдʼяраў
Эльмар Мамэдʼяраў

«Мы атрымалі ноту ад расейскай і ізраільскай амбасадаў. Літаральна заўтра-пазаўтра консул РФ будзе сустракацца з Лапшыным у адпаведнасьці зь Венскай канвэнцыяй. У амбасады будзе доступ для кантактаў зь ім. Я ўжо сустракаўся з расейскім амбасадарам, перашкодаў тут я ня бачу», — сказаў міністар замежных спраў Азэрбайджану.

Паводле міністра, далейшы лёс Лапшына будзе залежаць ад завяршэньня сьледзтва і суду:

«Яму выстаўленыя абвінавачаньні па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэксу Азэрбайджану. Канчатковае рашэньне — гэта рашэньне суду», — падкрэсьліў Эльмар Мамэдʼяраў.

Кіраўнік МЗС Азэрбайджану выказаў зьдзіўленьне і абурэньне залішняй палітызацыяй гэтага пытаньня:

«Увесь час яго называюць блогерам. А калі б ён быў інжынэрам, ім бы не цікавіліся? Ён парушыў законы, і ў адпаведнасьці зь юрыдычным абгрунтаваньнем заведзена крымінальная справа, на падставе якой быў разьмешчаны запыт у Інтэрпол».

Відэа армянскай службы Радыё Свабода

XS
SM
MD
LG