Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аліеў — Лукашэнку: Дзякуй за справядлівасьць! Лукашэнка — Аліеву: Дзякуй за ўдзячнасьць!


Аляксандар Лукашэнка і Ільхам Аліеў (архіўнае фота)

8 лютага прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў патэлефанаваў Аляксандру Лукашэнку.

Пра гэта паведамляе прэсавая служба Ільхама Аліева на афіцыйным сайце кіраўніка Азэрбайджану.

«У ходзе тэлефоннай размовы бакі казалі аб пасьпяховым разьвіцьці беларуска-азэрбайджанскіх двухбаковых адносінаў, з задавальненьнем успомнілі афіцыйны візыт прэзыдэнта Лукашэнкі ў Азэрбайджан, які адбыўся ў канцы мінулага году. Кіраўнікі дзяржаў правялі абмен думкамі аб пэрспэктывах двухбаковых адносін, казалі аб далейшых сустрэчах», — паведамляе прэсавая служба.

Ільхам Аліеў «выказаў удзячнасьць беларускаму боку і асабіста прэзыдэнту Аляксандру Лукашэнку за дэманстрацыю справядлівай пазыцыі і рашучага кроку ў сувязі з экстрадыцыяй ў Азэрбайджан Аляксандра Лапшына, у дачыненьні да якога распачатая крымінальная справа па адпаведных артыкулах Крымінальнага кодэксу Азэрбайджанскай Рэспублікі, расцаніў гэты крок, як захаваньне вяршэнства закона і міжнародных канвэнцый, праяву азэрбайджана-беларускага сяброўства і адносінаў стратэгічнага партнёрства. Аляксандр Лукашэнка падзякаваў прэзыдэнту Ільхаму Аліеву за ўдзячнасьць» — гаворыцца ў паведамленьні.

Блогер з грамадзянствам Ізраілю і Расеі Аляксандар Лапшын быў затрыманы ў Менску 14 сьнежня 2016 году як асоба, абвешчаная ў міжнародны вышук. Менскі суд арыштаваў яго на 2 месяцы, а 7 лютага яго дэпартавалі ў Азэрбайджан. Блогер знаходзіцца ў «чорным сьпісе» азэрбайджанскага МЗС за наведваньне Нагорнага Карабаху, але, нягледзячы на гэта, прыяжджаў у Баку.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG