Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства інфармацыі вынесла папярэджаньне беларускаму парталу TUT.BY за матэрыял, зьмест якога «здольны нанесьці шкоду нацыянальным інтарэсам краіны».

У матэрыяле ад 15 лютага «Бацькі напісалі спачатку, што я фашыст. Як беларусы ваююць ва Ўкраіне» ішла гаворка пра беларускіх добраахвотнікаў, якія ваююць ва Ўкраіне на баку ўкраінскіх уладаў.

У артыкуле гаварылася, што тэкст не адлюстроўвае пазыцыю рэдакцыі TUT.BY адносна канфлікту на Данбасе і ўдзелу ў ім беларускіх грамадзянаў. Таксама пазначалася, што Крымінальны кодэкс забараняе беларусам удзельнічаць у любых ваенных канфліктах за мяжой — за грошы ці бясплатна.

Атрымаўшы папярэджаньне ад Міністэрства інфармацыі, партал выдаліў згаданы матэрыял.

Партал TUT.BY таксама накіраваў афіцыйны запыт у Мінінфарм з просьбай патлумачыць, якія менавіта фразы ў матэрыяле супярэчаць дзейнаму заканадаўству і якія менавіта нарматыўныя акты парушаныя.

«Наяўнасьць сярод асобаў, якія ваююць ва Ўкраіне, беларускіх грамадзян (як і грамадзян іншых дзяржаў), якія прыехалі туды з уласнай ініцыятывы, не зьяўляецца таямніцай. Пра гэта неаднаразова публічна заяўлялі ў тым ліку прадстаўнікі беларускіх праваахоўных органаў. Шэраг грамадзян ужо прыцягнуты за падобныя дзеяньні на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь да адказнасьці. Удзел такіх асоб у баявых дзеяньнях не зьяўляецца часткай зьнешняй палітыкі нашай дзяржавы, такія дзеяньні зьяўляюцца крымінальным злачынствам, пра што мы таксама неаднаразова пісалі», — сказала гендырэктар ТАА «Тут Бай Мэдыя» Людміла Чэкіна.

У інтэрвію карэспандэнту Свабоды галоўны рэдактар парталу TUT.BY Марына Золатава сказала, што гэта адзінае папярэджаньне, вынесенае парталу.

«У тэксьце папярэджаньня няма дакладных зьвестак, на падставе якіх можна было б сказаць, якія менавіта выразы, словы ці заявы ў гэтым матэрыяле выклікалі факт гэтага папярэджаньня. Таму мы напісалі ў Міністэрства інфармацыі, што мы ў адпаведнасьці з заканадаўствам артыкул выдалілі. Але папрасілі, каб нам растлумачылі канкрэтна, што выклікала такую рэакцыю».

Марына Золатава сказала, што пакуль рэдакцыя не разглядае пытаньне пра абскарджваньне вынесенага папярэджаньня.

«Пакуль мы чакаем, што адкажа Міністэрства інфармацыі на наш ліст».

Паводле дзейнага заканадаўства пры вынясеньні двух і больш пісьмовых папярэджаньняў Міністэрства інфармацыі можа абмежаваць доступ да інтэрнэт-СМІ.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG