Лінкі ўнівэрсальнага доступу

500 тон малака, якія прапалі ў «Мілкавіце», будзе шукаць міліцыя


Адміністрацыйны будынак «Мілкавіты»

30 траўня ў Гомельскім адкрытым акцыянэрным таварыстве «Мілкавіта» распачаўся і празь дзьве гадзіны прыпыніўся беспрэцэдэнтны выязны судовы працэс. Гендырэктар Сяргей Бабарыка зьвярнуўся ў суд Савецкага раёну з пазовам на кампэнсацыю шкоды, нанесенай, як сказана ў пазове, «працаўнікамі прадпрыемства пры выкананьні працоўных абавязкаў».

Праз брыгадную адказнасьць — адказныя ўсе

Выязны суд
Выязны суд

Нястачу выявіла няплянавая інвэнтарызацыя. Спраўдзілі прыход-расход малака за тры месяцы — з 1 лістапада 2016 па 5 лютага 2017 году. Недалічыліся звыш 500 тон малака сыравіннага, абястлушчанага і сыроваткі — агулам на 141,5 тысячы рублёў, што адпавядае прыкладна 70 тысячам эўра. Выснова кіраўніцтва такая: матэрыяльна адказныя асобы недастаткова кантралявалі выпуск гатовай прадукцыі і перамяшчэньне сыравіны з пункту прыманьня ў цэх. І паколькі ў прадпрыемства заключана дамова на калектыўную (брыгадную) матэрыяльную адказнасьць, то кіраўніцтва «Мілкавіты» і запатрабавала вярнуць суму нястачы праз суд, бо добраахвотна сплачваць яе людзі не пажадалі.

Судовыя позвы атрымалі 205 працаўнікоў прадпрыемства — па сутнасьці, увесь калектыў цэху цэльнамалочнай прадукцыі № 1 разам зь яго начальнікам Аляксандрам Рыўкіным.

РЭП, абарані!

Леанід Судаленка з чальцамі прафсаюзу РЭП
Леанід Судаленка з чальцамі прафсаюзу РЭП

Чацьвёра працаўнікоў малочнай кампаніі адразу ўступілі ў Беларускі незалежны прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці, каб іх інтарэсы прадстаўляў у судзе рэгіянальны прававы інспэктар, юрыст Леанід Судаленка. Звыш ста васьмідзесяці вырабнікоў малочнай прадукцыі напісалі даверанасьці на прадстаўленьне сваіх інтарэсаў у судзе афіцыйнаму галіноваму прафсаюзу працаўнікоў АПК, яшчэ трое даверыліся юрысту аб’яднаньня прафсаюзаў Кацярыне Філіпцовай.

«Разумееце, — тлумачыць супрацоўнік „Мілкавіты“ Васіль Цалка, — я шараговы грузчык на прадпрыемстве. Да сыравіннага малака ня маю дачыненьня. Гружу гатовую прадукцыю і перавожу туды, куды загадвае майстар. Усё па дакумэнтах. Мне налічылі выплаціць 1100 рублёў, а зарабляю я за месяц толькі 450 рублёў. Я як атрымаў пазоў, адразу пайшоў шукаць падтрымкі ў незалежным прафсаюзе».

Цэхавы апэратар Віталь Паляйчук прэтэнзіі да шараговых працаўнікоў называе «рабункам», бо яны ні скрасьці, ні загнаць «налева», ні выпіць паўтысячы тон малака ня могуць. Гэта ж 50 цыстэрнаў на вялікагрузных малакавозах!

Малако на прыём
Малако на прыём

Чатыры вэрсіі ад апэратара

«У мяне асабіста ёсьць чатыры вэрсіі гэтай нястачы. На паверхню вылезьлі прыпіскі — гэта раз. Цыстэрны з сыравінным малаком маглі не даяжджаць да прадпрыемства, а дакумэнты на іх прыходзілі. Маглі быць ня ўлічаныя фуры з гатовай прадукцыяй, адпраўленыя „налева“. І, нарэшце, магла быць памылка ў дакумэнтацыі. Таму мы падалі заяву ў Сьледчы камітэт і рэгіянальны Камітэт дзяржкантролю, каб разабраліся, куды ўсё-ткі падзелася столькі малака», — кажа апэратар Паляйчук.

Адказчыкі — сёньняшнія і былыя працаўнікі малочнай кампаніі
Адказчыкі — сёньняшнія і былыя працаўнікі малочнай кампаніі

Малады начальнік цэху Аляксандар Рыўкін адмаўляецца даваць камэнтары журналістам. Кажа, што сьледзтва расставіць усе кропкі над «і».

Прысутная ў судзе старшы памочнік пракурора Гомля Ганна Жалезьнякова хадайнічала аб прыпыненьні разгляду справы, патлумачыўшы гэта тым, што пракуратура накіравала Савецкаму РАУС даручэньне праверыць «Мілкавіту» і выявіць прычыны нястачы — за тры месяцы прапала блізу 600 тон прадукцыі.

Аб прыпыненьні разгляду справы ад імя сваіх давераных працаўнікоў малочнай кампаніі хадайнічаў і прававы інспэктар прафсаюзу РЭП Леанід Судаленка. Ён сказаў суду, што ягоныя давернікі не пагадзіліся сплачваць прызначаныя «Мілкавітай» сумы шкоды і зьвярнуліся ў Гомельскае ўпраўленьне Сьледчага камітэту і рэгіянальны Камітэт дзяржкантролю, каб тыя знайшлі канкрэтных вінаватых у такой нястачы.

Пасьля заяўленых хадайніцтваў судзьдзя Анатоль Капусьцін, які разглядае «малочную справу», вынес пастанову прыпыніць разгляд пазову аб нястачы — пакуль кампэтэнтныя органы ня скончаць праверку АТТ «Мілкавіта».

На судзе сёньня з 205 адказчыкаў прысутнічалі 24 — начальнік цэху, майстры, апэратары, грузчыкі, прыбіральшчыцы.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG