Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праблемныя даўгі холдынгу «Мясамалпрам» аплоціць «вэртыкаль». А па сутнасьці — насельніцтва


Фота ©Shutterstock

Прэзыдэнцкім указам прадугледжаныя захады на «фінансавае аздараўленьне і павышэньне эфэктыўнасьці дзейнасьці» ўдзельнікаў холдынгу «Мясамалпрам» у Менскай вобласьці. Пра гэта паведамляецца на Нацыянальным прававым інтэрнэт партале pravo.by.

Як адзначаюць спэцыялісты, асноўны сэнс дакумэнту ў тым, што ўвесь цяжар запазычанасьцяў будзе перакладзены на абласныя ўлады. У сваю чаргу, праблемныя крэдыты дзяржаўных банкаў будуць закладзеныя ў бюджэт, у выніку даўгі мяса-малочных прадпрыемстваў спагоняць з кішэняў падаткаплатнікаў.

Згодна з указам, Менскі аблвыканкам да 1 студзеня 2017 году мусіць ажыцьцявіць эмісію каштоўных папераў на суму існуючай запазычанасьці па асноўным доўгу і нявыплачаных працэнтах па крэдытах удзельнікаў холдынгу перад дзяржаўнымі «Беларусбанкам» і «Белаграпрамбанкам».

Фактычна, як кажа эканамічны аглядальнік Зьміцер Заяц, падхопленая практыка рэструктурызацыі пазык, апрабаваная на іншых галінах гаспадараньня — цяжкай і лёгкай прамысловасьці, дрэваапрацоўкі, сельскай гаспадаркі і г.д.

Зьміцер Заяц
Зьміцер Заяц

«Практыка „ратаваньня“ дзяржпрадпрыемстваў атрымала ў Беларусі паўсюдны характар. Паколькі палітычнага рашэньня банкрутаваць стратныя заводы няма, іх намагаюцца трымаць на плаву шляхам розных формаў рэструктурызацыі даўгоў. Такая схема выкарыстоўвалася ў дачыненьні да прамысловых прадпрыемстваў, сельскагаспадарчых арганізацыяў, цяпер вось чарга дайшла да мяса-малочнай галіны. Можна чакаць, што ў 2017-м гэтая практыка будзе працягвацца, з тае простай прычыны, што сёлета з боку першай асобы было адназначна заяўлена: будзем удасканальваць тую эканамічную мадэль, якая ёсьць, і карэнным чынам нічога не ламаць. Таму спробы падтрымаць існуючую мадэль, у тым ліку шляхам „адміністрацыйнай дапамогі“, будуць працягвацца».

У пераліку юрыдычных асобаў холдынгу «Мясамалпрам», якія маюць запазычанасьці па асноўным доўгу і нявыплачаных працэнтах па крэдытах, шэраг прапрыемстваў Менскай вобласьці. Найперш уласна прадпрыемства «Менаблмясамалпрам» — кіроўная кампанія холдынгу «Мясамалпрам». Апроч таго, адкрытае акцыянэрнае таварыства «Здравушка-мілк» з Барысава, Менскі мясакамбінат, Маладэчанскі малочны камбінат, Слуцкі мясакамбінат, Слуцкі сыраробны камбінат. Усе паводле вынікаў году ў літаральным сэнсе ў даўгах як у шаўках. Запазычанасьці, у адпаведнасьці з прэзыдэнцкім указам, мусіць узяць на сябе абласная вэртыкаль, якая, не сумняваецца эканамічны аглядальнік Зьміцер Заяц, закладзе бягучыя выдаткі ў бюджэт.

«Якія гэта можа выклікаць наступствы? Сапраўды, усе схемы рэструктурызацыі даўгоў, якія сёньня выкарыстоўваюцца, у канчатковым выніку маюць на ўвазе, што дзяржава ў той ці іншай форме выступае гарантам у існуючых даўгах. Гэта значыць, альбо ўрад, альбо мясцовыя органы ўлады, але гэта ўжо нюансы. І ў будучыні, калі гэтыя прадпрыемствы ня здолеюць аднавіць сваю платаздольнасьць і самастойна пагашаць запазычанасьці, адпаведна, платнікам можа выступіць бюджэт — зноў жа, рэспубліканскі ці мясцовы».

Выглядае, што ў эканамічнай мадэлі, якую кіраўніцтва Беларусі намагаецца распаўсюдзіць на ўсе сфэры, ня толькі нічога не зьмяняецца, наадварот, адміністрацыйны ўплыў на гаспадарчыя працэсы выключна пашыраецца.

Пакуль няма палітычнага рашэньня, праводзіць нейкія глыбокія рэформы — у тым ліку што тычыцца рэструктурызацыі, банкруцтва, неплатаздольнасьці — немагчыма

«З аднаго боку, на ўзроўні дзяржавы прыйшло разуменьне вымушанай неабходнасьці нешта рабіць з назапашанымі даўгамі прадпрыемстваў. А з другога боку, пакуль няма палітычнага рашэньня, праводзіць нейкія глыбокія рэформы — у тым ліку што тычыцца рэструктурызацыі, банкруцтва, неплатаздольнасьці — немагчыма. Таму на сёньняшні дзень проста працягваецца практыка рэфінансаваньня запазычанасьцяў, якая маецца ў прадпрыемстваў».

Паводле эканамістаў, сёньня банкі проста перанасычаныя «дрэннымі» крэдытамі — пазычальнікі хранічна не разьлічваюцца па даўгах і працэнтах. Адпаведна, застаюцца два шляхі вырашэньня праблемы: або прызнаць няплатнікаў банкрутамі, або перакласьці іх праблемы на кагосьці іншага. У гэтым выпадку — на мясцовыя ўлады. Прынамсі на першым этапе, бо ўрэшце грошы зьбяруць з насельніцтва.

«Паколькі банкі ў шэрагу выпадкаў не гатовыя ісьці на рэфінансаваньне запазычанасьці, — тлумачыць Зьміцер Заяц, — дзяржаве неабходна выдаваць фінансавым установам гарантыі, у рознай форме, — каб тыя ўрэшце пагадзіліся. Зноў жа, гарантам такіх схемаў перад банкамі можа выступаць урад ці мясцовыя органы ўлады. Па сутнасьці, мы маем справу з практыкай, калі даўгі карпаратыўнага дзяржсэктару пачынаюць класьціся цяжарам на саму дзяржаву, проста ў розных выпадках гэта ўлады таго ці іншага ўзроўню».

Сярод асноўных патрабаваньняў да Беларусі і з боку Міжнароднага валютнага фонду, і крэдытных падразьдзяленьняў у межах постсавецкіх інтэграцыйных саюзаў застаюцца эканамічныя рэформы, перадусім прыватызацыя дзяржаўных прадпрыемстваў. Раз-пораз набыткам галоснасьці становяцца сьпісы ўласнасьці, якой улады гатовыя «ахвяраваць», аднак на справе выпадкі разьдзяржаўленьня дагэтуль адзінкавыя.

XS
SM
MD
LG