Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менскім кінатэатрам прыслалі пагрозы за фільм «Матыльда»


Прэм’ера «Матыльды» ў Маскве, ілюстрацыйнае фота

Прэм’ера расейскага фільму «Матыльда» пра раман будучага расейскага імпэратара Мікалая II і балерыны Матыльды Кшэсінскай стартуе ў менскім кінапракаце 18 кастрычніка. Напярэдадні шэраг кінатэатраў атрымаў лісты з пратэстамі супраць паказаў.

Сетка прыватных кінатэатраў Silverscreen атрымала, у прыватнасьці, ліст ад кагосьці, хто падпісаўся як «Аляксей Багалюбаў». Прамых пагрозаў ліст не зьмяшчае, але гаворыцца, што кожны, хто купіў квіток на фільм, «панясе справядлівае пакараньне». Silverscreen ад паказу не адмовіўся.

Як піша Tut.by, лісты «падобнага зьместу» атрымліваюць і дзяржаўныя кінатэатры. Але гэтыя лісты не ўплываюць на рашэньне паказаць фільм, адзінагалосна прынятае камісіяй пры Міністэрстве культуры. Ды ў Магілёве фільм пакажа толькі адзін кінатэатар, астатнія ад паказу адмовіліся.

Мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Павел казаў, што ў яго «склалася вельмі непрыемнае ўражаньне пра фільм», але дадаў:

«Ніякай агрэсіі з боку вернікаў не павінна быць. Проста не хадзіце на гэты фільм».

У Расеі супраць фільму аб прызнаным царквой сьвятым пакутнікам цары Мікалаі ІІ пратэставалі значна больш масава, шэраг арганізацыяў і дэпутатка Натальля Паклонская спрабавалі дамагчыся забароны фільму. Незарэгістраваная арганізацыя «Христианское государство» рассылала пагрозы аўтарам фільму і кінатэатрам, яе прыхільнікі падпальвалі машыны і кінатэатры ў Маскве, Санкт-Пецярбургу і Екацярынбургу.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG