Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У палітыку не зьбіраюся». 10 вострых пытаньняў да блогера Матолькі


Антон Матолька на сустрэчы ў Горадні

Вядомы беларускі блогер, ініцыятар грамадзянскай кампаніі «#МотолькоПомоги» Антон Матолька апавёў на сустрэчы у гарадзенскім Цэнтры гарадзкога жыцьця пра мэты свайго актывізму, задачы сацсетак і стаўленьне чыноўнікаў. Свабода зрабіла канспэкт ягонага выступу.

1. Пра асноўную задачу сацсетак

«Сацсеткі — гэта спроба весьці звычайнае жыцьцё і пры гэтым выкарыстоўваць гэтыя інструмэнты для вырашэньня праблем. Асноўная задача сацсетак — прыцягнуць увагу да праблемы, гіпэрбалізаваць яе, альбо зрабіць гэта праз гумар, малюнкі, здымкі, відэа, іншае. Ужо нейкі час сацсеткі пачалі маніторыць рознага кшталту „супрацоўнікі“, і часам здараецца, што нават нерэзанансны запіс у сацсетках прачытваюць патрэбныя людзі, фіксуюць і накіроўваюць на рэагаваньне».

2.Пра адказнасьць за паводзіны ў сеціве

«Кожны нармальны чалавек павінен адчуваць адказнасьць за тое, што піша. Праўда, вельмі хочацца не зьбівацца на афіцыёз, а заставацца звычайным чалавекам і пісаць тое, што думаеш. І вельмі важна заставацца ў сацсетках у межах хаця б Крымінальнага кодэксу».

3. Пра праект «#МотолькоПомоги»

«Назву праекту ўзялі як часовую і жартаўлівую, хоць задачы ставіліся сурʼёзныя. І ў выніку атрымалася, што людзі захацелі, каб Антон прыйшоў і за іх усё зрабіў. Не „Антон, падкажы, як нам гэта вырашыць“ — а вазьмі і сам усё зрабі за нас.

Усе хочуць бачыць нейкага лідэра, які прыйдзе і будзе за іх усё вырашаць. Хоць мая задума была такая, каб на сваім прыкладзе паказаць, як можна вырашаць рознага кшталту лякальныя праблемы, пры гэтым не займаючы ўвесь свой вольны час. Але, відаць, пакуль не атрымалася».

4. Чаму запіс у сацсетках сам па сабе ня вырашыць праблему

«Прадублюйце абавязкова свой зварот на сайт выканкаму або ва ўстановы, дзе павінны вырашаць вашу праблему. На гэта пойдзе ўсяго некалькі хвілін, але яны могуць цалкам вырашыць праблему, якая зацягнулася на гады. Праверана на сваім вопыце.

Калі нельга вырашыць праблему афіцыйна, варта рабіць тое, што прыцягне ўвагу да праблемы вялікай колькасьці людзей. А інтэрнэт дазваляе кожнаму прымаць удзел у вырашэньні праблемы: нехта лайкне, недзе зробіць рэпост, камэнтар, напіша іншы пост. І чым больш людзей уцягнутыя ў абмеркаваньне, тым больш шанцаў».

5. Пра досьвед кантактаў з чыноўнікамі

«Апошнім часам у нас вельмі заўважна зьмяняецца ўзрост чыноўніка, і мне здаецца, што большасьць зь іх хочуць многае зьмяніць у той сыстэме, дзе працуюць.

А тыя, хто глядзіць на людзей з задранай барадой — іх адразу відаць, і размаўляць зь імі часьцей няма пра што. Цяпер многія лякальныя праблемы ўпіраюцца ў адсутнасьць грошай. І калі праблему можна вырашыць, то адэкватны чыноўнік дапаможа. У выпадку адсутнасьці сродкаў адэкватны чыноўнік падкажа, а ў невырашальных пытаньнях найбольш дзейснымі будуць калектыўныя звароты.

Але трэба памятаць, што для большасьці чыноўнікаў асноўны прынцып — не высоўвацца. А па-другое, галоўнае — дацягнуць да пэнсіі».

6. «Чаму мяне дагэтуль не „закрылі“»?

«Бо ў таго ж КДБшніка і МВДшніка ёсьць таксама жонка і дзеці, якія ходзяць па вуліцах, дыхаюць тым самым паветрам, карыстаюцца тым самым транспартам. А я спрабую выправіць тыя лякальныя праблемы, якія замінаюць і ім. Вядома, калі будзе загад, то „закрыюць“ без усякіх. Але з чалавечага пункту гледжаньня я працую і на іх».

7. Пра галоўны прынцып

«Самае галоўнае — не хлусіць. Бо як толькі пачынаюць лавіць на тым, што ты пішаш няпраўду, падманваеш, то адразу ўзьнікае поўны недавер да цябе. Калі гіпэрбалізуеш, то так, каб людзі разумелі, дзеля чаго гэта робіш».

8. Пра нэгатыў і пагрозы

«Чым болей ты высоўваесься, тым болей атрымліваеш у свой бок. Некаторыя пішуць, трындзяць, але імкнесься не зьвяртаць увагі. Вядома, гэта непрыемна, але стараюся рэагаваць спакойна. Больш за ўсё чакаў сустрэчы за 10 дзён да і пасьля 25 сакавіка ад супрацоўнікаў нашых органаў, бо тады бралі ўсіх без разбору. Даводзілася падыходзіць да падʼезду з гатовым твітам: „затрымліваюць каля дома“».

9. Ці не хацеў бы Матолька стаць чыноўнікам або дэпутатам?

«Я ўжо казаў, што сярод чыноўнікаў большасьць нармальных людзей. Але ўсе яны працуюць у межах сыстэмы, якая іх абмяжоўвае заканадаўча. А па-за сыстэмай я магу зрабіць нашмат болей. Я бачу, наколькі гэтая сыстэма недасканалая. Магчыма, я і пайшоў бы ў дэпутаты ці чыноўнікі, але толькі ня ў гэтую каманду. І ў палітыку я не зьбіраюся, бо разумею, што там мне давядзецца гуляць не па сваіх правілах. А цяпер я магу рабіць болей, і ў мяне няма гэтых зьвязаных рук».

10. Пра салідарнасьць беларусаў

«Беларусы салідарныя, толькі калі ўзьнікаюць эмоцыі. У астатніх выпадках усім на ўсё... Часам паказваю і расказваю, як і што варта зрабіць, прывожу ўдалыя прыклады, а ў адказ — цішыня. Я часам гатовы спакойна паверыць у 83% пры галасаваньні. Настолькі ўсе звыкліся з тым, што адбываецца. Але пры гэтым мяне вельмі цешаць тыя 1–2%, прабачце, з шылам у адным месцы, якія пачынаюць нешта рабіць — гэтым людзям я дзіўлюся. Нехта патроху, нехта нахрапам, але бяруць і робяць.

Насамрэч так заўсёды і было: мянялі адзінкі, а ўсе астатнія ішлі за імі. Нэгатыў будзе заўсёды, зь людзьмі трэба размаўляць, і рабіце што падабаецца, на самой справе».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG