Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Севярынец: «Новае пакаленьне „Маладога Фронту“ будзе пакаленьнем відэаблогераў»


Павал Севярынец

У 20-ю гадавіну стварэньня «Маладога Фронту» — несьвяточнае «Інтэрвію тыдня» з адным з заснавальнікаў «МФ» Паўлам Севярынцам. Ён адказвае на пытаньне, ці ня зьменшыла хрысьціянская ідэя колькасьць актывістаў арганізацыі; прадказвае, калі ў Беларусь вернецца масавая палітычная актыўнасьць, і заяўляе, што Беларусь акунаецца ў пэрыяд нестабільнасьці.

— Чаму ў 1997 годзе ўтварыўся гэты фэномен «Маладога Фронту»? На той момант галоўныя палітычныя бітвы ўжо прайшлі ў 95-м і 96-м гадах, Аляксандар Лукашэнка ўжо утварыў сваю аўтарытарную ўладу, разагнаўшы Вярхоўны Савет і прыняўшы новую Канстытуцыю. Здавалася, ужо няма за што змагацца, але тут паўстае такі шырокі і масавы моладзевы рух. Чым бы вы гэта патлумачылі?

— Найперш гэта глыбінная гістарычная і геапалітычная тэктоніка. Бо развал імпэрыі, паўстаньне незалежнай дзяржавы і тут жа ўсталяваньне ў ёй дыктатуры — гэта рэчы, якія выклікаюць вялікую ўдарную хвалю ў грамадзтве. На грэбні гэтай хвалі — моладзь. «Малады Фронт» — гэта быў выбух знутры той моладзі, якія раптам адчула сябе гаспадарамі ўласнай краіны, у якой гэтую краіну вось-вось забіраюць. Гэта было пакаленьне, якое ўступіла ў вайну за сваю ўласную будучыню.

Адсюль і шматтысячныя акцыі. Масавы рух, дзясяткі людзей у кожным сярэднім горадзе Беларусі. Гэта была зьява, адпаведная свайму часу. Зараз такіх абставінаў, якія б сумясьціліся і далі б адпаведны эфэкт, няма — на жаль ці на радасьць.

улічная акцыя «Маладога Фронту». Фота з архіву Аляксея Янукевіча
улічная акцыя «Маладога Фронту». Фота з архіву Аляксея Янукевіча

— А чаму цяпер «няма таго, што раньш было»? Людзі перасталі браць удзел у палітыцы, паколькі ня бачаць у гэтым вялікага сэнсу? Бо многія, нават самыя знакавыя фігуры «Маладога Фронту» цяпер не прымаюць удзел у актыўнай палітыцы.

— Усё, што вы гаворыце, праўда. Якраз таму, што той час прайшоў; таму, што 20 гадоў працаваў рэжым, які дабіў любую актыўнасьць жалезнымі зубамі, таму няма палітыкі, дзе можа рэалізоўвацца моладзь. Усё гэта прывяло да таго, што супраціў сышоў з масавых рухаў на гераізм адзіночак. Але з другога боку, тым ярчэй зьзяюць тыя героі, якія выходзяць — напрыклад, Зьміцер Дашкевіч і ягоныя паплечнікі.

— Але звужэньне палітычнага поля адбылося ня толькі з аб’ектыўных гістарычных прычынаў. Былі і асабістыя памылкі лідэраў, няправільна выбраная стратэгія. Ці бачыце вы нейкія істотныя хібы ў дзейнасьці лідараў Маладога Фронту розных гадоў?

— Хібы ёсьць, безумоўна. Усе людзі памыляюцца і схільныя да граху, так кажа Біблія. Час ад часу мы выбіралі няслушную тактыку, часам мы распыляліся. Бо «МФ» спрабаваў быць і асьветніцкім рухам, і патрыятычна-спартовым, і палітычным. Словам, распыляліся і часам на гэтым гублялі.

Але паглядзіце — «МФ» не раскалоўся, як гэта адбылося з большасьцю палітычных партыяў Беларусі. 20 гадоў пад ударамі рэжыму — гэта трэба ўмець выстаяць. Асабліва ў Беларусі, дзе салідарнасьць паміж людзьмі — даволі вялікая рэдкасьць. Таму можна сказаць, што гэта Божы цуд, сапраўды фэномэн, які, я думаю, сабе яшчэ пакажа.

7 верасьня 2009 году. «Малады фронт» адзначае сваё 12-годзьдзе. На фота — Павал Севярынец
7 верасьня 2009 году. «Малады фронт» адзначае сваё 12-годзьдзе. На фота — Павал Севярынец

— Вы ўжо самі згадалі пра Бога, і на гэтую тэму якраз маё наступнае пытаньне. У свой час у «Малады Фронт» прыйшлі людзі з самымі рознымі падыходамі да жыцьця. З рознымі каштоўнасьцямі, у тым ліку з розным стаўленьнем да рэлігіі. Але «МФ» даволі хутка прыняў выразную хрысьціянскую накіраванасьць. Можа, гэта і паслужыла звужэньнем сацыяльнай базы?

— Тут ёсьць частка рацыі, бо сапраўды, мы частку людзей страцілі. У нас тады былі «і смалены і палены» — анархісты, сацыял-манархісты і вогнепаклоннікі. Але гэта прыводзіла да ўнутраных канфліктаў. І калі мы ўзялі за аснову хрысьціянскія каштоўнасьці, гэта, з аднаго боку, адсеяла частку людзей, але з другога — дадало нам глыбіні. Бо да нас пацяклі людзі з праваслаўных паломніцтваў, каталіцкіх пілігрымак, пратэстанцкіх «маладзёжак».

І гэта былі якасна іншыя людзі: яны маглі выстаяць у навале, якая абрынулася на «МФ» у сярэдзіне нулявых. Напрыклад, калі ў 2007 годзе былі распачатыя 42 крымінальныя справы супраць маладафронтаўцаў, па ўсё краіне ішлі ператрусы, допыты, то мы выстаялі менавіта таму, што былі вернікі, яны маліліся, і былі гатовыя аддаць жыцьцё.

Маладафронтаўцы ў пачатку 2000-х гадоў. Фота з архіву Аляксея Янукевіча
Маладафронтаўцы ў пачатку 2000-х гадоў. Фота з архіву Аляксея Янукевіча

— Ці лічыце вы, што тая хваля палітычнай актыўнасьці, якая была ў 90-я, можа зноў накрыць Беларусь — не празь дзесяцігодзьдзі, але пры нашым палітычным жыцьці?

— Перакананы ў гэтым. Вясна гэтага году дала прыблізныя ўяўленьні пра патэнцыял палітычнага пратэсту. Стадыёны, якія сьпяваюць «Купалінку», тысячы людзей у вышыванках, тысячы людзей на канцэртах «Брута», Вольскага ці «Дзецюкоў» — мне здаецца, ясна паказваюць, што дастаткова толькі моманту ці нейкага разлому. Глядзіце: ужо зараз пакаленьне «Маладога Фронту» шмат дзе робіць надвор’е — журналісты, прадпрымальнікі, грамадзкія дзеячы, праваабаронцы. Там вельмі багата маладафронтаўцаў, якія гэты код нясуць у сябе, і ў выпадку чаго могуць імгненна перадаць свой досьвед маладзейшым.

— Вы кажаце пра сваё пакаленьне — тых, каму зараз каля сарака. Але што можа прывабіць сёньня ў палітыку тых, каму сёньня 17?

— Мне здаецца, што новае пакаленьне «Маладога Фронту» — гэта будзе пакаленьне відэаблогераў. Напрыклад, калі зараз Зьміцер Дашкевіч, Наста Дашкевіч, Яўген Васьковіч альбо Арцём Леўчанка пачнуць выступаць у тым рэчышчы, у якім выступаюць Пальчыс ці Матолька, мы атрымаем масавы «Малады Фронт». Напрыклад, адказам на вучэньні «Захад-2017» можа стаць кампутарная гульня «Ўсход-2017», каб падлеткі і моладзь вучыліся з малых гадоў абараняць незалежнасьць, хай сабе на даступным ім узроўні. Форма тут будзе падабраная, а сутнасьць — яна ёсьць: зерне, пасеянае пакаленьнем «Маладога Фронту», чакае свайго часу.

Павал Севярынец на кангрэсе «Маладога Фронту», 2015 год
Павал Севярынец на кангрэсе «Маладога Фронту», 2015 год

— 6 верасьня, на 20-годзьдзе «МФ», вы заклікаеце зрабіць на сустрэчы мазгавы штурм на тэму, што рабіць і як далей разьвівацца. Які ваш адказ на гэтае пытаньне?

— Сапраўды, 6 верасьня а 18 гадзіне мы вырашылі правесьці такі мазгавы штурм, але ня ў стылі «настальжы». І мой адказ такі — трэба ставіць сабе за мэту масавасьць і паўсюднасьць. Трэба кшталтаваць сваю ідэалёгію як хрысьціянскую і патрыятычную. «Маладому Фронту» трэба зьвяртаць сваю ўвагу на такія рухі, як скаўцкі, які можа стаць падмуркам для новага пакаленьня незалежнасьці. На такія формы, як блогінг, відэагульні альбо сацыяльныя сеткі.

«Маладому Фронту» трэба ставіць за мэту, каб у кожнай мясцовасьці быў хаця б адзін маладафронтавец. Ён стане там палітычным каталізатарам. Мы зараз акунаемся ў пэрыяд нестабільнасьці, моладзь робіцца ўсё больш рухавай і палітычна актыўнай, і менавіта «Малады Фронт» можа прапанаваць моладзі адказы на пытаньні, якія яна задае.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG